Партугалія ў захапленні ад беларускай культуры бо не разумее яе

На мінулым тыдні ў партугальскім горадзе Эвара прайшла першая частка вялікага міжнароднага праекта "Show Belarus Show Europe".

"Людзі праз неразуменне, літаральна праз некалькі хвілін прыходзілі ў захапленне, - распавёў фатограф Юры Маціюн. - Гэта было так незвычайна і цікава для іх, што яны гэта адразу палюбілі. Я назіраў выключна станоўчыя эмоцыі".Прадстаўляць нашу краіну ў самай заходняй частцы Еўропы паехалі этнічны гурт "Akana", фатограф Юры Маціюн, мастакі Алена Тылькіна і Канстанцін Селіханаў. У самым папулярным сярод моладзі клубе, які знаходзіцца ў цэнтры горада, была зладжаная агульная выстава беларусаў ды вядомага партугальскага фатографа Пэдра Лоба і маладога мастака Антоніа Мантэйра."Выстава была дзіўнай, - падзяліўся Юры, - бо людзей, якіх бы зацікавіла такая падзея, было дастаткова мала. Але тлумачэнне я атрымаў, калі пагутарыў з адным партугальцам. Ён папрасіў прабачэння, што людзі не ведаюць дзе знаходзіцца Беларусь, і ўвогуле мала чым цікавяцца. Маўляў, яны жывуць тварам да акіяна, а азадкам да ўсіх астатніх. І ўсё, што яны робяць, гэта глядзяць на акіян, і на ўсё ім пляваць".Але фатограф адзначыў, што людзі выказвалі шчырую зацікаўленасць працамі беларусаў. А на маю думку, на адкрыццё беларускага вечара ў партугальскай Эвары прыйшло значна больш людзей, чым сабралася б на адкрыццё партугальскага вечара, напрыклад у Маладзечне. Да таго ж у клуб, дзе праходзіла выстава і канцэрт, больш людзей напэўна і не змясцілася б.

Дарэчы, памеры клуба і яго інтэр'ер крыху абурыў скульптара Канстанціна Селіханава, які быў бы не супраць быць больш шырока прадстаўленым. Але гэта не перашкодзіла Канстанціну атрымаць сваю асалоду ад мерапрыемства."Мне вельмі спадабаліся фатографы. Што ж тычыцца іншых відаў мастацтва: жывапіс, графіка, то тут выбар арганізатараў, але мне не вельмі спадабалася. Увогуле, мне больш спадабалася атмасфера. "Братанні" беларускіх і партугальскіх музыкаў выклікалі поўнае... Зноў жа, на фоне нашых прац. - смяецца мастак - Да таго ж мне падалося, што мы выглядалі больш прафесійна і падрыхтавана ў пэўным сэнсе".Сапраўды, партугальскія музыкі проста ўражвалі сваёй энергетыкай і майстэрствам, прычым адбывалася гэта на фоне агульнага павольнага, размеркаванага жыцця мясцовых жыхароў. Кожны раз, прыходзячы на сустрэчу да беларусаў, замест прывітання яны выконвалі якую-небудзь вясёлую песню, незалежна ад таго, дзе гэта адбывалася: у сталоўцы, кавярні, гатэлі, на вуліцах горада... Склалася ўражанне, што яны нават спяць з музычнымі інструментамі."Слухачы адзначалі, што паміж намі вельмі хутка ўсталёўвалася такая музычная камунікацыя. - кажа ўдзельніца гурта "Akana" Руся, - Гэта нягледзячы на тое, што мы рыхтаваліся да канцэрта літаральна адну гадзіну, проста раскідаўшы партыі і асноўныя мелодыі. Пад час канцэрта ўсё выглядала так, нібыта мы працуем разам ужо некалькі гадоў. То бок адбыўся сапраўды шыкоўны саюз".Наведала беларускі вечар нечакана шмат людзей. Выступ "Akana" слухалі ад пачатку да канца людзі абсалютна рознага веку і ўвесь час ўзрушана пераглядаліся адзін з адным. Бачыць такую рэакцыю было вельмі прыемна і ганарліва. Але ня гэта, майстар класы беларускіх прадстаўнікоў культуры прайшлі перад невялікай колькасцю наведвальнікаў. Цалкам магчыма, што тут сваю ролю адыграла тое, што яны пачыналіся дастаткова рана, а партугальцы выходзяць на вуліцы не раней за 18 гадзін. Да таго ж, менавіта ў гэты дзень пайшоў дождж.

Сапраўднай разынкай беларускіх "ворк-шопаў" стала дзяўчына з Бразіліі, якая прыехала адмыслова, каб паглядзець на беларусаў, але пра гэта я распавяду вам пазней.

Больш падрабязна пра кампанію Show Belarus Show Europe можна паглядзець тут

"Еўрарадыё"