Тры цуды Івонкі Сурвілы

Аднойчы зь сябрамі мы сядзелі ў парыскім бары і спрачаліся пра цуды сьвету – колькі і якія, і паклікалі на дапамогу афіцыянта. Арыстакратычны месье старой школы лёгка вырашыў спрэчку. Ужо на выхадзе ён дагнаў нас і сказаў: ёсьць яшчэ восьмы цуд сьвету – жанчыны.

Аднойчы зь сябрамі мы сядзелі ў парыскім бары і спрачаліся пра цуды сьвету – колькі і якія, і паклікалі на дапамогу афіцыянта. Арыстакратычны месье старой школы лёгка вырашыў спрэчку. Ужо на выхадзе ён дагнаў нас і сказаў: ёсьць яшчэ восьмы цуд сьвету – жанчыны.

Івонка Сурвіла, Мадрыд, 1961 г

Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – безумоўна, цуд. Паглядзіце на яе фота ў кавярні Парыжу, прачытайце пра гады ў Мадрыдзе, прайдзіце зь ёй вуліцамі Капэнгагена, ацаніце дзейнасьць у Атаве, а пачніце падарожжа з Баранавіч, адкуль пачала свае ўспаміны яна сама. Прыйшлі з НКВД арыштоўваць тату, хацелі ў трохгадовай малой сарваць з шыі залаты крыжык, яна не давала.

Тое, што яна перажыла, выжыла, зрабіла і робіць для Беларусі, захоўваючы непадражальную аптымістычную ўсьмешку – канечне, цуд. Успаміны прагучалі ў эфіры, а кніга «Дарога» хоць і вядзе праз розныя краіны і кантынэнты, заўсёды застаецца ў Беларусі. І гэта яшчэ адзін цуд. Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода

