Чалавек двух сусветаў

Беларускую душу ён пачаў спасцігаць за тысячы кіламетраў ад радзімы продкаў — у Канадзе. Але і сёння з гонарам адзначае: «У сэрцы я застаюся беларусам!» Прапаведнік Юрка Рапэцкі нарадзіўся ў нямецкім Гановеры, а жыве ў канадскім Таронта.

Беларускую душу ён пачаў спасцігаць за тысячы кіламетраў ад радзімы продкаў — у Канадзе. Але і сёння з гонарам адзначае: «У сэрцы я застаюся беларусам!» Прапаведнік Юрка Рапэцкі нарадзіўся ў нямецкім Гановеры, а жыве ў канадскім Таронта.

Бацькі сп. Юркі паходзяць з Палесся: бацька Якуб — з вёскі Новы Дварэц на Піншчыне, маці Яўгенія Апанасік — з Рыбнікаў з­пад Баранавіч. Пазнаёміліся яны падчас Другой сусветнай вайны. Шлюбам пабраліся ў Мінску ў студзені 1944 года, дзе разам з мінскай Царквой евангельскіх хрысціян (пастар Антон Кецко) даглядалі яўрэйскіх дзяцей у двух прытулках (нацысты не ведалі, што дзеці ў тых прытулках яўрэйскія).

Якуб Рапэцкі быў вядомым сярод беларускіх евангельскіх хрысціянаў міжваеннай Польшчы прапаведнікам і прэсвітэрам яшчэ з 1930¬х. Як немцы пачалі адступаць, ён выехаў разам з сям’ёй на Захад. Разумеў, што з камуністамі жыць у адной дзяржаве не ўдасца.

Па вольных дарогах

Мінск Рапэцкія пакінулі ў 1944 г. Ад’ехалі ў Нямеччыну. Якуб служыў там пастарам славянскай евангельскай царквы ў лагеры для перамешчаных асобаў. У Гановеры 1 сакавіка 1946-га ў іх нарадзіўся першы сын Юрка. Праз год — другі сын Іосіф, якога ў сям’і называлі Юзё. А яшчэ праз год сям’я пераехала ў Канаду.

«Лічылася, што ЗША і Канада — самыя жаданыя краіны, самыя надзейныя. Яны ўяўляліся краінамі новых рэальных магчымасцяў і свабоды, таму і стараліся трапіць туды, і чым далей ад камуністаў. Ці памыліліся бацькі? Ніколі такога не казалі нам. Толькі радаваліся, што Бог дапамог ім пераехаць і выхоўваць сваіх дзяцей у такой свабоднай краіне. Ці сумавалі па радзіме? Вельмі! І якая радасць была, калі раз у год прыходзіў ліст ад родных. На жаль, маці памерла, не вярнуўшыся на радзіму. Бацьку ў гэтым пашчасціла: ён двойчы надведаў Беларусь».

Не менш важнай прычынай пераезду было і тое, што Якуб Рапэцкі адшукаў адрас свайго добрага сябра Івана Гука. Той пераехаў з Заходняй Беларусі ў Канаду яшчэ ў 1920-я, дзе працаваў на ферме. Пасля вайны сп. Гук жыў у горадзе Таронта. Рапэцкі напісаў яму ліст з просьбай знайсці сям’ю, якая магла б прыняць іх і аплаціць прыезд. Іван Гук вырашыў усе пытанні. «Праверыўшы здароўе кожнага з нашай сям’і, канадскія ўлады ў Гановеры далі ўсе патрэбныя дакументы. І ў кастрычніку 1948 года мы пераехалі ў Канаду».

Больш за год пражылі з беларускай сям’ёй на ферме ў правінцыі Саскачаван. Там Юрка пачаў хадзіць у школку, дзе ўпершыню і пачуў англійскую мову. Яму запомнілася, як настаўніца прасіла дзяўчынку жэстамі паказваць, што азначалі незразумелыя яму словы. Калі чыталі слова «скакаць» — дзяўчынка скакала. А пасля Якуб Рапэцкі знайшоў працу на чыгунцы ў горадзе Саскатун, куды і пераехалі. Набылі дом. Там Юрка парцягнуў спасцігаць школьную навуку. «І мне стала цяжэй тады, бо ў чытанні першакласнікі пайшлі шматразова далей, чым я. Памятаю, як маці будзіла мяне вельмі рана, каб праходзіць з ёю чытанку. Яна сама не ведала англійскай мовы. У нашым доме жылі кватаранты ўкраінскага паходжання, і вечарамі мама звярталася да іх па дапамогу ў правільным вымаўленні незнаёмых слоў. Яна запісвала сабе польскімі літарамі вымаўленне і гэтым чынам магла мяне вучыць і папраўляць. Усё гэта было вельмі цяжка». Але за год падцягнуўся і ўжо ў другім класе свабодна размаўляў па¬англійску.

