У Беластоку адбыўся беларускамоўны малебен

Малебен за навучэнцаў беларускай мовы прайшоў у Беластоку. З нагоды завяршэння школьнага года ў царкве святога Юрыя сабраліся вучні пачатковых школ, гімназій і ліцэяў.
Малебен за навучэнцаў беларускай мовы прайшоў у Беластоку. З нагоды завяршэння школьнага года ў царкве святога Юрыя сабраліся вучні пачатковых школ, гімназій і ліцэяў.

У малебне, які адбыўся на беларускай мове, прысутнічалі таксама бацькі школьнікаў.

Як адзначыла Барбара Пякарская, кіраўнічка Аб’яднання бацкоў «АББА», ідэя арганізаваць малебен узнікла пяць гадоў таму:

– Гэта ўжо сталася традыцыяй, што завяршаем навучальны год не толькі свецкім мерапрыемствам, але хочам таксама падзякаваць Богу за тое, што ўсе шчасліва закончылі навучальны год, што ўсе здаровыя. Тым, хто прыходзіць на гэтыя малебны, становіцца неяк цёпла на душы і таму мы іх арганізуем кожны год. Я думаю, што будзем працягваць гэтую традыцыю і надалей.

Сябра Аб’яднання «АББА» Ірына Сегень адзначае, што малітва па-беларуску для яе асабіста – чарговы доказ таму, што Бог разумее па-беларуску:

– Трэба, каб нашы дзеці ведалі, што наша мова не служыць толькі на ўроках у школе (на вёсцы таксама ўжо цяжка яе пачуць), але што гэта таксама мова нашай малітвы і нашай Царквы. Пакуль не дайшлі мы да таго, каб літургія служылася на беларускай мове, дык па-мойму добра, калі на канец навучальнага года ўсе разам пачуем знаёмую нам малітву. Калі дзеці вывучаюць на ўроках беларускую мову, дык малітву ў падзяку за тое навучанне павінны таксама пачуць на той мове, якую вывучаюць.

У пятніцу 3 чэрвеня ў клубе «Фама» адбудзецца ўрачыстае завяршэнне школьнага года. Дзеці і моладзь пакажуць частку таго, чаму навучыліся за апошнія дзесяць месяцаў. Адбудзецца таксама сімвалічнае развітанне з выпускнікамі гімназій і ліцэяў, некаторы з якіх ужо завяршаюць вывучэнне беларускай мовы. Пачатак мерапрыемства ў 17 гадзін.

Валянціна Лаеўская, Лукаш Леанюк, "Радыё Рацыя"