Мастак і яго нашчадак

Ён нарадзіўся мастаком, як і яго знакаміты продак. І горад для жыцця яны выбіралі аднолькавы. Толькі адлегласць паміж імі склала шэсцьдзесят гадоў: Нікадзім Сілівановіч памёр у 1919-м, а Віталь Курдэка нарадзіўся ў 1985-м.

Ён нарадзіўся мастаком, як і яго знакаміты продак. І горад для жыцця яны выбіралі аднолькавы. Толькі адлегласць паміж імі склала шэсцьдзесят гадоў: Нікадзім Сілівановіч памёр у 1919-м, а Віталь Курдэка нарадзіўся ў 1985-м.

Нікадзім Сілівановіч, аўтапартрэт

Мазаіст, жывапісец, фатограф

Віталь жыве ў Санкт-Пецярбургу. Ужо шэсць гадоў. У Беларусі бывае штогод: і заўжды наведвае в. Цынцавічы на Вілейшчыне, месца, дзе нарадзіўся яго сваяк — мастак Нікадзім Сілівановіч, дзе пахаваны яго родныя.

Сілівановіч — для Беларусі мастак адной карціны: хто не бачыў яго “Салдата з хлопчыкам”? Вучыўся ён у Санкт-Пецярбургу, тагачаснай культурнай сталіцы ўсёй Расійскай імперыі, дзе і «зрабіў» сабе імя. Хаця і ў Расіі ён сёння вядомы хіба ў коле адмыслоўцаў.

Салдат з хлопчыкам

«За ўвесь час пошукаў у Санкт-Пецярбургу, кантактаў з персаналам Ісакіеўскага сабора, храма Спаса-на-крыві (дзе знаходзяцца мазаікі мастака) мне стала зразумела, што аб ім ведаюць вельмі мала, — адзначае Віталь Курдэка, які шукае і даследуе спадчыну Сілівановіча. — Мне адна з экскурсаводаў Ісакіеўскага сабора прапанавала для іх супрацоўнікаў пра Сілівановіча і яго мазаічныя вобразы прачытаць лекцыю».

Затое, па словах Віталя, Сілівановіча сваім лічаць літоўцы. Яно і зразумела, ажаніўся з літоўкай, працяглы час жыў у Вільні (у 1864--1866 меў там майстэрню, у якой выконваў замовы для касцёлаў і пісаў партрэты), Бірштонасе (у 1883-1885 валодаў фотаатэлье), Прэнаі. Ды і сам мастак пісаў сябрам, што «Віленскі край, Бірштонас мая радзіма як чалавека, а Пецярбург радзіма як мастака і паўнавартаснага чалавека». Хаця шэраг карцін напісаны ім менавіта на беларускім матэрыяле.

У Бірштонасе ёсць экскурсія пад назвай — «Па слядах Нікадзіма Сілівановіча» — па месцах, дзе ён жыў, адпачываў, па касцёлах, у якіх захаваліся яго абразы. У Літве і большасць карцін Сілівановіча знаходзіцца. У Беларусі ж адзінае яго палатно «Салдат з хлопчыкам» захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Некалькі гадоў таму ў дадатак у адным з касцёлаў Вілейшчыны адшукалі і абраз, напісаны Сілівановічам. Яго месцазнаходжанне не афішуецца, бо твор мастацтва можа знікнуць, як і сотні іншых царкоўных артэфактаў.

Пецярбург — горад маладосці

Нікадзім Сілівановіч даводзіцца Віталю Курдэку далёкім сваяком. Прабабка Віталя Юзэфа Курдэка (у дзявоцтве Сілівановіч) была пляменніцай мастака. Жыла ў в. Цынцавічы. Пра родзіча ж маладому чалавеку сказаў дзед, калі даведаўся, што ўнук хоча быць мастаком. Праўда, падрабязнасцяў надта не ведаў. Але тое-сёе распавёў. Сілівановіч у родную вёску, напрыклад, прывёз і першы фабрычны ткацкі станок. З самой сталіцы — Санкт-Пецярбурга. Факт сваяцтва з мастаком і эпізод з ткацкім станком сталі для Віталя асноўным штуршком, каб заняцца пошукам інфармацыі пра Нікадзіма.

«У 2001 годзе, калі я быў першакурснікам Віцебскага каледжа мастацтваў, я атрымаў заданне напісаць працу па тэме «Ткацтва». І вырашыў узгадаць таксама пра Сілівановіча, ткацкі станок і нават вырашыў прывезці рушнік, сатканы прабабкай. Але выкладчык не паверыў, што наша сям’я мае адносіны да Сілівановіча. Я ж тады паабяцаў даказаць наша сваяцтва». Пасля таго выпадку Віталь паехаў у в. Цынцавічы, дзе разам з дзедам склаў свой радавод. Ды і ў Вілейскім музеі дапамаглі з матэрыяламі. «І ў верасні я прадставіў усю сабраную інфармацыю пра мастака і, як зразумеў, шакаваў выкладчыкаў. Ужо праз месяц адкрылі дзве мае персанальныя выставы, адна з якіх была прысвечана Нікадзіму Сілівановічу. На той момант я яшчэ не падазраваў, колькі інфармацыі яшчэ адшукаю».

А ў жніўні 2005 года, зарабіўшы на білет, Віталь з сябрам з’ехаў у Піцер. Без сродкаў на існаванне. «Добра памятаю, як, прыехаўшы, не адчуваў ніякага дыскамфорту. Я адразу зразумеў, што застануся надоўга». Як некалі малады Сілівановіч пакідаў Вілейшчыну, каб выбіцца ў людзі ў расійскай сталіцы, так і яго нашчадак праз шмат гадоў паехаў у Пецярбург.

Калі Віталь з’язджаў у Расію, не ўяўляў, чым будзе там займацца. Але дакладана ведаў, што ў горадзе Сілівановіча абавязкова зоймецца пошукамі месцаў, звязаных з мастаком.

Таямніцы Сілівановіча

Віталь Курдэка працуе ў кампаніі, якая прадае інфармацыйныя тэхналогіі. А вольны час бавіць у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным архіве, дзе шукае інфармацыю аб знакамітым продку. І трэба адзначыць, ёсць поспех у яго справе.

«Усё аказалася на паверхні. Я проста аказаўся тым, хто знайшоў магчымасць сабраць інфармацыю. А пражыванне ў Санкт-Пецярбургу мне дало перавагу ў пошуках», -- малады чалавек абышоў усе храмы горада, пабудаваныя ў канцы ХІХ стагоддзя. Да гэтага шырока было вядома пра мазаічныя абразы Сілівановіча ў Ісакіеўскім саборы. Але не пра ўсе. Найперш гэта «Тайная вячэра» (Сілівановіч быў адным са стваральнікаў мазаікі). Па архіўных дакументах Віталь адшукаў інфармацыю аб удзеле Сілівановіча ў стварэнні мазаікі «Нясенне крыжа». Але больш загадкавай стала мазаіка «Збаўца ў славе», зроблена для пахавання князёў Пажарскіх, якое знаходзіцца ва Уладзіміра-Суздальскім музеі-запаведніку. У музеі аб гэтай працы нічога не змаглі распавесці Віталю. І толькі архіўныя матэрыялы адкрылі яшчэ адну працу мастака. Мазаічны абраз «Уваскрасенне Хрыста» Сілівановіча Віталь адшукаў у храме-музеі Спаса-на-крыві.

Таямніцы Нікадзіма Сілівановіча — дакладная дата яго смерці і месца пахавання. У шэрагу даведнікаў дата смерці падаецца пад знакам пытальніка: 1918 альбо 1919. На памятным знаку на радзіме мастака ў Цынцавічах — 1918. Але Віталь Курдэка прыводзіць цытату з біяграфіі Нікадзіма, напісаную яго сынам Іосіфам. «Падчас сусветнай вайны з’ехаў у Пецярбург, а пасля вайны не даехаў да Прэная — у 1919 годзе памёр у сваёй роднай Вілейцы». У некаторых крыніцах прыводзіцца і канкрэтная дата — 21 мая. Хаця дакументаў, якія б развеялі ўсе сумненні, няма. «Ёсць меркаванне, што ён пахаваны на могілках у вёсцы Цынцавічы, — кажа Віталь. — Там, дзе пахаваны яго бацька з сям’ёй. Калі Нікадзіма і хавалі сваякі-сяляне, якія не маглі паставіць годны помнік мастаку, на яго магіле мог паўстаць звычайны камень без надпісаў. Але праверыць гэта немагчыма. Пакуль гэта застаецца таямніцай, як і месца пахавання яго жонкі».

На шляху да манаграфіі

Ці засталіся ў Сілівановіча наўпростыя нашчадкі? «Нашчадкі ёсць, мне здаецца. Але яны нават не падазраюць, што сярод іх продкаў быў знакаміты мастак. Жывуць яшчэ ў Літве людзі, якія валодаюць і фотаархівам Нікадзіма і нават яго ўласнымі рэчамі», -- кажа Віталь.

Згодна з генеалагічным дрэвам Сілівановічаў, складзеным Анатолем Рогачам, у мастака былі чатыры сыны. Стэфан скончыў аддзяленне жывапісу Імператарскай акадэміі мастацтваў. Займаўся жывапісам, а затым і фатоздымкамі. Казімір — выпускнік медыцынскага факультэта Варшаўскай ваенна-медыцынскай вучэльні, урач. Станіслаў стаў хімікам. Іосіф большую частку жыцця правёў з маці — у яго была паралізаваная рука. Пасля смерці бацькі менавіта Іосіф жыў у яго доме ў Бірштонасе, займаўся садаводствам. Але спачатку Першая сусветная, затым Другая прайшліся ўраганам. Пасля апошняй вайны губляецца след Сілівановічаў. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што нашчадкі мастака выехалі. Вядома, што ў ЗША жыў ураджэнец вілейскіх Цынцавіч Аляксандр (Алекс) Сільвановіч (1937--2007). Эміграваўшы з бацькамі ў 1944 годзе спачатку ў Германію, а затым у ЗША, Аляксандр стаў актыўным удзельнікам беларускага руху на эміграцыі. Захапляўся фота. І падчас свайго прыезду ў 1994 годзе ў Вілейку, дзе праходзіла яго фотавыстава, казаў пра мастака ў сваім родзе, аб якім згадвалі бацькі. А розніца ў адну літару ў прозвішчы – магчымая памылка пры рэгістрацыі.

Вынікам сваіх пошукаў Віталь Курдэка бачыць трохмоўную кнігу (па-беларуску, па-расійску, па-літоўску). «У планах — напісаць манаграфію пра мастака. А маляванне... гэта цяпер толькі занятак для душы», — падсумоўвае малады чалавек.

Віталь Курдэка

нар. у 1985 у Вілейцы. З чатырнаццаці гадоў займаўся маляваннем. Выпускнік Віцебскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў. З 2005 года жыве ў Санкт-Пецярбургу. Працуе ў кампаніі, якая прадае інфармацыйныя тэхналогіі. Жанаты.

Нікадзім Сілівановіч

(1834--1919) нар. у в. Цынцавічы Вілейскага раёна. Двойчы скончыў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў: па класах жывапісу і мазаікі. Пісаў абразы для праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Аляксандр Брулоў запрасіў Сілівановіча ўзяць удзел у стварэньні мазаікі «Тайная вячэра» ў галоўным іканастасе Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Большасць карцін мастака захоўваецца ў Літве. У Беларусі толькі дзве яго працы: карціны «Салдат з хлопчыкам» (Нацыянальны мастацкі музей) і абраз «Прывід Св. Антонія Падуанскага» (адзін з касцёлаў на Вілейшчыне).

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"