Доўгая дарога на волю

Арышт таты. — Выезд з Баранавічаў. — Усходняя Прусія. — Савецкія самалёты бамбуюць. — Выратавальны карабель Арышт таты Мне было восем гадоў, калі бацькі, перад другім надыходам бальшавікоў, вырашылі, што ня здолеюць перанесьці новага зьняволеньня, і выбраліся з малымі дзецьмі ў няведамы сьвет. Нарадзілася я ў Стоўпцах. Першыя гады жыцьця прайшлі ў Засульлі, потым бацькі пераехалі ў Баранавічы. Першае дасьведчаньне савецкай акупацыі між 1939 і 1941 годам было для іх страшным і незразумелым. Бацьку (ён тады працаваў галоўным інжынэрам на электрастанцыі ў Баранавічах) арыштавалі і засудзілі на пяць гадоў ссылкі ў Сібір. Памятаю, як прыйшлі яго арыштоўваць. Хацелі ў мяне з шыі сарваць залаты крыжык, і я крычала, каб яго ня даць. Мне было толькі тры гады, але памятаю маміны сьлёзы. Выезд з Баранавічаў Празь дзевяць месяцаў, калі пачалася вайна, тата нечакана вярнуўся. Вязьні турмы пачулі крыкі на вуліцы, што бальшавікі ўцяклі, і лаваю выбілі дзьверы. Пазьней даведаліся, што праз гадзіну прыехалі іх расстрэльваць. Другі раз патрапіць у зьняволеньне бацька не зьбіраўся. У 1944 годзе сям'я выехала таварным цягніком з Баранавічаў у Кёнігсбэрг. Бацьку і мамебылотады патрыццацьтры гады, браціку Лёніку — сем годзікаў, а сястрычцы Прадславе — дзевяць месяцаў. Ехалі двое сутак — да Беластоку з сотнямі іншых жыхароў гораду ў таварным цягніку, а далей, прадаўшы ровар, які былі захапілі з сабой, — у пасажырскім. Усходняя Прусія Праз Усходнюю Прусію прыйшлося перабірацца дзесяць месяцаў. Жахлівы гэта быў час. Не зьбіралася яго апісваць у гэтых успамінах. Былі гэта апошнія дзесяць месяцаў вайны, а пра вайну беларусы наслухаліся болей як трэба на працягу апошняга паўвеку. Але перажыла я гэты час у дзяцінстве, а сьветапогляд чалавека ў вялікай ступені фармуецца якраз у першыя гады жыцьця. І таму ўспаміны мае былі б, магчыма, незразумелымі бяз гэтай часткі майго жыцьця, між ліпенем 1944 году і траўнем 1945-га. Апынуўшыся ва Ўсходняй Прусіі, васьмігадоваму дзіцяці цяжка было ўявіць, што дадому ня вернемся. Магчыма, і бацькі не ўяўлялі сабе, якім доўгім будзе выгнаньне. Шмат пазьней, калі ім прыйшлося выбіраць краіну, дзе асяліцца настала, дык выбралі Францыю, бо адтуль, як тады казаў тата, «і пяшком можна будзе вярнуцца дадому». Дасюль шкадую, што тата не дачакаўся кароткага пэрыяду Адраджэньня на пачатку дзевяностых гадоў, калі брат і я зноў пабачылі Беларусь. Савецкія самалёты бамбуюць Пасьля шасьцімесячнага побыту ва Ўсходняй Прусіі ў сярэдзіне зімы мы зноў пачулі гарматы фронту. Увесь пасёлак Даніельс, дзе тата працаваў, сьпешна выбраўся ў дарогу. Была гэта халодная зімовая ноч. Маме і дзецям знайшлося месца на возе разам зь іншымі жанчынамі, ататаішоў за возам пехатою. З сабою мелі адну малую валізачку з дрэва, куды бацькі ўкінулі крыху сала з парсючка, якога самі былі выгадавалі на зіму. Так мы «даехалі» да пустой хаткі над Балтыйскім морам, дваццаць пяць кілямэтраў на поўнач ад Піляў, дзе і затрымаліся. Наш побыт там падаўся мне доўгім і непрыемным. Жыло нас зь дзясятак у адным пакойчыку, разам зь вельмі няветлівымі немцамі. Мора было шумнае і страшнае. Заўсёды дзьмуў вецер. Часта былі чуткі пра караблі ўцекачоў, якія траплялі на міны ды танулі. Аднаго разу сказалі тату ісьці на пляж закопваць трупы людзей, якіх мора прынесла на бераг. Некалькі дзён хадзілі людзі іх закопваць. Расказваў тата, што былі гэта маладыя жанчыны, сотні маладых жанчын. Неўзабаве савецкія самалёты пачалі бамбаваць вёску. Гэтым разам месца на возе нам не было. Вырашылі бегчы ўздоўж пляжу ў бок Піляў. Беглі цэлы дзень. Савецкія самалёты шмат разоў прыляталі — стралялі ў нас. Кідаліся мы на пясок. Мама пад сабой хавала сястрычку, тата стараўся пад сябе схаваць мяне і Лёніка. Кулі падалі папросту між нашымі пальцамі. Дзякаваць Богу, ніводная ня трапіла. За намі пачаў гарэць пляж. Тата сказаў, што, напэўна, гараць людзі ў акопах. Позна вечарам мы дабеглі да нейкай рачулкі. Трэба было скіроўвацца ў лес, які стаяў уздоўж пляжу. За намі ўсё гарэла. Але мы, дзеці, далей папросту не маглі стаяць на нагах. Мама зайшла з Прадслаўкай у нейкую хату, поўную салдатаў, каб папрасіць дазволу пераначаваць на вэрандзе. Дазвол атрымала, але калі выйшла па нас, мы стоячы ўжо спалі, а Лёніка нідзе не было відаць. Пачалі клікаць. Мама — у плач. А кругом нас ноч, нічагусенькі не відаць, толькі за намі пажар. Тут сталася нешта незразумелае. Раптам убачылі чалавека, здаецца, ва ўніформе, які нам сказаў на нейкай славянскай мове, што дзіцё бачыў на дарозе. Тата пабег у той бок, і хутка ўбачыў Лёніка, які спаў стоячы, абняўшы дрэва. Назаўтра дайшлі да Піляў. У порце нейкая баржа перавозіла людзей на другі бок вады, на паўвыспу ўздоўж мора, між Піляў і Данцыгам. Але было столькі людзей, што ня мелі ніякай надзеі туды трапіць. Удалося гэта толькі на другі дзень. Выратавальны карабель Ізноў два тыдні ішлі на Захад, разам з сотнямі тысяч людзей. Так мы дайшлі да Віслы. Тут, не атрымаўшы пропуску на баржу (пропускаў чужынцам не давалі), зразумелі, што скончылася нашае выпрабаваньне. Мы паваліліся на мокрай зямлі й заснулі. Нават не было ўжо волі і жыць. Тым часам у даўжэзнай чарзе людзі чакалі, пакуль іх уратуюць. Ледзь пачало віднець, падышоў да нас нейкі жаўнер і спытаўся, колькі нас. Тата адказаў, што пяцёра, і зноў заснуў. Празь дзясятак хвілін жаўнер вярнуўся і загадаў: «Хадзеце!» Узяў тату за руку, сказаў накрыць чымсьці галаву, каб не было відаць, што мужчына, і павёў нас на самы пачатак чаргі, на баржу. Заплылі мы шчасьліва на паўвыспу Гэль, насупраць Гдыні. Там ужо былі толькі руіны. Кожны дзень бачылі, як савецкія самалёты бамбавалі ў cонечныя дні караблі ў порце. Не было сэнсу варушыцца. Нарэшце дачакаліся пахмурнага дня. Вырашылі ісьці ў порт. Там ужо былi тысячы людзей, якія чакалі магчымасьці зьехаць. Маме паказалі дарогу да карабля, які зьбіраў жанчын зь дзецьмі. Мама не пайшла бяз таты. Раптоўна прыйшло ёй у галаву ўлезьці з Прадслаўкай на кладку, якая вяла да лодак. За ёю палезьлі і мы зь Лёнікам, а за намі тата, у кажушку і з той маленькай валізачкай на плечуку, нібы парабак нямецкай дамы. Тут трэба сказаць, што мамуможнабылопрыняцьзадаму. Тоненькая, у чорным плюшавым паліто і капялюшыку, хаця і ў дзюравых ботах, ішла ўзьняўшы галаву, як бы ёй і належала павага жаўнераў. Зьбянтэжаныя, вартаўнікі аддавалі чэсьцьжанчыне. I так мы дайшлі — апошнія — на апошнюю лодку, якая адвозіла людзей на вялікі карабель, поўны параненых салдатаў. Там знайшлі месца ў калідоры. Стараліся, каб ніхто нас ня бачыў і ня чуў. Дзесь а поўначы мэдсёстры між сабою казалі, што выбух, які нядаўна чулі, гэта быў той карабель зь дзецьмі і жанчынамі, на які высылалі маму. Хоць плыў ён за нашым, трапіў на міну і ўзарваўся. Загінулi тры тысячы жанчын і дзяцей.

