
Акцыя пратэсту была справакаваная удзелам мінскага рэстарана ў судовых працэсах над удзельнікамі Плошчы. Да справаў падсудных былі далучаныя заявы рэстарана McDonald's і крамы “Евросеть” пра ўпушчаны прыбытак увечары 19 снежня, калі ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Лонданскую акцыю пратэсту арганізавалі грамадзянская кампанія “Free Belarus Now!” і Беларускі Свабодны тэатр. Яе мэтай стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы выбару бізнес-структур паміж прыбыткам і гонарам. Каардынатар кампаніі “Free Belarus Now!” Ірына Багданава, сястра прысуджанага да 5 гадоў турэмнага зняволення кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каментуючы акцыю, сказала: “Мы спадзяваліся, што на працягу судовых працэсаў кампанія McDonald's недвухсэнсоўна адмяжуецца ад задумы ўладаў па ўцягванні камерцыйных структур у брудную палітычную гульню. Сённяшнюю акцыю мы праводзім для таго, каб бізнэс-структуры цвяроза ацэньвалі рэчаіснасць, і разумелі, што іхняя дзейнасць знаходзіцца пад кантролем грамадства”.
У акцыі ўзялі ўдзел актывісты кампаніі “Free Belarus Now!”, удзельнікі трупы Беларускага Свабоднага тэатра, беларускія і брытанскія грамадскія дзеячы. Падчас акцыі былі раздадзеныя сотні ўлётак, якія інфармуюць аб сітуацыі ў Беларусі, аб рэпрэсіях супраць палітычных актывістаў і грамадскіх дзеячаў.
Напярэдадні акцыі артыкул аб сітуацыі вакол удзелу рэстарана McDonald's у беларускіх судовых працэсах быў апублікаваны ў адной з вядучых брытанскіх газет – “Independent”.
“Хартыя’97”