Андрэа Джавана: "Усё роўна мы пераможам!"

Андрэа Джавана
Судмэдэкспэрт Андрэа Джавана з бразыльскага гораду Жуан-Пэсоа ўразіла беларускі сэгмэнт інтэрнэту сваімі сьпевамі па-беларуску. У вялікім інтэрвію для парталу "Тузін Гітоў" Андрэа распавяла, чым зацікавіла яе Беларусь і правяла паралелі паміж сваёй Радзімай і нашай краінай: "Сытуацыя ў Беларусі нагадвае мне шмат у чым Бразылію ў часы ваеннай дыктатуры.

Судмэдэкспэрт Андрэа Джавана з бразыльскага гораду Жуан-Пэсоа ўразіла беларускі сэгмэнт інтэрнэту сваімі сьпевамі па-беларуску. Цяпер яе прыхільнікі і сябры зь Беларусі мяркуюць зладзіць ёй канцэрт у Менску, каб яна магла прасьпяваць свае ўлюбёныя гіты разам зь іх аўтарамі — Лявонам Вольскім, гуртом "Харлі", Русяй ды іншымі. У вялікім інтэрвію для парталу "Тузін Гітоў" Андрэа распавяла, чым зацікавіла яе Беларусь і правяла паралелі паміж сваёй Радзімай і нашай краінай: "Сытуацыя ў Беларусі нагадвае мне шмат у чым Бразылію ў часы ваеннай дыктатуры. У нас гэта цягнулася з 1964 па 1985 годы. Забаронены на той час музыка стаў міністрам культуры, а дзяўчынка-змагарка — Прэзыдэнтам".

Андрэа Джавана

Прывабная дзяўчына Андрэа нарадзілася ў адным з паўночных штатаў Бразыліі, у горадзе Жуан-Пэсоа. Цяпер працуе на адказнай пасадзе судова-мэдычнага экспэрта, але з адукацыі яна выкладчык ангельскай мовы. Захапляецца музыкай і сьпевамі на беларускай мове, хоць беларускіх каранёў ня мае. Яна раптоўна зьявілася ў полі зроку беларускіх аматараў музыкі, калі выканала колькі песень па-беларуску. Гэты відэазапіс паглядзела больш за 20 000 чалавек. А зачаравалася беларускай музыкай Андрэа праз сайт "Тузін Гітоў".

ТГ: Мы пачулі на YouTube як ты сьпяваеш нашыя песьні і былі вельмі моцна ўражаныя. На тым відэа ты сьпявала "Купалінку" гурта "Харлі", якія яшчэ песьні ты любіш выконваць?

Хммм… "Нелюдзімая" Тарыэла Майсурадзэ, "Менск і Мінск" N.R.M., "Дажджамі" :B:N:, "Журавы" Троіцы, "Абарвананую струну" Стэфана, "Заеньку" Indiga… Шчыра кажучы, я была моцна зьдзіўлена такой вялікай пазытыўнай рэакцыі людзей на мае два відэа-ролікі. Гэта вельмі натхняе!

ТГ: Ці жадала бы ты выступіць разам з кім-небудзь зь беларускіх выканаўцаў на сцэне?

Насамрэч, я ня бачу сябе як выканаўцу. Мне здаецца я буду вельмі засмучаная, каб выступаць разам з прафэсійнымі музыкамі. Але ж, калі б мара зрабілася рэчаіснасьцю, то Руся, Вайцюшкевіч, :B:N:, "Чырвоным па Белым", Карэн Карапецян — вось некалькі імёнаў, з кім бы я выступіла, але ж і тое толькі на падпеўках.

ТГ: Што табе найперш падабаецца ў нашых песьнях? Гучаньне мовы найперш ці мэлёдыі?

Мне падабаецца і тое, і тое. Шчыра кажучы, на пачатку, некаторыя фанэмы былі вельмі цяжкія для вымаўленьня. Але, як я зразумела потым, беларускія фанэмы больш легкія для размаўляючых па-партугальску за фанэмы ў ангельскай мове. Большасьць людзей ня ведаюць гэтага і пужаюцца кірылічнай абэцэды. Што датычыцца граматыкі, я не магу сказаць шмат чаго, акрамя таго што онлайн-перакладчыкі павінны ўдасканальвацца.

ТГ: Дык ці складана табе сьпяваць па-беларуску?

Пасьля некалькіх рэпэтыцыяў гэта лёгка, але забірае пэўны час. Звычайна мне неабходны тэкст, які даволі цяжка знайсьці. Калі ў мяне атрымліваецца знайсьці тэксты, то я перакладаю іх з дапамогай онлайн-перакладчыкаў і пераводжу словы ў такі спэцовы код, які толькі я і разумею. Калі я не знаходжу тэкстаў, я перакладаю тое, што маю, толькі назву, і спрабую дазнацца ў каго-небудзь зь Беларусі пра агульны зьмест. Гэта незвычайна, калі я ня ведаю сэнсу песень, гэта падобна на нейкія "пачуцьцёвыя адкрыцьці". Калі я пачынаю слухаць песьні на незнаёмай мове, я павінна "адчуць" песьню. Замест таго, каб зразумець яе.

Хачу дадаць такі цікавы факт: Шакіра вывучыла партугальскую мову, бо дужа ўпадабала бразыльскую музыку. Канечне, яе родная гішпанская мова і мая партугальская вельмі блізкія, але я веру, што музыка моцны рухавік.

ТГ: А якую музыку ты ўвогуле слухаеш?

Я слухаю вельмі шмат папулярнай бразыльскай і замежнай музыкі. Мне падабаюцца Lenine, Chico Buarque, Milton Nascimento, Alceu Valenсa, Geraldo Azevedo, Chico Cesar… ды ўвогуле даволі шмат добрых бразыльскіх выканаўцаў. Я лічу маёй самай любімай песьняй "Caсador de Mim", якую сьпявае Milton Nascimento, ці "14 Bis" напісаную Luis Carlos Sa і Sergio Magrao. Мэлёдыя ўздымае мяне ад зямлі, але ж лірыка… яна здаецца нібы напісана асабіста для мяне. Для мяне ў творы першасны тэкст, паэзія. Мяне вельмі натхняюць песьні, якія размаўляюць на мове майго сэрца.

ТГ: Ці маеш ты хоць які сцэнічны досьвед?

Калісьці даўно я грала і сьпявала кожны вечар у царкве, а цяпер сьпяваю толькі для сяброў. Я ніколі не вучылася музыцы, калі не лічыць заняткаў па гітары. Некаторы час таму ў мяне зьявіліся праблемы з запясьцем, якое замінае занятку музыкай столькі, колькі я б жадала.

ТГ: Выходзіць такая маленькая казачка: "У адным бразыльскім мястэчку жыла-была дзяўчынка. Звалі яе Дэа. Аднойчы яна неспадзявана засьпявала на беларускай мове. Ва ўсім велізарным сусьвеце ёсьць вельмі шмат прыгожых і расьпеўных моваў. Аднак, нашае дзяўчо ўпадабала сьпевы на беларускай мове больш за ўсе астатнія. Ды ніхто дагэтуль ня ведае чаму. Вось такое дзіва ёсьць у сьвеце". Ці можаш усё ж адказаць на гэтае пытаньне: "Чаму?"

Я неаднойчы чула, што беларускія музыкі вартыя ўвагі. Некалькі гадоў таму я пазнаёмілася зь людзьмі зь Беларусі і мне захацелася дазнацца болей пра гэтую краіну, бо я была невукам у гэтым пляне. Ну а паколькі я люблю сьпяваць, то шукала ў сеціве беларускую традыцыйную музыку. Неўзабаве мае пошукі прывялі мяне на адзін файны блог, тут я ўпершыню паслухала песьню на беларускай мове. Гэта была "Купаліначка" і яна гучала так эмацыйна і шчыра, што я ўпадабала яе неімаверна. Пасьля некалькіх праслухоўваньняў я пачала паўтараць словы песьні — ці нешта падобнае па гучаньні на некаторыя словы. Я проста шалела, так моцна жадалася мне зразумець, што я сьпявала. Уявіце сабе, з гэтай нагоды я вывучыла вашую абэцэду, дазналася, што вы маеце лацінку й кірыліцу, ды нават адну літару, якой няма ў іншых мовах, літару "Ў". Там жа я даведалася пра "Тузін Гітоў", вось адсюль і пачалася мая сапраўдная апантанасьць музыкай зь Беларусі.

