Дні Беларускай Культуры пройдуць у Вроцлаве

Вроцлаў запрашае на Дні Беларускай Культуры, якія пройдуць з 31 траўня па 5 чэрвеня. Адным з галоўных іх арганізатараў выступае фундацыя “За Вольнасць Вашу і Нашу".

Вроцлаў запрашае на Дні Беларускай Культуры, якія пройдуць з 31 траўня па 5 чэрвеня. Адным з галоўных іх арганізатараў выступае фундацыя “За Вольнасць Вашу і Нашу".

Дні Беларускай Культуры распачнуцца адкрыццём выставы сучаснага жывапісу Беларусі на цэнтральным рынку горада. Таксама ў праграме – паказ спектакля “Пінская Шляхта” беларускага Купалаўскага тэатра, вечары салідарнасці з палякамі ў Беларусі і з беларускім народам.

Як адзначае адзін з валанцёраў па арганізацыі мерапрыемства Арцём Дубскі, у арганізацыі Дзён Беларускай культуры актыўна прымаюць удзел беларусы:

- Удзел у гэтым мерапрыемстве прымаюць беларусы, якія або працуюць, або навучаюцца ў Вроцлаве ці іншых гарадах. Мы запрашаем вельмі шмат гасцей і з іншых гарадоў. Гэта не першае такое мерапрыемства, але сёлета яно будзе больш маштабным Асноўныя мерапрыемствы будуць адбывацца ў гістарычным цэнтры горада, гэта вельмі шматлюднае месца.

У Цэнтры Вроцлава, па словах Арцёма Дубскага, ужо працуе фотавыстава, якая распавядае аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску:

- Выстава называецца “ Свабода па-беларуску”, там недзе 11 стэндаў стаіць. Шмат людзей спыняецца, звяртаюць увагу. Яны задаюць адзін аднаму і нашым валанцёрам, якія стаяць пры выставе, пытанні, а хто, як не беларусы, што жывуць у Польшчы, могуць распавесці пра сваю краіну і патлумачыць, што там адбываецца.

Удзел у Днях Беларускай Культуры ў Вроцлаве прымуць Аляксандр Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Іна Кулей, Анжаліка Арэхва і іншыя вядомыя асобы.

Яна Запольская, “Радыё Рацыя”