

Са сцэны Бельскага дома культуры гучаць як даўно вядомыя, так і зусім новыя кампазіцыі, аднак, як зазначае старшыня конкурснага журы Юстына Пожэзіньска, апекунам маладых спевакоў трэба звярнуць большую ўвагу на дабор рэпертуару.
- Як для мяне, то падбор рэпертуару не вельмі добры, часта бывае так, што дзеці спяваюць песні з дарослым тэкстам, нават можна сказаць зусім нецікавыя, што мне асабіста не вельмі падабаюцца. Вакальны бок таксама не найлепшы. І гэта відаць з году ў год, што сітуацыя не фантастычная.
У сваю чаргу апекуны наракаюць на недахоп дзіцячых песень наогул. Па іх словах вельмі мала кампануецца і пішацца выключна для дзяцей, таму часта звяртаюцца да народнага рэпертуару.
Лаўрэаты цэнтральнага конкурса беларускай песні для дзяцей і моладзі выступяць 25 траўня ў тэатры імя Венгеркі ў Беластоку на падвядзенні вынікаў конкурса “Пазнаем Беларусь”.
Наталля Герасімюк, “Радыё Рацыя”