Сярод ініцыятараў стварэння новай дзяржаўнай польскай агульнаадукацыйнай навучальнай установы з гуманітарным ухілам, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску, — Таварыства беларускай школы, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі Варшавы і Звяз школ інжынерыі навакольнага асяроддзя Гданьска. Гэтую ініцыятыву падтрымалі мэр Гданьска Павел Адамовіч і віцэ-мэр горада Мацей Лісіцкі, а таксама міністар адукацыі Польшчы Катажына Халь.
Каля 80 вучняў з Беларусі і Польшчы будуць вучыцца тры гады па праграме, якая адпавядае курсу навучання ў 8-11 класах сярэдняй школы Беларусі.
На пачатку мяркуецца спалучаць формы стацыянарнага і хатняга навучання, у залежнасці ад жадання бацькоў і навучэнцаў. Выпускнікі ліцэя будуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са стандартамі, прызнанымі ў Польшчы і Еўрапейскім Звязе.
Уладзімір Колас рэкамендуе жадаючым паступіць на курсы беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, якія працуюць пры мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны па аўторках і серадах з 16.00. Па выніках суразмоўя, якое будзе праводзіцца падчас навучання на курсах, вырашыцца пытанне аб залічэнні абітурыентаў у Гданьскі беларускі ліцэй.