Данія — наш першы прытулак

Нас хочуць выслаць з Даніі. — Лекары адмаўляюцца лячыць дзяцей. — Сьмерць Прадславы. — Добрая мэдсястра Тантэ Гэдвіг. — Чаму крычаў Лёнік. — Я адвучылася гуляць у лялькі. — «Лявоніха» перад чужынцамі. — Сям'я Расмусэн. — Год у Капэнгагене. — Тата перакладае Андэрсэна. — Шчасьце вяртаньня Нас хочуць выслаць з Даніі Першай нармальнай краінай, куды мы дабраліся праз замінаванае Балтыйскае мора за некалькі дзён перад канцом вайны, у красавіку 1945 году, была Данія. Памятаю да сёньня тую раніцу, калі першы раз убачыла з карабля незруйнаваны прыгожы горад зь зялёнымі дахамі. Гэта быў Капэнгаген. Сьвяціла сонца, морабыло цёмна-сіняе. Выглядалаўсё неяк нерэальна, як у казцы. Калі ўвайшлі ў порт, нас пасадзілі на цягнік і разам зь немцамі зьбіраліся везьці назад у Нямеччыну. Хто мы — ніхто нас не пытаўся. Для Даніі ўсе мы былі няпрошанымі гасьцямі, якіх трэба было як найхутчэй пазбавіцца. Лекары адмаўляюцца лячыць дзяцей Пасьля пары тыдняў ваганьня адвезьлі нас усё ж не ў Нямеччыну, а ў лягер уцекачоў зь Нямеччыны, былую ваенную базу Гэвэльтэ. Пасьля цяжкіх умоваў жыцьця апошніх месяцаў многія людзі пачалі хварэць, і шпіталь хутка напоўніўся дзецьмі. Дацкія лекары адмовіліcя лячыць «ворагаў», і дзеці пачалі паміраць, папросту дзясяткамі кожны дзень. Прадслава, Лёнік і я таксама захварэлі. Сьмерць Прадславы Я ляжала ў шпіталі ў тым самым ложку, што сястрычка Прадслава. 26 траўня яна памерла. Добрая мэдсястра Тантэ Гэдвіг Толькі калі бацькі даведаліся, што ўцекачоў зь іншых краінаў пачалі вывозіць у другі лягер, удалося проста скрасьці ноччу цяжкахворага Лёніка (я ўжо была з бацькамі) і пакінуць Гэвэльтэ. У другім нашым дацкім лягеры, які зваўся Брэмэрсвольд, было каля паўтары сотні ўцекачоў, пераважна з балтыйскіх краінаў, Украіны і Польшчы. Шмат было параненых, хворых. Усіх даглядала цудоўная мэдсястра, Гэдвіг Фрыгор, якую мы называлі Тантэ Гэдвіг — цётка Гэдвіг. Тады яшчэ быў моцна хворы мой васьмігадовы брацік Лёнік. Мама насіла яго на руках, бо ня мог хадзіць. Тантэ Гэдвіг спатрэбілася некалькі тыдняў, каб яго вылечыць. Чаму крычаў Лёнік Памятаю, як аднаго дня раптам пачулі Лёнікаў крык. Крычаў ён на ўвесь голас... Мы думалі, што яго ўкусіла пчала. Але калі да яго прыбеглі, аказалася, што ён першы раз змог падняцца ды стаць на ногі, і крычаў з радасьці. Я адвучылася гуляць у лялькі 3 таго часу Тантэ Гэдвіг да сваёй сьмерці ў 1960 годзе была нашай блізкай прыяцелькай. Памятаю, як з Брэмэрсвольду завезла мяне на ровары ў краму ў суседні гарадок, каб купіць мне сукенку. Дасюль мы толькі мелі адзежу, у якой выехалі з Баранавічаў... Таксама ад Тантэ Гэдвіг мы атрымалі нашыя (мабыць, першыя ў жыцьці) калядныя падарункі. Лёнік — самалёцік, а я — прыгожую лялечку. Памятаю, колькі часу я правяла, з захапленьнем гледзячы на тую ляльку... Гуляць, праўда, за вайну адвучылася, ня ўмела. У наступныя гады Тантэ Гэдвіг пазнаёміла мяне з усёй сваёй сям'ёй. Да сёньняшняга дня пляменьнікі і пляменьніцы Тантэ Гэдвіг, якім ужо ўсім пад семдзесят гадоў, лічаць мяне часткай сваёй сям'і, а я іх люблю як братоў і сёстраў. «Лявоніха» перад чужынцамі Але вярнуся ў Брэмэрсвольд, дзе мне давялося першы раз прадстаўляць Беларусь перад чужынцамі. Шматнацыянальная грамада вырашыла наладзіць канцэрт народных танцаў і сьпеваў. Пратанцавала я там — сола! — «Лявоніху», і так добра гэта ў мяне выйшла, што згадзілася прадэклямаваць яшчэ і верш «Cлуцкія ткачыхі». Вось толькі перад поўнай заляй зьніклі ў мяне з памяці «Ткачыхі» — і спатрэбілася дапамога таты, каб