Берасцейскі гурт «Сцяна» выступіць у Берліне

Музыкамі зацікавіліся пасля іх перамогі на буйным польскім рок-фэсце.

Гурт «Сцяна» 11 чэрвеня стаў лаўрэатам рок-фестывалю ROCK NOCĄ у горадзе Зялёна Гура.«Нам было вельмі прыемна, калі мэр горада дзякаваў за выступ, калі публіка нас актыўна падтрымлівала. Мы былі адзіныя ў конкурсе, хто спяваў на сваёй мове. Пасля задавалі шмат пытанняў наконт шоубізу ў Беларусі. Кожны адсыпаў кампліменты за прыгожую мову. Нам нават няёмка было казаць, што на сваёй мове беларусы не размаўляюць, а беларускамоўныя гурты знаходзяцца пад забаронай. Таму проста дзякавалі, замежнікі ўсё роўна не зразумеюць як такое можа быць», — сказаў вакаліст каманды Павал Прохараў інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».Музыкі ў якасці прыза атрымалі 10000 злотых. Акрамя гэтага, беларускі гурт запрасілі выступіць у Берліне: у журы былі немцы.У папярэднія гады на фестывалі ROCK NOCĄ беларускія музыкі станавіліся толькі другімі — D_tails (2009) і J-J Bingz (2010).

"Наша Ніва"