У Вільні адкрылі Дом аб'яднанай Беларусі

У Вільні быў урачыста адкрыты Дом аб'яднанай Беларусі (House of United Belarus, HUB), альбо Беларускі народны цэнтр, як прапаноўваюць называць яго заснавальнікі. Гэта праект, які яднае прадстаўнікоў грамадскай і палітычнай апазіцыі з Беларусі, якія дзейнічаюць у Літве.
Міністар замежных справаў Літвы А.Ажубаліс вітае Ю.Алейніка, аднаго з арганізатараў Дому

Міністар замежных справаў Літвы А.Ажубаліс вітае Ю.Алейніка, аднаго з арганізатараў Дому

Новы беларускі грамадскі цэнтр у Вільні віталі літоўскія парламентары, дыпламаты, грамадскія дзеячы з розных краін. Міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс адкрыў гэтае новае беларускае прадстаўніцтва ў Літве і заклікаў беларускія і літоўскія НДА, акадэмікаў і інтэлектуалаў супрацоўнічаць з Домам аб'яднанай Беларусі ў культурных і навуковых праектах на карысць Беларусі. "Літва і Беларусь маюць стагоддзі супольнай гісторыі, разам літоўцы і беларусы перажывалі і добрыя часы, і акупацыі ды гвалт. Так што гэтая ініцыятыва, гэты праект дапаможа беларусам рэагаваць на сітуацыю, што склалася цяпер у іх краіне. Мы хацелі б, каб Беларусь, як наша бліжэйшая суседка, стала б дэмакратычнай краінай з высокім дабрабытам яе жыхароў. Спадзяюся, што пакуль Віленскі Дом аб'яднанай Беларусі стане другім домам беларусам у іх выгнанні. Зычу, каб гэта было месца, дзе б сапраўды аб'ядналіся беларускія актывісты", — сказаў Аўдронюс Ажубаліс.

"Вашая барацьба — гэта нашая барацьба" "Мы ўсе тут дома," — сказаў у сваім выступе ў часе адкрыцця кіраўнік замежных спраў Сойму Літвы Эмануэліс Зінгерыс. — Тут, у Вільні, адчуваў сябе дома наш патрыярх Басанавічус, ваш асветнік Скарына, мы ўсе тут дома, і мы хацелі б, каб вы адчувалі сябе ў Вільні дома, — беларусы, усе свабодныя сілы Беларусі. Ведаеце, мы ў Літве стварылі парк Грутас, але забыліся, што можна бачыць такі самы музей памерам у цэлую краіну побач з намі. Яго стварыў спадар Лукашэнка, захапіўшы ўсю ўладу ў дзяржаве. Там стаяць такія самыя помнікі Феліксу Дзяржынскаму, там брэжнеўскія часы вярнуліся назад. Мы думалі, што гэта усё пераможана, але і цяпер, праз 20 гадоў, як мы перамаглі гэта тут, мы працягваем тую самую барацьбў — цяпер разам з беларусамі. Вашая барацьба — гэта нашая барацьба. Для нас блізка і зразумела, супраць чаго і за якія каштоўнасці вы змагаецеся". "Назіраючы за тым, што робіцца ў Беларусі, якая палітычная сістэма там умацавалася, якія прыкметы эканамічнай катастрофы заўважныя, трэба рыхтавацца да даволі доўгай барацьбы, назавем гэта так, — заўважыў літоўскі парламентар Пятрас Ауштравічус. — І трэба мабілізаваць усе палітычныя сілы, маючы на ўвазе, што ў Беларусі мае быць у выніку нармальная шматпартыйная сістэма, так што ва ўсіх напрамках трэба ўзмацняць палітычныя сілы. Натуральна, што падобных цэнтраў мае быць прынамсі не адзін, а некалькі, каб беларусы маглі аб'ядноўвацца паводле сваіх поглядаў, накірункаў дзейнасці. І чым шэрэй дзейнасць, тым лепш для ўсіх. Я ад ўсёй душы жадаю, каб Дом быў заняты канкрэтнымі справамі, дзейнасцю. Вельмі сімвалічна, што Дом аб'яднанай Беларусі — на вуліцы Басанавічуса, гэта адна са старажытных вуліц колішняга старога гасцінца, які вёу на Трокі, так што гэта рух, сімвал руху. Спадзяюся, што гэты цэнтр аб'яднае ўсіх, хто хоча зрабіць добрае для Беларусі і спрычыніцца найлепшым чынам для выхавання будучых дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі". Альтэрнатыўная амбасада Дом месціцца ў Вільні на вул. Басанавічуса, непадалёк ад будынка амбасады РБ у Літве. "Мы — альтэрнатыўная беларуская амбасада", — адзначаюць заснавальнікі новага беларускага цэнтру ў Вільні.

"Калі, да прыкладу, кіраўнік Беларусі ў сваіх прамовах называе лаянкавымі мянушкамі Жазэ Мануэля Барозу, мусіць быць такое прадстаўніцтва Беларусі, якое магло б заявіць свету, што такія выказванні не ёсць меркаваннем усяго беларускага народу", — кажа каардынатар Офісу грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве Юры Алейнік.