давесьці да канца гэтае выступленьне... Сям'я Расмусэн 3 Брэмэрсвольду нас перавезьлі ў курортны гарадок Скодсбарг на поўнач ад Капэнгагену і пасялілі ў перадваенным гатэлі ў адным пакойчыку з украінскай сям'ёй. Там я пазнаёмілася з маёй другой дацкай сям'ёй — Хрыстынай, Эляй і Аннай Расмусэн. Яны мяне ня толькі навучылі гаварыць па-дацку, але і паказалі, якая шчасьлівая можа быць штодзёншчына, калі людзі любяць адно аднаго, калі яны талерантныя, добразычлівыя і ветлівыя. За шэсьць месяцаў, якія я правяла ў сям'і Расмусэнаў у маленькім гарадку Аўгустэнборгу, на поўдні Ютляндыі, я ня чула ніводнай сваркі, ніводнага няветлівага слова. Багатымі яны не былі, але былі даволі шчодрыя, каб дзяліць тое, што мелі, з чужым дзіцём. Калі я іх зноў адведала ў 1954 годзе, я спыталася тады ўжо старэнькую фру Расмусэн, як я магу ёй адудзячыцца за ўсё, што яна для мяне зрабіла. Яна мне адказала: «Калісь зрабі і ты тое самае». Праз гадоў трыццаць пяць прыпомніліся мне гэтыя словы, калі давялося стварыць Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. А калі канадцам здавалася, што беларускім дзеткам можа быць цяжка вяртацца ў Беларусь пасьля адпачынку ў Канадзе, я ім расказвала пра мой дацкі досьвед. Пасьля цудоўных побытаў у Аўгустэнборгу я з радасьцю вярталася ў лягер, бо там чакалі мяне бацькі і Лёнік, якія былі для мяне найдаражэйшымі людзьмі ў сьвеце. У тым веку нават не прыходзіла мне ў галаву параўноўваць умовы жыцьця ва ўцякацкім лягеры з умовамі ў Аўгустэнборгу. Год у Капэнгагене Апошні год у Даніі мы жылі ў Капэнгагене, у вялізным лягеры Клeвэрмаркет. Тата працаваў па сваёй прафэсіі, я хадзіла ў дацкую школу — была адзіным дзіцём у лягеры, якое дастаткова добра ведала дацкую мову, каб хадзіць у мясцовую школу. Тады ўжо здала пасьпяхова іспыт у сярэднюю школу. Моцна любіла маю настаўніцу, фрэкен Босэ, зь якою доўгія гады пасьля перапісвалася. Здаецца, у тым часе тата наладзіў кантакт зь Міколам Абрамчыкам, дзякуючы стараньням якога беларуская грамада ў 1948 годзе змагла пераехаць у Францыю. Тата быў старшынём беларускае грамады ў Даніі. Тата перакладае Андэрсэна Апрача грамадзкае і палітычнае працы, тата перакладаў на беларускую мову казкі Андэрсэна, працаваў над дацка-беларускім слоўнікам і вельмі цікавіўся самой краінай — быў захоплены яе дабрабытам у такі цяжкі паваенны час. Часта пра гэта разважаў — з думкай, як прыстасаваць да Беларусі дацкі досьвед. Як маленькая краіна, безь ніякіх прыродных багацьцяў (тады яшчэ не знайшлі нафты ў Катэгаце), сталася такой заможнай дзяржавай? Думаю, што пытаньне гэтае актуальнае і сёньня. Шчасьце вяртаньня Тры гады, праведзеныя ў Даніі, я і дасюль прыпамінаю з удзячнасьцю. У гэтай першай краіне, якую я пазнала пасьля ваеннай завірухі, я чулася добра і была шчасьлівая. Жыцьцё ў Францыі, дзе я правяла наступныя адзінаццаць гадоў, было нашмат цяжэйшым, хоць таксама шмат заўдзячаю гэтай краіне. Там я скончыла навуку, здабыла веды, якія пасьля моцна спатрэбіліся ў жыцьці. Выйшаўшы замуж, я выехала ў Гішпанію. А дзесяць гадоў пазьней пераехалі з мужам Янкам і дзьвюма дачушкамі ў Канаду. 3 кожнай з гэтых краінаў я зжылася. Калі цяпер адведваю Капэнгаген, Парыж ці Мадрыд, маю ўражаньне, што вяртаюся ў сваю вёску. Але адначасна заўсёды сумавала па Беларусі. Я заўсёды адчувала недахоп нечага істотнага, неабходнага. Толькі калі вярнулася ў Беларусь у 1992 годзе, пазналатоебясконцае, стопрацэнтовае, амаль фізычнае, шчасьце, якоетолькі раз перажыла перад тым — гэта калі нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю.

Мой род

Засульле і Ішкалдзь. — Наказ бабулі Эвэліны. — Талент бабулі Вольгі. — Татава Вільня. — «Птушкі шчасьця». — «Страчанае пакаленьне» ХХ стагодзьдзя. — Брат Лявон Засульле і Ішкалдзь Усе мае квэбэцкія сябры ведаюць, калі й адкуль з Францыі прыехалі ў Канаду іхныя продкі. Адна сяброўка ведае нават, зь якой парафіі ў Парыжы прыехаў ейны продак у 1689 годзе... Усе архівы тут захаваліся, ніхто іх не вывозіў у іншыя краіны. Сьвятыняў ніхто не руйнаваў. Стагодзьдзямі ніхто не ваяваў на гэтай зямлі. Я ведаю пра маіх дзядоў толькі тое, што памяталі мае бацькі. У Засульлі, адкуль паходзіць сям'я Шыманцоў, у савецкі час узарвалі царкву. З касьцёлу ў Ішкалдзі, адкуль паходзіць мая мама, архіў вывезьлі. Засульле я добра памятаю, хаця было мне толькі пяць годзікаў, калі бацькі перабраліся з Засульля ў Баранавічы. З братам адведалі мы дзедаву хату ў 1992 годзе. Наказ бабулі Эвэліны У Ішкалдзі я ніколі не была. Але мама часта расказвала пра цудоўны стары касьцёл, які быў у цэнтры жыцьця гэтага прыгожага мястэчка, калі яна была малая. Мой дзед па маме, Язэп Пашкевіч, у сорак гадоў ажаніўся другі раз — з шаснаццацігадовай дзяўчынай з-пад Міра, Эвэлінай Вільчыцкай. Жылі яны шчасьліва. Мелі пяцёра дзетак, дзьве дзяўчынкі і тры хлопчыкi. Наймалодшы, Альбэрт, быў яшчэ немаўляткам, калі бацька памёр ад «гішпанкі». Маладой удаве Эвэліне жыцьцё сталася вельмі цяжкім. Неўзабаве захварэла і яна — праўдападобна, на сухоты. Апошняе, што сказала перад сьмерцю найстарэйшай дачцэ Эвэліне, маёй маме, — гэта каб ішла вучыцца. Мама любіла расказваць пра гераічныя гады, калі выконвала гэты запавет. Дзякуючы дапамозе братоў, цяжкай працы і сваёй упартасьці яна скончыла гандлёвую школу ў Баранавічах і дапамагла здабыць сярэднюю адукацыю брату Альбэрту, які пазьней вывучыўся на архітэктара. Маміну сястру, цётку Ганку, я яшчэ пасьпела пабачыць у 1992 годзе. Моцна яна тады плакала, трымаючы ў руках намаляваны татам партрэт сястры, маёй мамы, якой ужо не пабачыла. Талент бабулі Вольгі Пра татаву сям'ю ведаю крыху болей. Адзін прадзед быў у ХІХ стагодзьдзі сялянскім адвакатам і бараніў у судах людзей, пакрыўджаных памешчыкамі. Ён пазьней стаўся засульскім войтам. Моцна любіў коней. Здаецца, ягоны сын, татаў дзед Васіль, быў сакратаром у нейкага генэрала, пазнаёміўся і ажаніўся зь нямецкай настаўніцай генэральскіх дзяцей. Казалі, што маёй прабабцы было вельмі цяжка прызвычаіцца да вясковага жыцьця ў Засульлі. Дзед мой, Аляксандар Шыманец, працаваў на будоўлі чыгуначных паравозаў у Рызе, дзе і нарадзіўся ў 1911 годзе мой тата. Бабуля, прыгажуня Вольга, была адной з чатырох дачок майстра-сталяра Пахома, які рабіў брычкі ў Негарэлым. Наймалодшая сястра, Гэлька, выйшла замуж за амэрыканца і выехала ў трыццатых гадах у Злучаныя Штаты. Дзед і бабуля Пахомы ў 1938годзе «зьніклі». Пра Курапаты тата ня ведаў (памёр ён у 1977 годзе), але моцна падазраваў, што дзядоў расстралялі. Калі ў 1939 годзе здолеў нарэшце дабрацца ў Негарэлае, каб іх адведаць (перад вайной гэта было немагчыма, бо між Засульлем і Негарэлым праходзіла польска-савецкая мяжа), знайшоў