Беларуская культура пад цэнзурай?

31-га траўня ў Польшчы ў Вроцлаве пачаліся Дні беларускай культуры. На гэты раз не абышлося без нечаканасцяў: упершыню не змаглі ўзяць удзел у імпрэзе беларускія тэатральныя калектывы па палітычных матывах. З іншага боку, гэта толькі павысіла інтарэс польскай публікі да фестывалю.

31-га траўня ў Польшчы ў Вроцлаве пачаліся Дні беларускай культуры. На гэты раз не абышлося без нечаканасцяў: упершыню не змаглі ўзяць удзел у імпрэзе беларускія тэатральныя калектывы па палітычных матывах. З іншага боку, гэта толькі павысіла інтарэс польскай публікі да фестывалю.

31-га траўня ў Вроцлаве пачаліся Дні беларускай культуры. У рамках гэтага фестывалю ўжо адбылася выстава сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва на галоўнай плошчы горада. Учора там жа адбыўся вечар беларускай паэзіі ды сустрэча з вядомым беларускім літаратарам Уладзімірам Арловым. Пра тое, як прайшла гэтая вечарына, распавядае арганізатар фестывалю Мікола Іваноў з Фонду „За нашу і вашу свабоду”.

Мікола Іваноў: Мы баяліса, што ў сувязі з праблемамі вакол фестывалю будзе мала людзей, але ўсё стала наадварот. Учора ў нас выступаў вядомы беларускі літаратар, лаўрат узнагароды “Еўрапейскі паэт свабоды” Уладзімір Арлоў. Адбылася вельмі цікавая дыскусія. На галоўнай вроцлаўскай плошчы праходзіць таксама выстава беларускіх мастакоў: Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Уладзіміра Кіслага ды іншых.

Сёння ў праграме тэатральны вечар. Першапачаткова арганізатары планавалі, што жыхары Вроцлава ўбачаць “Пінскую шляхту” у выкананні Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы. Дамоўленасць з тэатрам ужо была, аднак кіраўніцтва тэатру адмовілася прыехаць. З-за забароны з боку Міністэрства культуры, кажа Мікола Іваноў.

Мікола Іваноў: Мы запрасілі тэатр Янкі Купалы, але ўлады ім выкруцілі рукі ды не дазволілі прыехаць. Мы запрасілі іншы тэатр, ім таксама не дазволілі. Зараз ужо трэці тэатр запрашаем, ды невядома, ці яны прыедуць.

Паводле словаў мастацкага кіраўніка тэатру Мікалая Пінігіна, фестываль, які праходзіць у Вроцлаве, не мае нічога агульнага з беларускай культурай. Гэта палітычнае мерапрыемства і дзяржаўны тэатр у ім не можа браць удзелу.

Мікалай Пінігін: Гэтае мерапрыемства называецца Дні беларускай культуры, але з культуры там павінен быў быць толькі Купалаўскі тэатр, а ўсё астатняе – гэта палітычнае мерапрыемства. Тэатр пазіцыянуе сябе так: мы як дзяржаўны тэатр не можам удзельнічаць у палітычных мерапрыемствах. У нас будуць праблемы. У нас была зацікаўленасць ды мы падпісалі дамову, але нас ніхто не папярэджваў, што гэта цалкам палітычнае мерапрыемства. Потым, калі гэта высветлілася з інтэрнэту... Вы ж разумееце, мы дзяржаўны тэатр і мы не можам прыватна вырашаць такія праблемы.

Пасля адмовы нацыянальнага тэатру арганізатары запрасілі іншы калектыў - „Д.О.Ш.К.І.”. У апошні момант трупа таксама адмовілася прыяжджаць з-за ціску з боку ўлады. Гаворыць Мікола Іваноў.

Мікола Іваноў: Беларускія ўлады забаранілі прыезд к Вроцлаў тэатру імя Янкі Купалы ды танцавальнаму калектыву „ Д.О.Ш.К.І.”. Кіраўніка калектыву выклікалі ў міністэрства ды пагразілі тым, што забяруць ліцэнзію.

У міністэрстве культуры Беларусі нічога не ведаюць пра гэтую справу. Гаворыць прэс-сакратар міністэрства Ганна Смольская.

Ганна Смольская: Я ўпершыню чую пра гэта ад вас. Праз мяне такая інфармацыя не праходзіла і я не ведаю, як пракаментаваць гэтую сітуцыю. Афіцыйна праз мяне нічога не праходзіла па гэтаму пытанню.

Пасля дзьвюх няўдалых спробаў арганізатары трымалі ў таямніцы да ўчорашняга дня назву наступнага калектыва, які яны запрасілі. Сёння стала вядома, што выступаць будзе гарадзенскі прыватны тэатар „Правінцыя”. Польская грамадскасць актыўна зрэагавала на гэтую сітуацыю. Паводле словаў арганізатара, сёння чакаецца аншлаг.

Мікола Іваноў: Мы з самага пачатку намагаліся зрабіць непалітычным гэты фестываль: палітычныя мерапрыемствы асобна, і культурная праграма - асобна. З іншага боку, немагчыма не звяртаць увагу на тое, што ў Беларусі ідуць палітычныя суды, расце колькасць палітычных зняволеных. Мы запрасілі прыватны тэатр “Правінцыя” з Горадні. Мы спадзяемся, што жыхары сталіцы Ніжняй Сілезіі будуць задаволеныя выступам беларускіх артыстаў. Тым больш, што врацлавяне ў знак салідарнасці вельмі ахотна прыходзяць, звоняць нам і выказваюць сваё абурэнне гэтымі дзеяннямі.

Сітуацыя з непрыездам узельнікаў адбываецца ўпершыню. Паводле словаў Яна Анджэя Дамброўскага, дырэктара Фонду “Калегіюм Усходняй Еўропы” ў Вроцлаве, арганізатара пяці папярэдніх фестываляў з цыклу Дні беларускай культуры, раней не здаралася, каб хтосці не прыяжджаў з Беларусі з афіцыйнага ці апазыцыйнага боку.

Ян Анджэй Дамброўскі: Мы арганізавалі пяць разоў фестывалі беларускай культуры. Да нас прыяжджалі вельмі розныя творцы і ніколі не здарылася, каб нехта не атрымаў візу ці некага не выпусцілі і г.д. Я не ведаю, як цяпер працавалі арганізатары, і мне цяжка сказаць. У нас ніколі не было праблемаў з гасцямі. Бывалі прадстаўнікі ўлады ды апазіцыі, і заўсёды без канфліктаў. Можа некаму не падабалася, але мне пра гэта нічога невядома.

Дні беларускай культуры ў Вроцляве працягнуцца да 5-га чэрвеня. У праграме - канцэрт гурта „Рэха”, вечар салідарнасці з палякамі ў Беларусі і вечар салідарнасці з беларускім народам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, "Польскае радыё для замежжа"