Юры Алейнік

"Гэта такая пляцоўка для ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі, я б нават не называў гэта арганізацыяй, — менавіта такую пляцоўку мы імкнуліся ствараць ад самага пачатку, ад таго часу, як мы былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Пляцоўка, дзе будзе выпрацоўвацца агульная стратэгія деянняў, каардынавацца дапамога пацярпелым ад палітычных пераследаў. Гэта будзе не нейкая чарговая арганізацыя, гэта грамадска-палітычная пляцоўка. У Вільні есць беларускі Дом правоў чалавека, там навучаюцца праваабаронцы. Нашая пляцоўка - іншая. Мы кажам, што дзейная ў Беларусі ўлада не прадстаўляе народ. Гэтая ўлада ўзурпавала палітычную ўладу ў Беларусі. Мы — прадстаўнікі дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты, якія разам набралі больш за 50 % галасоў на апошніх выбарах. Мы маем права прадстаўляць народ Беларусі, выступаць ад імя народу. Вось гэтая пляцоўка менавіта і ёсць для таго, каб выступаць ад імя беларускага народу", — тлумачыць Юры Алейнік. Беларускі народны цэнтр, альбо Дом аб'яднанай Беларусі арганізаваны актывістамі Офісу беларускага грамадскага і палітычныга прадстаўніцтва ў Літве, яго стварылі ў Вільні палітыкі і актывісты з Беларусі, якія тут хаваюцца ад палітычнага пераследу. "Адкрыццё Дому — гэта толькі першыя паўкрокі, самае асноўнае і складанае наперадзе, — наперадзе шмат працы. Вельмі хацелася б, каб прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, грамадзянскай супольнасці знайшлі паміж сабой разуменне, не сварыліся, знайшлі тое, на чым можна пагадзіцца", — адзначыў у часе адкрыцця адзін з арганізатараў, Віктар Гарбачоў, лідар руху "За свабоднае прадпрымальніцтва".

Пляцоўка для сумоўя

Віктар Гарбачоў

"Я бачу, што гэты Дом у Вільні можа быць такой пляцоўкай для размовы,  для планавання таго, як ісці далей. Гэта вельмі складана, таму што тыя людзі, якія тут усё арганізоўвалі, а гэта цягнулася паўгады, яны спадзяваліся, што гэта будзе раней, хутчэй, але столькі было юрыдычных, бюракратычных працэдураў — вось усё гэта яны здолелі прайсці, але цяпер яны стаяць на шляху іншых выпрабаванняў. Гэта — сумоўе, супраца з тымі, з кім яны разам ішлі на плошчу, а сёння, мне здаецца, з’явіся такі нейкі бар'ер: маўляў, яны з'ехалі, ім лягчэй, а мы вось засталіся ў Беларусі. Гэтага не павіна быць. Проста, калі ты сядзіш у Беларусі, узнікае гэтая праблема — як і дзе сутрэцца, сабрацца спакойна, каб усё абмяркаваць, шчыра свабодна паразмаўляць, — і вось цяпер ёсць такая магчымасць у Вільні. І я лічу, што трэба выкарыстоўваць такую магчымасць. Вельмі шмат сёння стэрэатыпаў у сёняшняй дэмакратычнай Беларусі, стэрэтыпаў ва ўспрыманні адін аднаго, статусаў, роляў. Мы павінны памятаць, што аб'ектыўна мы — слабыя, і нашая моц толькі тады будзе, калі мы аб'яднаемся", — сказала радыё Свабода Тацяна Караткевіч з грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". Падтрымка і сябры "На жаль, у нас на радзіме сітуацыя змяняецца толькі да горшага, — дадала віцэ-старшыня партыі "Надзея" Валянціна Матусевіч. — Як не было свабоды слова, сабранняў, сумленных выбараў, так іх і няма. Затое мы маем безліч арыштаў, ператрусаў, несправядлівых прысудаў. Мы ж жадаем жыць свабодна і сумленна, адкрыта. І нам у Беларусі вельмі каштоўная падтрымка ўсіх тых з-за мяжы, хто не дае нашай уладзе злоўжываць сваёй сілай без меры". Дзейнасць новага Беларускага Дому ў Літве будзе падтрымлівацца сродкамі Фонду дэмакратыі і развіцця, створанага ў 2007 годзе Цэнтрам студыяў Усходняй Еўропы. Віленскі Дом аб'яднанай Беларусі плануе штогод праводзіць сустрэчы Клубу беларускіх сяброў, ладзіць культурныя і навуковыя імпрэзы. "Гэта нашыя саюзнікі, і думаю, што такіх грамадзянскіх пляцовак мае быць як найбольш, і не абавязкова толькі для той краіны, аб якой мы ўвесь час так шмат гаворым (Беларусь). Дэмакратыі зашмат не бывае", — сказаў радыё "Свабода" Стасіс Каўшыніс, старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў.

Таццяна Поклад, "Радыё Свабода"