Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Літва”

На старонках 1 нумару часопіса „Літва” за 1967 год была зьмешчана публікацыя Вацлава Пануцэвіча пра пісьменства на беларускіх землях (V. Panucevič, Da pytańnia pra miesca Prancisia Bahuševiča ŭ historyi biełaruskaj litaratury.(Artykuł A.Adamoviča ŭ Zapisach 3, 1964 h.), u: „Litva”, nr 1, studzień-červień 1967, Čykaha, s. 212-252).

Гэта палемічны артыкул, выкліканы публікацыяй Антона Адамовіча Да пытаньня пра месца Пранціся Багушэвіча ў гісторыі беларускай літаратуры, надрукаванай ў 3 нумары ,,Запісаў” за 1964 год.

Вацлаў Пануцэвіч прыгадаў, што пісьменнасьць ва ўсходніх славянаў існавала далёка да прыняцьця хрысьціянства на пачатку ІX ст., калі, па ягоных словах, умовы правадыроў усходнеславянскіх злучэньняў зь Бізантыяй пісаліся рускай мовай (прыгадваю, што рускай – гэта ня значыць расейскай). У Смаленску знойдзена гліняная пасудзіна з пачатку X ст. з кірылічным надпісам горушчна, а таксама напісы на прасьліцах, цэглах ды іншых вырабах рамесьніцкай вытворчасьці з XІ ст.

Вацлаў Пануцэвіч напісаў, што паводле Жыция Кірыла ўсіх 23 ведамых сьпіскаў, напісанага ў канцы ІX ст. вучнямі славянскіх апосталаў, Кірыл у часе свае Корсунаўскае паездкі ў 861 годзе дастаў ад нейкага русіна Эвангельле й Псалтыр, „русскими письмены писано” (тамсама). У зьвязку з гэтым В. Пануцэвіч не пагаджаецца зь меркаваньнем Р. Якабсона, на якога паклікаўся А.Адамовіч, што да канца XІ ст. адзінай стандартнай мовай для ўсіх славянаў была царкоўна-славянская мова. Дзеля прыкладу, прывёў „Рускую Праўду” Яраслава з XІ ст., дзе выступілі такія тэрміны, як: правда ‘збор пастановаў’, голова ‘забіты чалавек’, Головник ‘забойца’, истец ‘той, хто даходзіць крыўды’, обида ў значэньні ‘крыўды’, моуж ‘вольны чалавек’, раб ‘нявольны’, грыуна ‘адзінка грашовага разьліку’, смерд ‘селянін’, мытник ‘упаўнаважаны да збору мыта’ і г.д.

З фанэтычных асаблівасьцяў, якія адрозьніваюць рускую мову ад славяншчыны, В. Пануцэвіч назваў: паўнагалосьсе: голова, горох, золото, дэрэво, город; пачатковае ое: осень, одін, озеро; спалучэньні ро, ло на месцы славянскага ра, ла: ровный, лодья; родны склон назоўнікаў на -у: гороху, торгу; рускія злучнікі аже, оже ли замест слаянскіх ашче, ашче ли і г.д. (тамсама, с. 217). замест славянскага

В. Пануцэвіч заўважыў, што ў гэтай руска-славянскай мове не было аднароднасьці ў самым раньнім пэрыядзе. Фанэтычна-граматычныя й лексычныя адхіленьні выступалі ў пісьмовасьці Ноўгараду, Пскова, Полаччыны, Смаленшчыны, Тураўшчыны, Галіччыны. Дзеля прыкладу, Пануцэвіч прывёў надпіс на крыжы Эўфрасіньні Полацкай з 1161 году, дзе адлюстроўваюцца тыповыя асаблівасьці жывой крывіцкай мовы, такія як аканьне: манастыры, акованье; мяккія канчаткі дзеясловаў 3 асобы цяперашняга часу: прокладаеть, есть, ізменяеться; лексычныя: дрэво, злото і серебро, каменье, продати, не буди ему, помошчник, тройцею, ігоуменья... (тамсама, с. 217-218).

В. Пануцэвіч дакараў А. Адамовіча за ягоны падыход да літаратурнае мовы мінуўшчыны зь сучасных пазыцыяў, калі літаратурная мова адначасова праяўляецца і ў размоўным стылі.

Litaraturnaja mova – heta mova štučnaja, mova bolšych plamiennych arhanizmaŭ, złučanych u adnu cełaść dziaržaŭnaj arhanizacyjaj. (...) Takim čynam litaraturnaja mova ruskaja, jak złučeńnie movy ruskaj i słavianskaj, była zrazumiełaj dla našaha narodu, a, što za hetym idzie, jana vykonvała rolu kulturnaha prahresu. I tamu akcyja Aŭfrasini Połackaj dziela stvareńnia kryvickaha kulturnaha centru z svaimi śviataściami i svaim knihazboram, nia tolki zasłuhoŭvaje na ŭvahu, ale na padkreśleńnie, što naš narod imknuŭsia być niezaležnym dy samastojnym. Niezaležnym i samastojnym byŭ i litaraturny praces u kryvickaj Dziaržavie” (тамсама, с. 218-219).

В. Пануцэвіч адзначаў, што, з другога боку, у тыя часы літаратурная мова была пасярэднікам між адукаванымі людзьмі, якія свае веды перадавалі неасьвечаным вусна, а таксама праяўлялася ў жывой народнай мове. Вусная творчасьць уводзілася ў літаратуру, узбагачала яе, рабіла агульнанароднай. Дзеля прыкладу, у Повесьці мінулых гадоў многа запісана ўрыўкаў крывіцкай народнай творчасьці, як быццам гістарычных фактаў: пад 6500 годам апавяданьне пра паядынак Кірылы Кажамякі зь сілачом Печынегам, апавяданьне па крывічанку княгіню Вольгу й барацьбу драўлянаў з Кіевам; пра Ўсяслава Чарадзея, пра Полацак, Рагнеду, пра бітву на рацэ Нямізе ды іншыя. З далітоўскага пэрыяду В. Пануцэвіч назваў іншыя творы, у якіх прадстаўлены героі-крывічы: Слова аб палку Ігара, Аповесьць аб Мэркурым Смаленскім, Жыціе Барыса і Глеба, Жыціе сьв. Еўфрасіні Полацкай, творы Кірылы Тураўскага.

Гэты пэрыяд В. Пануцэвіч закончыў наступнай высновай:

Jak bačym, užo ŭ paru kryvickaj Połackaj Dziaržavy litaratura (chaj sabie nie ŭ čystaj narodnaj movie, ale zrazumiełaj u supraćstaŭleńni da łaciny na Zachadzie) ciesna była źviazanaja z narodnaj vusnaj tvorčaściaj, z svajoj krainaj dy svaimi hierojami dy vyražała narodny byt i narodnyja imknieńni. Inakš kažučy – była hramadzkaj funkcyjaj narodu, žyvym adlustravańniem hramadzkaha pracesu” (тамсама, с. 220-221).

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"