13 кіламетраў у гонар генерала Булак-Балаховіча

Арганізацыя “Беларуская Нацыянальная Памяць” зладзіла ў гонар генерала Булак-Балаховіча веласіпедны прабег па Варшаве працягласцю 13 км.

Арганізацыя “Беларуская Нацыянальная Памяць” зладзіла ў гонар генерала Булак-Балаховіча веласіпедны прабег па Варшаве працягласцю 13 км.

Пачаўся рэйд ад помніка Дэ Голю, далей удзельнікі прабегу праехалі праз мост Панятоўскага на правы бераг Віслы - на вуліцу Парыскую 27, месца смерці Булак-Балаховіча, затым наведалі Павонзскія могілкі, дзе знаходзіцца сімвалічная магіла генерала.

Удзельнікі рэйду пад бел-чырвона-белымі сцягамі, прымацаванымі да рамаў ровараў, распавялі чаму яны вырашылі паўдзельнічаць у акцыі.

- Я вельмі часта бяру ўдзел у беларускіх мерапрыемствах у Варшаве. Для мяне гэта нейкія маральныя вартасці. Люблю збірацца разам са сваімі роднымі людзьмі.

- Зацікавілася беларускай тэматыкай, хацела больш даведацца пра генерала Булак-Балаховіча.

Акцыя ўшанавання памяці беларускіх змагароў пройдзе і на Беласточчыне - паведаміў Анатоль Міхнавец.

- Гэтым рэйдам мы хочым гэтую памяць замацаваць, прапагандаваць, каб людзі далучаліся, каб ведалі. Братоў Булак-Балаховічаў было два: Станіслаў – старэйшы, а малодшы быў Язэп, якога забілі таксама – у Белавежскай пушчы агенты НКУС. 6 чэрвеня ўгодкі яго смерці. Таксама будзем рабіць такі рэйд – у мінулым годзе рабілі з Гайнаўкі да Белавежы, там ёсць яго магіла. Запрашаем таксама усіх далучыцца.

Булак-Балаховіч, асоба неадназначная і мае неадназначны лёс, які дрэнна даследаваны. Але дакладна вядома тое, што ён быў таленавітым вайскоўцам і змагаўся за вольную Беларусь. У гэтым годзе адзначаюцца 71-я ўгодкі са дня смерці беларускага генерала.

Паводле “Радыё Рацыя”