Галіна Падлеская: "Страшна вяртацца ў Беларусь"

Генадзь Банкевіч — кіраўнік Кальварыйскай рады БНФ, незаменны ўдзельнік усіх соймаў фронту — ставіўся да працы на карысць незалежнасці Беларусі як да з'явы штодзённай, абавязковай і ад таго не менш урачыстай. У яго сям’і выгадаваліся дзве дачкі — такія ж адданыя беларускі, як і бацька, — але абедзве не жывуць у Беларусі.

Генадзь Банкевіч — кіраўнік Кальварыйскай рады БНФ, незаменны ўдзельнік усіх соймаў фронту — ставіўся да працы на карысць незалежнасці Беларусі як да з'явы штодзённай, абавязковай і ад таго не менш урачыстай. Генадзь Уладзімеравіч стаў прыкметай мітынгаў фронту.

Генадзь Банкевіч — былы вайсковы інжынер, падпалкоўнік, які мог жыць спакойным жыццём вайсковага пенсіянера, амаль два дзясяткі гадоў рупліва і мэтанакіравана працаваў над тым, што вызначыла вялікую частку палітычнага жыцця таго часу.

Генадзь Банкевіч на адным з мітынгаў (Усе фота — з архіву Марыі Банкевіч і Галіны Падлескай)

У яго сям’і выгадаваліся дзве дачкі — такія ж адданыя беларускі, як і бацька, — але абедзве не жывуць у Беларусі. Малодшая Аліна цяпер апынулася ў Аўстраліі, у Мельбурне.

Аліна і ейны муж Андрэс у Празе. Снежань 2010.

Радыё Свабода: “Як так атрымалася, што вы абедзве з’ехалі з Беларусі?”.Аліна Банкевіч : “Гэта таксама вельмі складанае пытанне. Калі я з’язджала, мне было 19 гадоў, і я ехала вучыцца, таму што на Беларусі, на жаль, на гэты момант у мяне не было іншага і такога добрага шансу, гэта таксама таму, што мой бацька быў у апазіцыі. Гэта таксама ўплывала не вельмі добра. І таму бацькі вырашылі — гэта будзе проста лепш, калі я паеду і буду вучыцца. Я скончыла з чырвоным дыпломам універсітэт у Празе. Потым, калі я ўжо была доўга за мяжой, ужо проста сфармавалася там як чалавек. Гэта зноў вельмі цяжкае пытанне, гэта можна напісаць вялікую кнігу. Але не хочацца нічога мяняць. Я лічу, што мае бацькі былі сапраўды добрыя, што я атрымала ўсё, што магла атрымаць”. А старэйшая Галіна, цяпер Падлеская, з’ехала 12 гадоў таму. Жыве ў Нью-Ёрку.Галіна Падлеская : “У маім выпадку муж атрымаў магчымасць паехаць у Амерыку. Пра такую сталую эміграцыю неяк не думалі, але калі ёсць шанец паехаць у Амерыку, як яго не скарыстаць? Спачатку ён жыў у Амерыцы, я жыла ў Беларусі больш за 2 гады, мы былі разлучаныя. Ну, а потым я прыехала да яго”.

Галіна і Андрэй Падлескія, іх дзеткі Данілка і Паўліна са Змітром Вайцюшкевічам пасля ягонага канцэрта ў Нью-Ёрку, 2009 г.

Галіна кажа, што пасля 1994 года бацькі заўсёды казалі, што будзе яшчэ горш, а ім тады не верылася. Але жыццёвы досвед Генадзя Банкевіча, які нарадзіўся ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1930 годзе, напэўна ж, сведчыў пра іншае.

Радыё Свабода: “Галіна, што вашым дзецям дае перабыванне ў Штатах?”.Галіна Падлеская : “Калі мы з дзецьмі недзе ходзім у бібліятэцы, у парку і ў музеі і размаўляем па-беларуску, то многія людзі проста пытаюцца, на якой мове вы размаўляеце — так прыгожа гучыць. І пачынаюць распытваць: а дзе ваша краіна, дзе Беларусь, якая ў яе мова і якое надвор’е, як сказаць „прывітанне“. Я, напрыклад, ведаю, што ў Беларусі часам дзеці і дарослыя сустракаюцца з негатыўнай рэакцыяй. Тут гэтага няма, і яны не адчуваюць сябе “белымі варонамі”. Тут многія людзі, якія прыязджаюць з іншых краінаў, выхоўваюць сваіх дзяцей на замежнай для амерыканцаў мове, на дзвюх замежных мовах, і гэта абсалютна нармальна”. У Штатах у Генадзя Банкевіча нарадзіліся два ўнукі: Паўлінцы цяпер 8, а Данілку — 5 гадоў.

Радыё Свабода: “Паўліна, а табе падабаецца ў Амерыцы?”.Паўліна Падлеская : “Так, добрая ў нас школа, яшчэ ў нас добрая пляцоўка каля хаты. І ў нас яшчэ добры парк, калі пяройдзеш дарогу, то можаш убачыць вельмі добры парк з возерам”. Вызначальнай рысай у характары Генадзя Банкевіча ўсе мае суразмоўцы называюць ягонае стаўленьне да працы і надзвычайную майстравітасць. Гэтыя якасці Банкевіч перанёс у палітычнае жыццё.

Генадзь Банкевіч справа за Зянонам Пазьняком. 20 жніўня 1991 г.

Галіна Падлеская : “Вельмі часта маці злавалася, казала: што ты зноў бяжыш, дома трэба тое парамантаваць, сёе. Ён казаў: гэта пачакае, вось гэта важна”. Шчыра кажучы, я тады нават не магла і падумаць, што ўсё можа так павярнуцца і дайсці да такога нізкага ўзроўню, як зараз. Дайшло. Зараз мне прыгадваецца проста як казка. І мы ўсе радаваліся. Мы ніколі актыўна не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці бацькі, але мы заўсёды падтрымлівалі і падзялялі ягоныя погляды.

Ён вельмі змагаўся за беларускія класы ў школе. Я памятаю, якраз мая малодшая сястра вучылася ў школе, і гэта была рэдкая школа, дзе дзеці маглі да восьмай класы давучыцца”. Аліна Банкевіч правучылася па-беларуску ўсяго 8 школьных гадоў, якія каштавалі бацькам штодзённага змагання.Аліна Банкевіч : “Не ўсе настаўнікі хацелі нас вучыць на беларускай мове. Для іх гэта было цяжка і не было добрай падрыхтоўкі. Напэўна, не было падручнікаў, не было яшчэ базы падрыхтаванай у гэты час, не было шмат дзяцей, якія хацелі вучыцца на беларускай мове. Проста гэта такі час свабоды. Вельмі прыгожы час на маёй памяці. Мне здаецца, гэта быў першы беларускамоўны клас, напэўна, у нашым раёне. Калі я толькі пайшла ў школу. Гэта быў такі пах свабоды, я не ведаю, як гэта маленькая дзяўчынка можа ўспрымаць, але гэта было вельмі прыемна, вельмі цікава. Гэта вельмі падабалася маім бацькам, мой бацька ведаў, што гэта вельмі добра, і таму я таксама ўспрымала, што гэта вельмі добра”. Яе васьмігадовая пляменніца Паўліна атрымлівае адукацыю ў амерыканскай школе. Паўліна Падлеская : “Я хаджу ў школу, і там розныя дзеткі. У нас ёсць карткі, напрыклад, калі гэта зялёная картка — значыць, што ты добры, жоўтая картка — гэта значыць, што трэба спыніцца і падумаць, што ты зрабіў”. Радыё Свабода : “Галіна, чым вам падабаецца амерыканская адукацыя?”.Галіна Падлеская : “Магчымасці большыя. І ў тым жа сэнсе навучання, напрыклад, вось пры паступленні ў коледж. Большы выбар, лепшая адукацыя вышэйшая. У параўнанні з тым, як у Беларусі цяжка атрымаць гэтую адукацыю — я зараз ведаю, што многія плацяць, і плацяць вельмі вялікія грошы, на бясплатнае паступіць практычна немагчыма — то ў Амерыцы наадварот: калі ты паступіў у вельмі-вельмі дарагі коледж і твае бацькі не могуць гэта аплаціць, то вялікую частку ад гэтай сумы будзе аплачваць дзяржава”. Радыё Свабода : “Паўліна, а ты ў Беларусі была калі-небудзь?”.Паўліна Падлеская : “Не, толькі калі мне было два гады, я была вельмі маленькая, таму я нічога не памятаю”. Галіна прыехала ў Беларусь перад смерцю бацькі, які памёр у 2006 годзе. Уладзімер Раманцоў, сябар КХП БНФ:

“Гэта здарылася таму, што ён выконваў заданне нашай палітычнай арганізацыі. Ён проста прастудзіўся вельмі моцна, калі ездзіў у адзін з рэгіёнаў Беларусі. Пасля гэтага цяжка захварэў, доўга гэтая хвароба працягвалася, станавілася то лепш, то горш. Але калі выбары былі ў 2001 годзе, ён ужо быў хворы, у яго балела сэрца. Тым не менш ён выходзіў на збор подпісаў за Зянона Пазьняка. Садзіўся на зэдлік — спякота была такая, і ён тым не менш збіраў, таму што разумеў важнасць і неабходнасць вось гэтай справы”.

Галіна Падлеская з Паўлінкай і Данілкам на 29 з'ездзе беларусаў Паўночнай Амерыкі. Нью-Джэрсі. Верасень 2010.

Галіна Падлеская: “І спачатку мы ўвесь час думалі, што мы вернемся, але шчыра кажучы, з развіццём падзей зусім не хочацца вяртацца пакуль што. Проста страшна, шчыра кажучы, калі пачытаеш навіны, паглядзіш відэа, фотаздымкі таго, што адбываецца. Гэта проста страшна становіцца, гэта ненармальна”.

Аляксандра Дынько, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение