Беларусь згортвае здабычу нафты ў Іране

Беларуская дзяржаўная кампанія «Беларуснафта» спыняе здабычу нафты ў Іране. Прычына -- абвастрыліся рознагалоссі з Нацыянальнай нафтавай кампаніяй Ірана. Па паведамленнях шэрагу іранскіх СМІ, нафтаздабычу «Беларуснафта» фактычна спыніла яшчэ пры канцы чэрвеня. Аднак афіцыйна кантракт яшчэ не скасаваны.Беларусь яшчэ ў верасні 2007 года падпісала з урадам Ірана кантракт на распрацоўку радовішча Джафэйр. Праца непасрэдна па здабычы нафты пачалася ў 2009-м.Аднак цяпер дырэктар іранскай дзяржаўнай кампаніі Petroleum Engineering and Development Co. Наджы Садуні кажа, што «Беларуснафта» не выконвала ўмоваў кантракту. Яна павінна была здабываць больш за 3,5 тысячы барэляў нафты ў суткі, а на практыцы ні разу не ўдалося перавысіць паказчык 2,8 тыс. барэляў.Магчыма, справа ў тэхналагічнай адсталасці беларусаў.Акрамя Ірана, кампанія «Беларуснафта» таксама асвойвае здабычу нафты ў Венесуэле.І іранскі, і венесуэльскі кантракт мелі пад сабой палітычныя матывацыі.Каментароў беларускага боку пакуль не было.

"Наша Ніва"