Ля Варшаўскага ўніверсітэта прайшла акцыя салідарнасці

Каля галоўнай брамы Варшаўскага ўніверсітэта 16 ліпеня прайшла акцыя салідарнаці, арганізаваная шэрагам беларускіх структур. Акцыя была праявай падтрымкі палітзняволеных і арыштаваных за удзел у маўклівых акцыях пратэсту.

Сабраліся каля дваццаці чалавек. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і выказвалі падзяку тым, хто ахвяруе сваім дабрабытам дзеля вольнай Беларусі:

– Я хацеў бы падзякаваць усім людзям за адвагу і за мужнасць. Гэта вельмі важна, што яны стараюцца ўдзельнічаць у лёсе краіны. Дзякуем за неабыякавасць, мы таксама, чым можам, тым і падтрымліваем.

– Хачу перадаць тым людзям, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, каб яны трымаліся. Хачу таксама сказаць, што гэта самыя мужныя беларусы.

Мінакам раздавалі ўлеткі і газету-комікс, у якой распавядаецца пра сітуацыю ў Беларусі. Падчас правядзення акцыі некаторыя удзельнікі заклеілі сабе раты і стаялі трымаючы рукі за галавой:

– Гэтым жэстам мы хочам паказаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама тое, што людзі не могуць казаць пра тое, што яны думаюць. А калі і кажуць, то яны трапляюць у турму, іх сустракаюць розныя непрыемнасці з боку ўлады, якая павінна клапаціцца пра сваіх грамадзян, абараняць іх ды слухаць крытыку і парады, што людзі кажуць. У нас атрымоўваецца па-іншаму. Калі чалавек не згодны, ён пра нешта заяўляе – ён трапляе ў турму, атрымоўвае штрафы, яго сустракаюць праблемы, – сказаў старшыня Беларускай нацыянальнай памяці Анатоль Мінхнавец.

– Я ім магу пажадаць толькі мужнасці. Яны ні ў чым не вінаватыя і гэты агідны наш рэжым здзекваецца над імі, каб самому выжыць. Я думаю, што гэты рэжым хутчэй сябе загоніць у магілу, чым яны зламаюцца, – сказаў пра беларускіх палітвязняў першы старшыня Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч.

Арганізатарамі акцыі ў Варшаве выступілі сябры «Еўрапейскай Беларусі», «Вольнай Беларусі», Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Юрась Высоцкі, "Радыё Рацыя"