толькі забітую дошкамі пустую хату Пахомаў. Мой дзед Аляксандар і бабуля Вольга былі здольнымі й працавітымі людзьмі, хаця зямлі мелі няшмат. Пасьля вяртаньня ў Засульле ў 1919 годзе пачалі адбудоўваць занядбаную гаспадарку. У 1930 годзе дзед пабудаваў новую хату зь дзьвюма спальнямі. Перад вокнамі быў агарод, поўны кветак, а між агародам і вуліцай — сад. Бабуля была добрай краўчыхай. Мела заўсёды некалькі вучаніц. Шыла яна вельмі прыгожа. Прыгадваецца мне сукенка з чорнага шоўку, з надта ж складанымі дэталямі, якія мяне моцна ўразілі. Між іншым, у Даніі і мая мама таксама пачала шыць. Дый і ў мяне гэта калісьці нядрэнна атрымлівалася, калі ня мела грошай купляць новае адзеньне. Але бабулін талент найбольш яскрава праявіўся ў маёй дачкі — матэматыкаГанны. Татава Вільня Дзяцей сваіх дзед Аляксандар і бабуля Вольга паслалі вучыцца: тату — у Віленскую тэхнічную школу, якую ён скончыў на «выдатна», а дачок — на курсы садоўніцтва. Пра навуку ў Вільні тата падрабязна расказвае ў сваіх успамінах, надыктаваных у пачатку сямідзясятых гадоў. Да канца жыцьця памятаў ён кожны віленскі завулак, кожны архітэктурны помнік, назоў кожнай вуліцы. Вучыўся тата на інжынэра-электрыка, а марыў пра мастацтва. Лёсы нашыя ў гэтым сэнсе вельмі падобныя. Ён таксама чакаў пэнсіі, з надзеяй, што нарэшце зможа зноў узяцца за пэндзлі. На жаль, дадзена яму на гэта было толькі шэсьць гадоў. Памёр у 66 гадоў, намаляваўшы толькі крыху больш за сотню палотнаў. «Птушкі шчасьця» Тата з мамай пазнаёміліся ў Стоўпцах, на прадстаўленьні «Птушкі шчасьця». У сваіх успамінах тата прыгадвае, як моцна яго ўразіла мама, калі першы раз яе пабачыў. Пажаніліся яны ў Стоўпцах у чэрвені 1935 году. Шмат прыйшлося ім тады перажыць, таму што, як у песьні Шалкевіча, мама была каталічка, а тата — праваслаўны. Гэта, аднак, не было апошнім выпрабаваньнем у іхным жыцьці. Цяжка сабе ўявіць, што яны перажылі падчас страшнай дарогі на Захад з маленькімі дзецьмі. «Страчанае пакаленьне» ХХ стагодзьдзя На эміграцыі тата заўсёды працаваў паводле сваёй прафэсіі, але ён ніколі не спрабаваў дамагчыся кар'еры, якая адпавядала б ягоным ведам і здольнасьцям. Беларускае жыцьцё для яго было нашмат важнейшым, і прысьвячаў ён яму ўвесь свой час. Ён пабудаваў уласнымі рукамі сямейны дом каля Парыжу, пра што я распавяду падрабязна. У апошнія гады свайго жыцьця меў шмат радасьці й задавальненьня з мастацтва. Як і бальшыня нашай сьвядомай інтэлігенцыі, належаў ён да таго «страчанага пакаленьня» ХХ стагодзьдзя, якое дзеля чужой волі мусіла пакінуць бацькаўшчыну, пазбаўляючы яе такіх патрэбных ёй сыноў і дачок. Брат Лявон Татавы тэхнічныя здольнасьці пераняў мой малодшы брат Лявон. Як і для таты, электрыка (да якой пазьней дадалася электроніка), будоўля, усе віды энэргетыкі ня маюць для Лявона сакрэтаў. Брат займаў адказныя пасады, кіраваў аддзелам у вялікай францускай фірме. Апошнія гады перад пэнсіяй працаваў у Беларусі, узначальваў эўрапейскае энэргетычнае прадстаўніцтва ў Менску. Спадзяюся, пра гэта сам раскажа некалі ў сваіх успамінах.

Івонка Сурвіла: "Дарога" ў фотаздымках

"Радыё Свабода"