«Толькі праз пяцьдзясят гадоў я паразмаўляла з роднымі мамы-беларускі»

Ірына Маякавене нарадзілася ў Казахстане, вырасла ў Літве, цяпер жыве ў Англіі. Пра свае карані даведалася дзякуючы інтэрнэту.

Ірына Маякавене нарадзілася ў Казахстане, вырасла ў Літве, цяпер жыве ў Англіі. Пра свае карані даведалася дзякуючы інтэрнэту.

Бацькі Ірыны літовец Юстынас Дзішкас і беларуска Ніна Хмель пазнаёміліся ў пачатку 1960-х у цягніку па дарозе ў Казахстан. Абое ехалі на працу ў Каражал, тады яшчэ пасёлак. Ажаніліся, а неўзабаве нарадзілася Ірына. Праз шэсць месяцаў, у лютым 1962 года, Ніна Дзішкене памерла. Пасля пахавання бабуля-літоўка забрала ўнучку да сябе ў Каўнас. Бацька вярнуўся з вахты праз год. Неўзабаве ён ажаніўся другі раз.

Ірына кажа, што ёй пашчасціла: другую жонку свайго бацькі яна дагэтуль называе мамай. А вось з бацькам далёка не ўсё было так бясхмарна. Ён любіў зазірнуць у чарку, часцей бавіў час з сябрамі, чым з сям’ёй. Калі Ірыне споўнілася шаснаццаць, бацька сышоў да іншай жанчыны. «Ён часта абяцаў адвесці мяне ў Каражал на маміну магілу, але так і не зрабіў гэтага». Пра тое, адкуль паходзіць яе мама, пра сваіх сваякоў-беларусаў, Ірына даведалася толькі сёлета. І дапамаглі ёй у гэтым незнаёмыя людзі.

«Незнаёмцы з усяго свету дапамагалі мне»

Ірына ўсё жыццё марыла даведацца пра сваё паходжанне, але на актыўныя пошукі наважылася толькі два гады таму. Падала заяўку на перадачу «Чакай мяне», а таксама на спецыялізаваныя сайты, якія займаюцца пошукам сваякоў. На адным з іх сваю дапамогу ёй прапанаваў Васіль Раманюк са Жлобіна. Ён параіў жанчыне падаць запыт у ЗАГС Каражала. У Ірыны засталіся дакументы — пасведчанне аб шлюбе бацькоў і пасведчанне аб смерці мамы. Праз інтэрнэт жанчына пазнаёмілася з жыхарамі і ўраджэнцамі Каражала, папрасіла дапамагчы.

Некалькі чалавек пагадзіліся. Сярод іх былі і тыя, што ўжо даўно не жывуць у Казахстане — хто грамадзянін Германіі, хто — Расіі. Ірына з удзячнасцю называе дзясяткі прозвішчаў неабыякавых незнаёмцаў. Урэшце яна даведалася месца нараджэння мамы і даслала звесткі Васілю ў Жлобін. Праз тыдзень яна ўжо ведала падрабязнасці.

Мама Ірыны нарадзілася ў вёсцы Лазавікі (цяпер Астроўшчына), што на Полаччыне, у сям’і Аляксандра і Зінаіды Хмель. Яна была малодшай з 14 дзяцей (выжыла 7).

У студзені 1938 года дзеда Ірыны Аляксандра арыштавалі. 26 лютага таго ж года камісія НКВД вынесла прысуд — вінаваты паводле арт. 68, 71 КК БССР. Непісьменнага селяніна абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і праз месяц расстралялі. Аляксандр Сямёнавіч Хмель быў рэабілітаваны праз паўстагоддзя.

«Цяпер я ведаю, хто я, адкуль мае карані»

Апошнія тры гады Ірына Маякавене жыве ў Англіі, працуе нянькай. З ёй на Туманны Альбіён перабраліся дзве дачкі 16 і 20 гадоў. У Беларусі ў Ірыны жыве тузін стрыечных братоў і сясцёр, а таксама пляменнікі. З імі яна паразмаўляла ізноў жа дзякуючы Васілю Раманюку, які арганізаваў дзеля гэтага імправізаваны інтэрнэт­мост. «Такой вясны, як гэта, у мяне яшчэ не было», — дзеліцца ўражаннямі Ірына. Цяпер яна ведае, што адчуваюць героі перадач кшталту «Чакай мяне». «Нарэшце я ведаю, хто я, адкуль мае карані».

Яна просіць праз газету падзякаваць свайму дабрадзею. «Васіль Мікалаевіч — проста цуд, а не чалавек!»

Васіль Раманюк кажа, што не вядзе падлік знойдзеных з яго дапамогай людзей. «Пачалося з таго, што ў 2006-м мне самому дапамаглі адшукаць стрыечных братоў, якіх я не бачыў больш за 30 гадоў. А потым я ў знак удзячнасці пачаў дапамагаць іншым». Ён спецыялізуецца на пошуку загінуўшых, але не адмаўляе, калі просяць аднавіць радавод.

На форуме сайта «Дарогамі Беларусі» ёсць раздзел, прысвечаны пошуку родных і сяброў. У ім Васіль Мікалаевіч пад крыптонімам РВН пакінуў больш за 2000 допісаў. Гэта інфармацыя пра месцазнаходжанне пахаванняў, звесткі з архіваў і ЗАГСаў, розныя падказкі і тлумачэнні, дзе і як шукаць сваіх блізкіх. Захапіўшыся пошукам чужых людзей, Васіль Раманюк аднавіў і ўласны радавод да пятага калена. «Гэта цяжкая праца, але і ўдзячная», — кажа ён.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение