Вера Рыч: Галоўны дзень майго жыцьця

Гэты тэкст быў напісаны Верай Рыч у 2004 г. для беларускай службы Радыё Свабода. Рэдактару сайту невядома, ці ягоны пераклад калі прагучаў. Тэкст зноў быў перакладзены ў 2011 г.
Гэты тэкст быў напісаны Верай Рыч у 2004 г. для беларускай службы Радыё Свабода. Рэдактару сайту невядома, ці ягоны пераклад калі прагучаў. Тэкст зноў быў перакладзены ў 2011 г.

Вы запытваецеся пра галоўны дзень майго жыцьця. Калі казаць толькі пра адну падзею, то яна здарылася ў кастрычніку 1953 г., калі мне было 17 гадоў. У той час я рэгулярна хадзіла ў бэнэдыктынцкую рыма-каталіцкую парафію Хрыста Ўладара ў паўночным Лёндане. Тады мовай багаслужэньняў у рымскім абрадзе была лаціна; аднак адзін з законьнікаў быў абсалютна перакананы, што моладзь у парафіі павінна разумець, што “каталіцкае” не абавязкова значыць “лацінскае”. Ён ладзіў розныя нагоды, каб адукоўваць нас пра іншыя абрады, запрашаў сьвятароў служыць літургію ў іх традыцыях. Памятаю сырыйскага сьвятара і маланкарскага – з Індыі. А аднойчы ён павёў групу нашае моладзі да Беларускай каталіцкай місіі, таксама ў паўночным Лёндане, за якіх 6 кілямэтраў. Я засмуцілася, калі наш сьвятар сказаў, што хоць літургія будзе ў бізантыйскім абрадзе, мовай багаслужэньня там – царкоўна-славянская, а ня грэцкая, – я вывучала грэцкую ў школе. Але ўсё роўна – падумала я, – якая б мова ні была, мне будзе цікава.

Для іншых візыт быў малацікавым, а для мяне ён стаў пачаткам новага жыцьця. Калі я ўвайшла ў тую прыгожую маленькую царкву, у мяне ўпершыню зьявілася дзіўнае адчуваньне, што менавіта там мне й належыла быць. Гэтае адчуваньне мяне не пакідала і потым, так што праз колькі тыдняў я зноў пайшла туды, потым зноў і зноў…

Мая маці напачатку была неспакойная з-за майго нечаканага новага інтарэсу. Аднойчы і яна пайшла са мной і тое самае сталася зь ёй. Пазьней бабка і дзед далучыліся да нас, каб пабачыць, што ж там такое дзеіцца… астатняе, як кажуць, – гісторыя.

Мая маці і я навучыліся сьпяваць у хоры. Паціху я вучыла беларускую мову, перадусім на слых, праз казаньні. Потым пачала перакладаць беларускую паэзію. Украінцы таксама папрасілі ўзяцца за іх вершы, так што калі я заканчвала ўнівэрсытэт, у мяне ўжо выйшла кніга перакладаў украінскага песьняра Тараса Шаўчэнкі. Гэта дапамагло мне быць заўважанай у ангельскім паэтычным сьвеце, а таксама знайсьці працу прафэсійнага перакладчыка менш узьнёслых тэкстаў.

А потым зьявілася “Like Water, Like Fire” – першая анталёгія беларускай паэзіі па-ангельску, а быць можа і ўвогуле – першая на заходне-эўрапейскай мове. Нячаста здараецца быць першым у нейкай сфэры, і для мяне гэта было гонарам.

Хутка пасьля зьяўленьня “Like Water, Like Fire” рэспэктабэльны навуковы тыднёвік Nature запрасіў мяне стаць іхным карэспандэнтам па ўсходняй Эўропе і Савецкім Саюзе (к гэтаму часу я крыху падвучыла расейскую і польскую). Там я адпрацавала больш за 20 гадоў. Я была ў вельмі дзіўнай сытуацыі, бо ані саветы, ані чэхаславакі, ані ўсходнія немцы не давалі мне візы. Але гэта не спыняла мяне знаходзіць і пісаць пра тое, што адбывалася ў тых краінах! А ў тых краінах, куды мне атрымлівалася патрапіць, здараліся – скажам так, – розныя прогоды… але гэта таксама ўжо гісторыя!

Калі верыць календару, мне амаль 64 гады. Але ў новым жыцьці, калі адлічваць ад кастрычніка 1953 г., мне толькі крыху больш за 46. І гэта добра, бо ў гэтым жыцьці мне яшчэ багата чаго трэба зрабіць – калі Бог дасьць здароўя і сілаў.

30 красавіка 2004

belarusians.co.uk