ТГ: А ці ведаеш ты якія іншыя сайты, датычныя беларускай музыкі?

Я знайшла некалькі сайтаў са сьпісамі выканаўцаў, але не сьпісамі песень, як на "Тузіне Гітоў". Адначасова я знайшла сайты выканаўцаў, якія мне спадабаліся, таму што я хацела атрымаць тэксты песень. Я скантактавалася з "Харлі" і N.R.M. Яны былі вельмі добразычлівыя і даслалі мне тэксты і, нават, падарункі па пошце. О, я памятаю, як гэтыя пошукі пачыналіся. Я напачатку з адчаю, напісала ўсім беларускім мужчынам у сеціве каго я ведала — ды нават аднаму з сайту знаёмстваў (сьмяецца) і не атрымала аніводнага адказу. Празь некаторы час адзін зь іх нечакана адказаў, але ж і той быў не беларус, але сказаў што можа пазнаёміць мяне з файнай беларусачкай. Сам ён зь ёй сыйшоўся пакуль працаваў у Беларусі. Мы пазнаёміліся і дагэтуль кантактуем з гэтай дзяўчынай. Яна вельмі дапамагла мне з тэкстамі і інфой пра N.R.M.

Большая частка тых падзеяў адбылася ў 2008 годзе, пакуль я знаходзілася ў шпіталі. У мяне былі два месяцы, якія я правяла дома і цягам якіх я вывучала беларускую мову.

ТГ: Ці сочыш ты ўласна за чартам на "Тузіне Гітоў"?

Раней я ня ведала гэтага. Гэта цяпер браўзэры маюць перакладчыцкія прыстасункі, але не ў той час калі я пачала сваё знаёмства зь Беларусьсю. Я здагадваюся, што прапусьціла шмат цікавай інфы праз тое, што не магла чытаць тэксты цалкам. Старонка "mp3" была асноўнай, якую я наведвала. Таксама на "Тузіне Гітоў" я даведалася пра фэстываль "Басовішча".

ТГ: А ці ведаеш ты пра наш гурт "Песьняры"? Гурт меў фэнамэнальную папулярнасьць на абсягах усяго былога СССР, Эўропы і нават у ЗША ў 70—80-я гады. Але ж што цікава, лідэр гурта Ўладзімер Мулявін з Расеі. Ён трапіў у Беларусь пад час службы ў савецкім войску, гэта было ў 60-х. Але пакуль ён тут служыў, ён так моцна палюбіў нашую музыку, што вырашыў застацца тут.

Я слухала і мне вельмі падабаюцца "Песьняры", але я ня ведала гэтую гісторыю. Гэта выдатна! Мае блізкія сябры ўвесь час жартуюць, што вынікам захапленьняў беларускімі сьпевамі будзе маё вясельле зь беларускім хлопцам (сьмяецца) і я зьеду на Беларусь.

ТГ: Я сутыкаўся неаднойчы, што людзі нават у Эўропе ня ведаюць дзе тая краіна Беларусь. У Нідэрляндах адзін дзядзька хацеў упэўніць мяне, што ён ведае пра Беларусь і нават ведае што кіраўнік нашае дзяржавы мае жонку з Італіі. Зразумела, што на самой справе ён анічога ня ведаў. А што табе вядома пра Беларусь?

Я чытала, што некалі ў мінулым вы былі паяднаныя зь Літвою і Польшай, і вы захоўваеце добрыя адносіны з Украінай. Таксама я ведаю, што ў штодзённым жыцьці вы пераважна карыстаецеся расейскай мовай. Мне вельмі сумна з-за таго, што такая прыгожая мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня па дадзеных ЮНЭСКО. Як чалавек, які мае дачыненьне да лінгвістыкі, я спадзяюся, што ўсе вы разам не дазволіце вашай мове памерці. Зараз вельмі цяжка знайсьці інфармацыю па-беларуску.

ТГ: Што табе вядома пра нашую нацыянальную культуру і што падалося табе найбольш цікавым?

