У Беластоцкім універсітэце адбылася аўтарская вечарына Яна Чыквіна

Літаратурная вечарына вядомага паэта, прафесара, даследчыка беларускай і рускай літаратур Яна Чыквіна адбылася 17 траўня ў Беластоцкім універсітэце. Мерапрыемства праходзіла ў межах 9-га Падляшскага фестывалю навукі і культуры.

Літаратурная вечарына вядомага паэта, прафесара, даследчыка беларускай і рускай літаратур Яна Чыквіна адбылася 17 траўня ў Беластоцкім універсітэце. Мерапрыемства праходзіла ў межах 9-га Падляшскага фестывалю навукі і культуры.

Падчас імпрэзы прагучалі даклады пра беларускае літаратурнае аб'яднанне “Белавежа” і творчасць Яна Чыквіна як аднаго з яскравых прадстаўнікоў гэтага аб'яднання. Студэнты чыталі вершы паэта па-беларуску і ў перакладах на рускую мову.

Ян Чыквін лічыць, што такія імпрэзы ва ўнівесітэце перад маладой аўдыторыяй вельмі каштоўныя, бо нясуць інфармацыю пра беларускую культуру Падляшша:

- Імпрэза прайшла досыць цікава, яна мела нейкую дамінанту пазнавальную, тыя студэнты, якія, магчыма, мяне не ведалі як паэта, цяпер маглі даведацца. Для нашай нацыянальнай меншасці ў Польшчы гэта вельмі істотны момант. Каб у самім Беластоку, у горадзе, праз маладое пакаленне палякаў ішла інфармацыя, што ёсць такая з'ява, беларуская літаратура на Падляшшы, што яна жывая.

Арганізавалі імпрэзу сябры навуковага кола русістаў, якое існуе ў Беластоцкім універсітэце. Сам Ян Чыквін, адказваючы на пытанні вядоўцы сустрэчы, расказаў пра асаблівасці творчай дзейнасці і пра сваё разуменне паэзіі. Таксама ён чытаў пераклады польскіх паэтаў і свае ўласныя вершы.

Васіль Кроква, "Радыё Рацыя"