У Хельсінкі пройдзе "Вечар свабоды Беларусі"

10 траўня ў Хельсінкі, сталіцы Фінляндыі, у Нацыянальным тэатры адбудзецца “Вечар свабоды Беларусі”. Са сцэны тэатра прагучаць вершы Някляева, аповед пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, пра абставіны гучных судовых працэсаў над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты.

У акцыі возьмуць удзел фінскія акцёры, музыкі, рэжысёры. Гэта будзе адкрыты для ўсіх наведвальнікаў вечар.

“Фіны ведаюць пра Беларусь і шмат, і мала, — лічыць адна з арганізатараў акцыі Салідарнасці з Беларуссю Ева Някляева. — З аднаго боку, ад прадстаўнікоў МЗС мы ведаем, што ніколі яны не атрымлівалі столькі пасланняў ад фінскіх грамадзян, як пасля 19-га снежня. Ні з якой нагоды, што б у свеце ні здаралася, — не было такой бурнай рэакцыі. Фіны пішуць свайму міністру, сваім прадстаўнікам ва ўладных органах аб тым, што ім важна, што адбываецца ў Беларусі, і просяць вельмі канкрэтна: каб праблематыка Беларусі заставалася ў спісе важных праблем фінскай замежнай палітыкі. А з іншага боку, калі фіну распавядаць пра тое, што хтосьці сядзіць у турме, ці адбывае адміністрацыйны тэрмін, то фін прадставіць сабе ўтульную практычна камеру, ёгурт на сняданак, свежую садавіну…

З дапамогай гэтай акцыі мы б хацелі, у тым ліку, прыцягнуць увагу да праблематыкі Беларусі цяперашняга кабінета міністраў. Нагадаць пра тое, што адносіны з Беларуссю, дапамога Беларусі дэмакратычнай, — стала традыцыйнай часткай палітыкі Фінляндыі. Мы папросім прысутных падпісацца пад калектыўным лістом-«напамінам» да ўраду аб тым, што тэма беларускай палітыкі па-ранейшаму важная”.

Напярэдадні Вечара Свабоды Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя для фінскіх журналістаў. У яе рамках, з дапамогай skype, пра тое, як праходзяць суды над удзельнікамі перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, распавёў кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў.

Пачатак “Вечара свабоды Беларусі” ў Нацыянальным тэатры Хельсінкі 10 траўня а 20-й гадзіне.

“Наша Ніва”