Свет спачувае Беларусі

У звязку з выбухам 11 красавіка ў мінскім метро кіраўнікі краін і міжнародныя арганізацыі, вядомыя людзі выказваюць спачуванне пацярпелым і ўсяму беларускаму народу.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуванне народу Беларусі і, у прыватнасці, сем’ям ахвяраў. Дзейны старшыня АБСЕ, міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс: “Наша спачуванне накіраванае ў першую чаргу сем’ям загінулых і пацярпелых”. Ранішняе пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы 12 красавіка пачалося з хвіліны маўчання у памяць ахвяраў тэракту ў мінскім метро. У Люксембургу, адкрываючы пасяджэнне Рады міністраў замежных справаў Еразвязу, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан сказала: “Я перадала свае спачуванні сем’ям, якія страцілі сваіх любімых або маюць параненых у выніку таго, што адбылося ў Беларусі”. Свае спачуванні ў тэлефоннай размове з А.Лукашэнкам выказаў прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў. Тэлеграмай прыслаў свае спачуванні прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Спачуванні народу Беларусі выказалі арганізацыі нацыянальных мяншыняў Малдовы. На адрас МЗС РБ паступілі спачуванні ад міністра замежных справаў Ізраіля Авігдора Лібермана, міністра замежных справаў Латвіі Гірта Валдзіса Крыстоўскіса, міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, кіраўніка МЗС Фінляндыі Аляксандра Стуба, міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, еўракамісара па пашырэнні і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле. У звязку з трагедыяй у метро спачуванні беларускаму народу выказаў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Пра тое, што Літва асуджае любую праяву гвалту, тым больш, калі гэта адбываецца ў блізкіх суседзяў, заявіў прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс. Далучыўся да спачуваньняў і прэм’ер-міністар Малдовы У ладзімер Філат. Ад імя Кітая тэракт у мінскім метро рашуча асудзіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хун Лэй. Спачуванні сем’ям ахвяраў выказаў прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс. “Мы смуткуем разам з вамі ў гэты цяжкі час”, -- сказана ў спачуваньні прэзідэнта Эстоніі Томаса Хендрыка Ільвеса. Свае словы падтрымкі народу Беларусі даслаў выканаўца абавязкаў прэзідэнта Малдовы Марыян Лупу. Спачуванні А.Лукашэнку даслаў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Праз “Радыё Свабода” выказаў спачуванне Зянон Пазьняк: "Маё глыбокае спачуванне сем’ям, родным і блізкім усіх загінулых добрых нашых людзей ад выбуху 11-га красавіка ў Мінскім метро. Спачуваю таксама ўсім пакалечаным і параненым, зычу хутчэйшага загойвання і выздараўлення і спадзяюся, што цемра і страх знікнуць з нашага беларускага жыцця і людзі дамогуцца лепшай долі". У сваёй заяве Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала спачуванне родным і блізкім загінулых і пацярпелых у выніку выбуху ў мінскім метрапалітэне 11 красавіка: “Гэтая жудасная трагедыя кранае ўсіх беларусаў, і тых, хто на Бацькаўшчыне, і тых, хто на чужыне. Мы молімся па памерлых і жадаем хутчэйшага выздараўлення параненым”.Амбасада ЗША выказала спачуванне ў сувязі з тэрактам у мінскім метро: «Мы самым рашучым чынам асуджаем гэты подлы і жахлівы акт. Мы жадаем усім параненым поўнага і хуткага выздараўлення». Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў выбух у мінскім метро і выказаў спачуванні сем'ям ахвяраў. "Мы асуджаем гэты жахлівы ўчынак, які дэманструе абсалютную пагарду да чалавечага жыцця", – сказаў на брыфінгу прэсавы сакратар Дзярждэпу Марк Тоўнэр.

У знак жалобы па ахвярах тэракту ў Мінску беларусы Вялікабрытаніі 12 красавіка ўсклалі кветкі перад амбасадай Беларусі ў Лондане. На працягу сённяшняга дня ў амбасадзе можна зрабіць запіс у кнігу спачуванняў.

У амабасадзе Беларусі ў Рызе сёння з 10.00 да 16.00 і заўтра з 10.00 да 13.00 будзе адкрыта для запісаў кніга спачуванняў.

Людзі прыходзяць да беларускіх амабасадаў у Маскве, Кіеве, Варшаве, Празе, да Генеральнага консульства ў Беластоку, ускладаюць кветкі, запальваюць знічы ў памяць аб трагедыі на станцыі метро.

Жалобная Багаслужба у памяць аб ахвярах тэракту ў Мінску адбудзецца сёння а 19:15 у Вільні, у касцёле св.Якуба і Піліпа.

Паводле "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение