У Вільні прайшоў пікет у падтрымку Дзмітрыя Бандарэнкі

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Гавары праўду» 26 ліпеня выйшлі да будынка беларускай амбасады ў Вільні з партрэтамі палітвязня Дзмітрыя Бандарэнкі.

Такім чынам удзельнікі пікету заклікалі ўлады Беларусі аказаць адпаведную медыцынскую дапамогу даверанай асобе кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Андрэя Саннікава.

Дзмітрыю Бандарэнку ў аўторак, 26 ліпеня, была зроблена аперацыя на пазваночніку. Ужо праз два тыдні пасля складанай аперацыі яго маюць намер адправіць у калонію для адбывання двух гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У той жа час рэабілітацыя пасля такой аперацыі павінна праходзіць каля трох месяцаў.

"Радыё Рацыя"