Якім будзе Басовішча 2011

Пра тое, хто зайграе на фестывалі, як на “Басовішча” змогуць патрапіць аматары беларускай музыкі з Беларусі ды якія неспадзяванкі рыхтуе сёлетні фестываль, Зміцер Косцін гутарыць з старшынёй Беларускага Аб’яднання Студэнтаў Касяй Кузьміч.

Менш за сто дзён засталося да XXII Фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча 2011”.

Сёлета фестываль пройдзе з 22 па 24 ліпеня традыцыйна ва ўрочышчы Барык пад Гарадком на Беласточчыне. Пра тое, хто зайграе на фестывалі, як на “Басовішча” змогуць патрапіць аматары беларускай музыкі з Беларусі ды якія неспадзяванкі рыхтуе сёлетні фестываль, Зміцер Косцін гутарыць з старшынёй Беларускага Аб’яднання Студэнтаў Касяй Кузьміч.

Кася Кузьміч

Кася Кузьміч

РР: “Басовішча 2011” – якім яно будзе?

- “Басовішча-2011” будзе перадусім як свежы новы подых. Летась мы зрабілі першы крок, каб штосьці змяніць на гэтым фестывалі, каб паказваць самыя лепшыя рэчы, самую лепшую музыку, самых лепшых артыстаў. Сёлета мы працягваем змены, каб надаць “Басовішчу” свежых сілаў, каб яно прыцягвала больш людзей.

РР: Як сёння выглядае падрыхтоўка да фестывалю? У мінулыя гады нейкія пытанні вырашаліся ў апошні момант.

- Мы ўжо інтэнсіўна працуем ад пачатку года, і можам распавесці пра хэдлайнераў фестывалю. Мы таксама можам перадаць добрую інфармацыю наконт візавай падтрымкі ды шмат іншага. Сёлетні фестываль будзе мець шмат хэдлайнераў. Некалькі гуртоў з Беларусі, з Польшчы, а таксама будзе адзін сюрпрыз, пра які пакуль не буду казаць. Беларускім хэдлайнерамі “Басовішча-2011” будуць гурты Neuro Dubel, IQ48 ды рускамоўны гурт ТТ-34, які, думаю, з’яўляецца нечаканасцю для многіх. Мы ведаем, што ў гэтага гурту шмат прыхільнікаў у Беларусі, ён грае якасную музыку, і мы спадзяемся, што руская мова песень гурту не будзе перашкодай для таго, каб выступіць на “Басовішчы-2011”. Гэта не азначае, што мы адыходзім ад беларускамоўнасці фестывалю, але, калі мы хочам паказваць іншую музыку, таксама якасную, мы вымушаныя адступаць ад правіла. Мы не маем уплыву на розныя абставіны. Калі нехта вырашае ствараць музыку на рускай ці ангельскай мове – гэта яго ўласны выбар. Арганізатары фестывалю хочуць паказваць самую лепшую музыку і пераканаць людзей, што беларуская музыка незалежна ад мовы выканання з’яўляецца еўрапейскай якаснай музыкай на высокім узроўні. У гэтым годзе мы запрасілі таксама два польскія гурты – Tymon & Transistors, які ўжо вядомы на польскай музычнай сцэне, ды зусім новы праект R.U.T.A., які паўстаў пры канцы мінулага года, у ім удзельнічаюць вядомыя польскія музыкі. R.U.T.A. запісала дыск з сярэднявечнымі песнямі бунту і нядолі ў новым сучасным гучанні, з выкарыстаннем традыцыйных інструментаў. Большасць польскіх крытыкаў называе гэты праект – музычнай падзеяй 2011 года ў Польшчы.

РР: Якім чынам выбіраеце ўдзельнікаў фестывалю, ці гэта, можа, прыватны музычны густ?

- Адразу скажу, што не. У гэтым годзе рашэнне наконт запрашэння таго ці іншага гурту на фестываль прымалася паводле двух крытэрыяў: па-першае, ці гурт працуе, развіваецца, запісвае новыя альбомы, запісвае новыя песні, а па-другое, на якім узроўні іх музыка. Мы і самі слухаем шмат музыкі, але перадусім размаўляем з людзьмі, што займаюцца музыкай прафесійна. Нягледзячы на тое, што большасць гуртоў, якія выступяць на сёлетнім “Басовішчы” не будуць вядомыя слухачам, мы хочам, каб людзі нам даверыліся і прыехалі на фестываль, каб паслухаць якасную сучасную музыку.

РР: Летась ў сувязі са зменай правілаў падачы дакументаў для атрымання візаў у Польшчу вам не ўдалося арганізаваць візавую падтрымку, ці патрапяць прыхільнікі фестывалю з Беларусі на “Басовішча-2011”?

- Летась я абяцала на хвалях вашага радыё пастарацца арганізаваць візавую падтрымку на чарговы фестываль. Цяпер мы вядзем перамовы з МЗС Польшчы, якое абяцае дапамагчы атрымаць бясплатныя візы ўсім жадаючым, якія хочуць прыехаць на “Басовішча-2011”. Цягам траўня мы плануем зрабіць набор ахвотных прыехаць на фестываль, бо хочам, каб усе паспелі зрабіць візы і прыехалі на фестываль. Хутчэй за ўсё колькасць людзей, якім мы акажам візавую падтрымку мы абмяжоўваць не будзем, як было раней. Мы думаем цяпер, як зрабіць так, каб візы атрымалі людзі, якія сапраўды едуць на фестываль, а не выпадковыя асобы. Напэўна, пры падачы дакументаў на атрыманне бясплатнай візы трэба будзе заплаціць або за месца на намётавым полі, або за квіток на аўтобус. Я не магу пакуль сказаць упэўнена, што будзе менавіта так, бо мы завяршаем перамовы і апрацоўваем усю сістэму, каб пад консульствам у Мінску не стаялі вялікія чэргі, людзі не нерваваліся і не нерваваліся супрацоўнікі консульства. Мы намагаемся ўсё добра арганізаваць, бо нам важна прысутнасць аматараў добрай музыкі з Беларусі.

РР: Якім чынам сёлета праводзіцца адбор удзельнікаў конкурснай часткі?

- Летась у конкурснай частцы фестывалю Басовішча прыняла ўдзел усяго 5 гуртоў, бо адборам займалася прафесійнае журы, якое вырашыла, што толькі пяць гуртоў годныя прыняць удзел у конкурсе. Сёлета мы імкнёмся да таго, каб выступіла як мага больш гуртоў, бо хочам заахвоціць большую колькасць гуртоў спяваць па-беларуску таму, што конкурсная частка фестывалю традыцыйна выключна беларускамоўная. Набор удзельнікаў конкурснай часткі фестывалю будзе адбывацца праз інтэрнэт. Акрамя конкурснай часткі традыцыйна пройдзе таксама і вольная сцэна. Для ўдзельнікаў вольнай сцэны няма ніякіх абмежаванняў ні ў мове, ні ў музычным кірунку. Набор на вольную сцэну ўжо пачаўся ў лютым, і ужо падалі заяўкі каля 30 гуртоў. З прычыны абмежавання па часе на вольнай сцэне зайграе не больш за 10 гуртоў, таму перад намі яшчэ вялікая праца, трэба адслухаць і выбраць лепшых, якія і будуць запрошаныя на фестываль Басовішча-2011. На сайце фестывалю www.basowiszcza.org бліжэйшым часам павінна з’явіцца інфармацыя для тых, хто жадае прыняць удзел у конкурснай частцы, таму запрашаем на нашу інтэрнэт-старонку, там знойдзеце ўсю інфармацыю наконт сёлетняга фестывалю.

Гутарыў Зміцер Косцін, фота Аляксандра Максімюка, “Радыё Рацыя”