Якуб Рапэцкі ў Канадзе фармальна сваёй пастарскай дзейнасці не аднавіў. «Служыў прапаведнікам, бо сваёй царквы, дзе яго афіцыйна лічылі пастарам, не было. У заходняй Канадзе, дзе мы жылі, былі раскіданыя суполкі славянскіх братоў і сясцёр па веры ў розных мястэчках. Мы часта адведвалі тыя суполкі ды цэлай сям’ёй выступалі са спевамі. Я граў на скрыпцы, Юзё на акардэоне, сястра Марыя (нарадзілася ў 1951 годзе) на піяніна, ну, а мама з татам, а з імі і мы, спявалі хрысціянскія песні па¬расійску і па¬беларуску. Там, дзе мы цэлай сям’ёй выступалі з музыкай і спевамі, тата заўсёды прапаведаваў. У гэтым сэнсе ён служыў пастарам сярод канадскіх усходніх славян».

Пасля дзясятага класа Юрка даведаўся, што ў іншай школе па вечарах выкладаецца расійская мова. Запісаўся і два гады наведваў тыя заняткі. А пасля школы паступіў у Саскачаванскі ўніверсітэт. Планаваў стаць настаўнікам біялогіі, але больш цягнула да славістыкі: паралельна наведваў заняткі расійскай мовы і літаратуры (год таксама вывучаў украінскую). А на чацвёртым курсе засяродзіўся толькі на прадметах, звязаных з расійскай мовай і Савецкім Саюзам.

У 1968 годзе Рапэцкі ажаніўся з канадкай Люсіл і пераехаў у горад Эдмантан. Жонка скончыла курсы па выкладанні ў інстытутах для медсясцёр, а Юрка пасля ўніверсітэта закончыў яшчэ магістратуру і напісаў дысертацыю «на англійскай мове пра «хождение в народ» і як гэты рух паўплываў на расійскіх пісьменнікаў — да таго часу і пасля». Але расійскую літаратуру так ніколі і не выкладаў.

Хрысціянскі місіянер

У 1971-м Юрку Рапэцкаму прапаведнік Іван Гук прапанаваў супрацоўнічаць з таронтаўскай Хрысціянскай місіяй. Прапанову той прыняў, і сям’я Рапэцкіх пераехала ў Таронта. Івану Гуку сп. Юрка спачатку дапамагаў у падрыхтоўцы расійскай радыёпраграмы Транссусветнага Радыё ў Монтэ-Карла. Яна транслявалася на СССР. Пазней Рапэцкі пачаў рабіць уласную расійскамоўную праграму «На крыльях размышлений» для таго самага радыё. А ў сярэдзіне 1980-х разам з бацькам арганізаваў беларускамоўную праграму для Транссусветнага Радыё. «Мы пачалі пісаць рэлігійныя казані, запісваць іх і на стужках высылаць для надавання на Беларусь. Гэтая штотыднёвая перадача «Добрая вестка» выходзіла больш за дзесяць гадоў».

Але перад беларускамоўнай праграмай Рапэцкі ўзяўся ўдасканальваць сваё веданне роднай мовы. «Што асабліва важна для мяне ў Таронта — знаёмства з спадарствам Пашкевічаў — Валянцінай, Міхалам і іх дзецьмі Паўлам і Эвай. Я папрасіў дазволу прыходзіць да Валянціны, каб ад пачатку да канца прайсці яе падручнік па беларускай мове. Яна ахвотна згадзілася. Маё наведванне спн. Пашкевіч працягвалася прыблізна два гады. Я проста цешыўся з таго, што нарэшце знайшоў чалавека, які можа дапамагчы мне ўдасканаліць веды па беларускай мове. Тыя два гады разам з ёю былі самыя прыемныя, цудоўныя і павучальныя. Я пачаў пісаць па¬беларуску казані, і яна іх папраўляла. У выніку мы таксама мелі цікавыя размовы пра іх змест».

Гучалі яго казані і на Беларускім радыё — пасля 1989-га.

На зямлі продкаў

У 1970-х гадах Юрка Рапэцкі тройчы наведаў Беларусь, пасля чаго «дарога туды закрылася для мяне да 1989¬га».

«Мы з жонкай упершыню адведалі Беларусь улетку 1971¬га года: правялі 10 дзён у Мінску. Запомнілася, як мы нарэшце цягніком пакінулі Берасце і я глядзеў на палі. Думаў сабе: хаця тут не нарадзіўся, я ўсё¬такі сын гэтага краю, і цяпер сын вяртаецца да сваіх каранёў. Праслязіўся. Я ніколі не думаў, што адведаю зямлю бацькоў».

Наведвалі Рапэцкіх у Мінску сваякі, з якімі раней ніколі не бачыліся. «Мы таксама сустракаліся з братамі і сёстрамі па веры, бо існавала адна суполка евангельскіх хрысціян­баптыстаў для ўсяго горада. Аднаго разу трапілі на спеўку харыстаў. Ра­зам заспявалі, і рэгент даў мне магчымасць кіраваць хорам. Якія моцныя галасы тыя харысты мелі! І спявалі з глыбокім перакананнем аб праўдзівасці тых слоў, якімі яны славілі Бога і Хрыста. Хоць я ведаў, што амаль ўсе вернікі пераносілі вялікія цяжкасці, ніхто пра тое не казаў нам… Маё прабыванне ў Беларусі дапамагло зразумець сваіх бацькоў».

Праз пакуты да зораў

«Я чалавек двух светаў — Беларусі і Канады», — адзначае пра сябе прапаведнік. І дадае: «Мая сям’я чыста канадская, бо мы з жонкай размаўляем толькі па¬англійску, як і з двума сынамі. Я стараўся вучыць сваіх хлапцоў, але яны казалі мне: «Дзеля якой мэты? Мы — канадцы і будзем жыць у Канадзе, не будзем адведваць зямлю тваіх бацькоў і дзядоў, даражэнькі тата!» Я іх і не змушаў. Зразумела, каб жонка мая была славянкай, дык справа пайшла б па¬іншаму».

Ад 2009 года Юрка Рапэцкі знаходзіцца на пенсіі. Сыходзіў з надзеяй дапісаць чарговую кнігу. І дапісаў. Летась яна выйшла ў Беларусі — «Пакуты… чаму?»

«Праблема зла прымушае нас думаць, чаму Бог дазваляе пакутаваць чалавеку. Знайсці адказы нялёгка, але трэба шукаць. І вось у кнізе «Пакуты...чаму?» я стараюся даць біблійны адказ на праблему зла і пакутаў, прынамсі, як я біблійныя тлумачэнні разумею і ўспрымаю». У 2010 г. сп. Юрка цягам месяца наведаў 25 пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі, дзе дарыў вернікам сваю кнігу.

На пенсіі Юрка Рапэцкі не толькі адпачывае. Летась ён прадаў свой дом, у якім пражыў з сям’ёй амаль тры дзесяцігоддзі, і набыў меншы. Цяпер сам рамантуе і перарабляе яго. Разам з жонкай наведвае англамоўную пратэстанцкую царкву, дзе служыць адным з духоўных старэйшынаў. «Нашая канадская царква таксама дапамагла мне ў здабыцці апаратуры для запісу беларускіх духоўных казаняў. Я іх запісваю на кампакт­дыскі і высылаю некаторым знаёмым па ўсім свеце». І заўжды трымаецца беларускага за мяжой: бярэ ўдзел у дзейнасці Згуртавання Беларусаў Канады. Хаця і адзначае, што хацеў бы рабіць больш. Ён поўны планаў. «Думаю, што напішу яшчэ кнігу на духоўную тэму. Сярод беларусаў евангельскага веравызнання на беларускай мове замала багаслоўскай літаратуры пішацца і выдаецца. Адчуваю, што пакуль Бог дае мне сілу і здольнасці, Ён хоча, каб я займаўся такой працай».

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"