“Пад знакам Скарпіёна” – новая кніга паэзіі Міры Лукшы

"Пад знакам Скарпіёна” – пад такой назвай пабачыла свет новая кніга паэзіі беларускай аўтаркі з Беласточчыны Міры Лукшы. Кніга сабрала вершы, напісаныя ў розныя гады, частка якіх прысвечана родным мясцінам на Падляшшы. Але, як заўважае сама аўтарка, усе вершы – гэта перажытае ёй самой.

"Пад знакам Скарпіёна” – пад такой назвай пабачыла свет новая кніга паэзіі беларускай аўтаркі з Беласточчыны Міры Лукшы. Кніга сабрала вершы, напісаныя ў розныя гады, частка якіх прысвечана родным мясцінам на Падляшшы. Але, як заўважае сама аўтарка, усе вершы – гэта перажытае ёй самой.

РР: Знак Скарпіёна сапраўды паўплываў нейкім чынам на стварэнне гэтай кнігі і ці ён адлюстраваны ў самой паэзіі?

Перш за ўсё гэта мой знак. Я нарадзілася пад знакам Скарпіёна. У Беларусі лічыцца, што знак Скарпіёна – гэта знак літаратараў. Вельмі шмат беларускіх аўтараў нарадзілася пад гэтым знакам. Даў такі загаловак кнізе рэдактар гэтага выдання, прафесар Ян Чыквін, які з’яўляецца рэдактарам бібліятэкі “Белавежа”. Гэта ўжо 81-ая кніга ў серыі Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Ці адчуваецца гэтая “скарпіянаватасць” нейкая ў гэтых вершах? Мабыць так. Знак Скарпіёна асацыюецца з нечым такім таямнічым, можа крыху такім незвычайным, прыхаваным і ў душы, якое цяжка разгадаць.

РР: Кніга падзелена на дзве часткі, розныя не толькі па сваёй назве, але і па форме тых вершаў, якія там змешчаны...

Першая частка “На руінах свету” – гэта вершы, якія датычаць вельмі асабістых перажыванняў, таксама пачуцця Айчыны, гісторыі. Другая частка “Атлантыда” – гэта нешматслоўны кавалачак, гэта вельмі кароткія вершы, бывае, што ў некалькіх словах, у двух-трох радках. Можа гэта добра, можа і не. Некаторыя асобы, якія ўжо чыталі, кажуць, што гэта маглі быць асобныя кніжкі. Але думаю, што рэдактар зрабіў гэта вельмі добра і трапна. Гэтыя вершы адляжаліся крыху, таму што яны з шаснаццаці нават гадоў, ёсць і новыя вершы, ёсць старэйшыя, якія ўжо адляжалі сваё, можа нават набралі моцы.

РР: Так бы мовіць, “дастаныя з шуфляды”...

Так, так. І вершы розныя па форме, таму што тут ёсць і класічныя вершы, і ёсць хайку нават некалькі. Аўтар, вядома, адносіцца да кожнага са сваіх вершаў як да свайго дзіцяткі, а чытач можа паглядзець і сказаць, ці трапна падабраны вершы да зборніка, ці сапраўды яны з-пад знаку Скарпіёна, а можа нешта іншае павінна быць у загалоўку.

РР: Гэта ўжо дзясятая вашая па ліку кніга, палова з якіх – паэтычныя. Чым зборнік “Пад знакам Скарпіёна” адрозніваецца ад папярэдніх вашых паэтычных выданняў?

У пэўным сэнсе гэта зборнік ужо з майго жыцця, таго 50-цігадовага, творчага жыцця, якому ўжо больш за 30 гадоў. Тут сабрана можа не выбранае, але самае спелае з усяго таго, што мне пісалася, што я занатоўвала.

РР: Кніга аформлена карцінай Міколы Бушчыка. Вы самі выбіралі вокладку, наколькі яна вам пасуе па зместу і па асабістаму адчуванню?

- Выбіраў яе рэдактар, але я раней размаўляла з Міколам Бушчыкам, і ён дазволіў пакарыстацца яго творамі. Я думаю, гэтая карціна вельмі трапная, тут ёсць і пра жанчыну,  і пра наш родны краявід, і гэта якраз тое, што патрэбна. Вельмі трапна, быццам бы ён чытаў кнігу, малюючы гэтую карціну.

***

Кніга паэзіі Міры Лукшы “Пад знакам Скарпіёна” выйшла ў бібліятэцы Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” за кошт сродкаў Культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Польшчы. У хуткім часе зборнік можна будзе таксама знайсці ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат.

Гутарыла Яна Запольская, “Радыё Рацыя”