Прэзідэнт Польшчы з візітам на Святой Гары Грабарцы і ў беларускай гміне Чыжы

З ўдзелам прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага праходзяць сёння галоўныя ўрачыстасці свята Праабражэння Гасподняга на Святой Гары Грабарцы на Падляшшы.
10.00Тысячы людзей прысутнічаюць на Святой Гары Грабарцы на ўрачыстасці ў гонар свята Праабражэння Гасподняга. Гара Грабарка гэта святое месца для ўсіх праваслаўных у Польшчы. Ужо ад учорашняга дня сюды прыходзяць пілігрымы з ўсёй Польшчы, прыбылі пілігрымы між іншым з Саколкі, Беластока, Гайнаўкі. Таксама прыйшлі пілігрымы з Белавежы, якія частку дарогі ішлі праз Беларусь. Прыехалі вернікі з Украіны і нават Кеніі. У гэтыя хвіліны пачынаецца святочная Літургія, якую праводзіць мітрапаліт Польшчы Сава. Пасля да праваслаўных вернікаў у Польшчы звернецца прэзідэнт Браніслаў Камароўскі. Пасля галоўнай Літургіі адбудзецца асвячэнне яблыкаў і іншай садавіны. Пасля Грабаркі прэзідэнт Польшчы наведае беларускую гміну Чыжы.Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя.* * *Усю ноч на святой гары вернікі, паломнікі і ерархі Праваслаўнай царквы маліліся за душы памерлых, пасля прайшлі тры ранішнія Літургіі. Галоўная святочная Літургія пачнецца ў 10 гадзін, пасля яе пройдзе ўрачыстае асвячэнне фруктаў. Болей пра свята, якое на Падляшшы называюць проста Спасам, Кастусь Бандарук:- Падставай для ўстанаўлення свята стала евангельская падзея, калі на іншай гары Фавор, незадоўга да сваіх пакутаў і смерці, Хрыстос паказаў сваё Боскае аблічча. Зрабіў гэта дзеля таго, каб падбадзёрыць і ўмацаваць у веры сваіх вучняў. Праабражэнне шматзначнае, яно азначае, што і чалавек здольны ператварыцца, змяніцца да лепшага. У гэта вераць тысячы праваслаўных вернікаў, якія штогод у якасці пілігрымаў прыходзяць на Грабарку. Многія з іх, традыцыйна, прыносяць і ўсталёўваюць на гары свае крыжы – ў знак падзякі альбо просьбы аб нечым. На Грабарцы, акрамя ўсталёўвання крыжоў і ўрачыстых багаслужбаў, асабліва зварушлівы звычай, калі пілігрымы, стомленыя дарогай, на каленях тройчы абыходзяць галоўны храм. Сёлета свята шматлюднае, як і штогод. На яго прыбылі нават праваслаўныя з Кеніі.Прысутнасць прэзідэнта Браніслава Камароўскага сёння на Грабарцы, а пазней ў Чыжах, невыпадковая - кажа грамадскі дарадчык прэзідэнта Камароўскага, віцэпрэзідэнт Беластока Аляксандр Сасна, які зараз і знаходзіцца на Святой Гары:- Прэзідэнт абяцаў, што як зможа, то прыедзе на Грабарку, так як раней польскія каралі ішлі з пілігрымкай у Чэнстахову, то ён прыедзе ў праваслаўную Чэнстахову, на Святую Гару Грабарку. Не ў палітычнай справе, а духовай, памаліцца разам з намі за дабрабыт, бяспеку, развіццё, поспехі, за краіну, за людзей. А ў Чыжы едзе, бо абяцаў, што як знойдзе час, то паедзе падзякаваць за тое, што ў Чыжах амаль цалкам усе жыхары прагаласавалі за яго. І датрымае слова. Людзі чакаюць так як заўсёды з малітвамі. Учора было шмат людзей, сёння раніцай менш, але людзі збіраюцца і чакаюць Літургіі, якая будзе а 10 гадзіне. Прэзідэнт прывязе падарунак для манастыра. Ад мітрапаліта таксама атрымае падарунак, з нагоды таго, што першы раз прыязжае на Грабарку.Пасля галоўных урачыстасцяў на Святой Гары Грабарцы, найбольшай праваслаўнай святыні на Падляшшы, прэзідэнт Польшчы наведае гміну Чыжы. Гэта тая гміна, жыхары якой поўнасцю падтрымалі Браніслава Камароўскага ў апошняй прэзідэнцкай гонцы. Варта адзначыць, што падчас мінулага перапісу насельніцтва ў гміне Чыжы найболей жыхароў назвалі сябе беларусамі.Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение