Успаміны Галіны Руднік: Унікальны голас стагоддзя

Да дня нараджэння Беларускай службы Радыё Свабода выйшла юбілейная, 20-я кніга бібліятэкі Свабоды – эміграцыйныя ўспаміны ветэрана Радыё Свабода Галіны Руднік пад назвай “Птушкі пералётныя”

Птушкі пералётныя. Гэты надпіс на адваротным баку здымка даў назву кніжцы. Галіна Ганчарэнка і Барбара Вержбаловіч прыбылі з ЗША ў Мюнхэн, дзе неўзабаве пачнецца іх праца на Радыё Вызваленьне. Чэрвень 1954 г.

20 траўня – дзень народзінаў Беларускай службы Радыё Свабода. Да гэтай даты выйшла ў свет юбілейная, 20-я кніга бібліятэкі Свабоды – успаміны ветэрана Радыё Свабода Галіны Руднік “Птушкі пералётныя”.

Радыё Свабода яна аддала больш як сорак гадоў. А незадоўга да свайго васьмідзесяцігоддзя навучылася працаваць на кампутары і напісала ўспаміны свайго жыцця. Жыцця, якое заўсёды кідала ёй выклік, пачынаючы ад самага дзяцінства, якое прыйшлося пражыць з кляймом дачкі “ворага народу”. Вайна для яе пачалася ў адной еўрапейскай сталіцы – Мінску, а закончылася ў іншай – Берліне, і тут і там – пад бомбамі. У гэтым жыцці ёй даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы, будучы апорай іншым. Гэта яна выратавала жыццё паэтцы Наталлі Арсенневай. Гэта ёй даверыў замест сябе кіраваць царкоўным хорам Мікола Равенскі. Гэта яна пазнаёміла ў Нью-Ёрку бацькоў Данчыка – Юлю і Паўла. Гэта яе на працу ў беларускую Свабоду рэкамендаваў прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык. Чытайце кнігу жыцця Галіны Руднік – падзеі ХХ стагоддзя, знітаваныя лёсамі выдатных людзей:Галіна Руднік. Птушкі пералётныя. (pdf, 3,87MB)“Птушкі пералётныя – кніга палёту беларускай дзяўчыны з Бабруйска супраць урагану гісторыі над сталінскімі расстрэламі, нямецкай акупацыяй, лагерамі для перамешчаных асобаў у Амерыку і вяртання на заклік Рады БНР у Еўропу, каб працаваць на Радыё Свабода ад пачатку Беларускай службы ў траўні 1954-га аж да краху савецкай імперыі, які яна назаве галоўным вынікам сваёй працы. І дачка самага крывавага тырана ў гісторыі чалавецтва не знойдзе лепшага голасу, які б данёс яе словы да мільёнаў слухачоў за жалезнай заслонай, чым голас беларускай дзяўчыны з Бабруйска”.Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода

“Галіну я кожны дзень слухала на Свабодзе і прачытала яе кнігу з вялікім захапленнем. Я, магчыма, не першая гэта кажу, але сведчанні Галіны Руднік – гэта гісторыя беларускага народу ў дваццатым стагоддзі”.Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР

“Кніжка чытаецца вельмі лёгка, напісаная такім жывым стылем, праўдзіва, каларытна, з вострым пачуццём гумару, хоць ёсць там і вельмі змрочныя сцэны жыцця Галіны і яе сям'і. З вялікай прыемнасцю чытаем кніжку з жонкай Надзяй і цэлы шэраг сяброў ужо запісаліся ў чаргу”.Янка Запруднік, ветэран Радыё Вызваленьне/Радыё Свабода, гісторык, дзеяч беларускай эміграцыі

“Я кожную раніцу хаджу па вуліцы Пушкінскай, па той вуліцы, дзе жыла дзяўчынкай Галіна Руднік. Назва яе кніжкі "Птушкі пералётныя" для мяне вельмі сімвалічная. Для мяне гэта беларусы, раскіданыя па свеце, вымушаныя ратаваць сваё жыццё за межамі сваёй краіны”.Алесь Чыгір, настаўнік, краязнаўца з Бабруйска

Жаночых эміграцыйных успамінаў у нас не так шмат. Гэтыя ўспаміны Галіны Ганчарэнкі-Руднік ці не найбольш цікавыя з усяго таго, што я перад тым чытала”.Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, даследчыца беларускай эміграцыі

Я думаю, што прыйдзе час, і ў Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ адбудзецца Нюрнберскі працэс над расійскім бальшавізмам. Тады наўрад ці будуць жывымі сведкі злачынстваў, але за іх будуць сведчыць іх кнігі, іх успаміны. Таму такіх мемуарных кніжак трэба мець як мага болей, натхняць, каб сведкі гісторыі гэта рабілі так, як Галіна Руднік”.Захар Шыбека, прафесар, доктар гістарычных навук, даследчык гісторыі Мінска

Галіна Руднік. Родная хата ў Бабруйску вул. Пушкінская

Галіна Руднік з маці, цёткай Барбарай і дзедам

Галіна Руднік - выпускніца Нью-Ёрк Сіці Кoледжу

Яніна Каханоўская з дзецьмі Галіны Руднік у Венецыі, 1974

Галіна Руднік з сынамі Аляксандрам і Юрыем

"Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение