У Жытоміры прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі Беларусі

Ва ўкраінскім Жытоміры прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. За пасярэдніцтвам Ігара Коктыша, палітычнага ўцекача з Беларусі, былі сабраныя подпісы ўкраінцаў за вызваленне затрыманых за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.Петыцыя была накіраваная беларускім уладам. Галоўная ж мэта, прыцягнуць увагу жыхароў Украіны да беларускай сітуацыі была дасягнутая, адзначае Ігар Коктыш:- На моц погляд акцыя прайшла вельмі паспяхова для такога горада як Жытомір. Было сабрана 300 подпісаў – гэта вельмі шмат. Людзі рэагавалі пазітыўна, хоць вядома былі і негатыўныя меркаванні, але гэта ў асноўным былі людзі старэйшага пакалення з камуністычнымі поглядамі. Акцыя ставіла перад сабой дзве мэты: паінфармаваць насельніцтва і сабраць подпісы, якія мы накіравалі ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Кіеве. Па законе яны абавязаныя разглядаць звароты грамадзян.Сам Ігар Коктыш не губляе надзеі вярнуцца ў свабодную Беларусь, якая магчымая ужо толькі пры новай уладзе, але зараз змагаецца за наданне яму афіцыйнага статуса палітычнага ўцекача ва Украіне. Пакуль змаганні ў судзе са скаргамі на адмоўныя адказы ўкраінскіх уладаў ні да чаго не прывялі. Наступнае паседжанне ў справе Коктыша запланаванае на 24 чэрвеня.

Радыё Рацыя