Адзінае што я ведаю пра вас добра, дык гэта тое, што вы ясьцё шмат бульбы! Таксама я дазналася, што "Крамбамбуля" гэта ня толькі файны гурт, а яшчэ і напой. Мне пашэнціла паглядзець карціны, народныя строі і паслухаць народныя сьпевы ў выкананьні гурта Akana ў Партугаліі — усё гэта разам дае мне разуменьне таго, што ўяўляе вашая культура. Але ж на самой справе, мне трэба яшчэ шмат аб чым дазнацца, каб я магла сказаць, што я сапраўды ведаю Беларусь.

ТГ: Ці ведаеш ты пра існаваньне ў нас "чорных сьпісаў" выканаўцаў?

Так, гэта была адна зь першых рэчаў, пра якія я даведалася з сайту freemuse.org. Але я ня ведаю якія музыкі знаходзяцца ў гэтым сьпісе цяпер. Таксама я бачыла дакумэнтальную стужку пра N.R.M., якую зьняла польскі рэжысэр Ёлянта Кілян.

ТГ: Што табе вядома пра палітычную сытуацыю ў нашай краіне?

Я ведаю, што вы маеце аднаго і таго ж краўніка дзяржавы з 1994 году. Што падаецца дзіўным для людзей зь іншых краінаў. Таксама я чула, што людзі ў вас трапляюць за краты без нагоды, толькі за тое, што яны шпацыруюць разам па вуліцах, маўчаць, ці пляскаюць у далоні. Я пра гэта ня толькі чула, але і бачыла на відэа і фота, гэта было шакуюча. Таксама я занепакоеная тым, што беларускія людзі ня маюць магчымасьці казаць тое, што яны сапраўды думаюць пра краіну і пра кіраўніцтва. Якое б ні было іх меркаваньне, правільнае ці не, яны павінны мець магчымасьць выказаць яго. Я радая, што сёньня мы маем інтэрнэт і мы можам бачыць, што адбываецца ў сьвеце. Я была бы рада чытаць болей навінаў пра Беларусь на ангельскай мове. Як выкладчык, я прашу людзей зь Беларусі, хто вывучае і тых, хто ўжо валодае ангельскай мовай: пішыце пра вашую краіну і кантактуйце са зьнешнім сьветам, не хвалюйцеся калі ваша ангельская мова не ідэальная. Я таксама не выдатна сьпяваю па-беларуску, але праз гэта ў мяне зьявіліся добрыя сябры.

Сытуацыя ў Беларусі нагадвае мне шмат у чым Бразылію ў часы ваеннай дыктатуры. Шматлікія з нашых артыстаў былі вымушаныя пакінуць краіну, кожны твор павінен быў быць прааналізаваны цэнзарамі. Дыктатура цягнулася з 1964 па 1985 год і краіна вельмі зьмянілася пасьля гэтага. Напрыклад, адзін з забароненых выканаўцаў, Gilberto Gil, быў нашым міністрам культуры некалькі гадоў. А адна з тых маладых дзяўчат, якая білася за дэмакратыю і свабоду, якую арыштоўвалі і зьбівалі, была абраная летась нашым Прэзыдэнтам.

P.S.: Руся (Akana, экс-Indiga): Калі Akana была на гастролях у Партугаліі, да нас на рэпэтыцыю ў Эворы прыехала дзяўчынка, знаёмая майго блізкага сябра Джозэфа Гафла. Гэта была Андрэа. Мы пазнаёміліся і пачалі сьпяваць "Купалінку" гурта "Харлі" і "Заеньку" Indiga. Я не чакала, што Андрэа так шчыра захопленая беларускімі песьнямі і так дэталёва здымае на слых мову і фанэтычна правільна вымаўляе словы. Яе сьпевы вельмі моцна ўсіх нас ўразілі. Разам з партнэрамі праекту "Show Belarus Show Europe" мы працуем зараз над тым, каб прывезьці Андрэа ў Менск і зладзіць невялікі канцэрт, дзе бы яна дзяўчына змагла сьпець свае ўлюбёныя песьні разам зь іх выканаўцамі. Спадзяюся, што, калі Андрэа прыедзе, мы ўсё будзем жывыя і на волі.

Размаўляў SLAP, "Тузін Гітоў"

Фота: www.euroradio.fm