Увечары 24 сакавіка ў бэрлінскім культурным цэнтры Kulturbrauerei (“Культурны бровар”) адбылася прэзэнтацыя новага нямецкага інтэрнэт-парталу literabel.de, прысьвечанага беларускай літаратуры, перакладам і перакладчыкам зь беларускай мовы на нямецкую.У залі Літаратурнай майстэрні “Культурнага бровару” сабралася каля паўсотні слухачоў - як моладзі, беларускай і нямецкай, гэтак і аматараў літаратуры паважнейшага веку.Беларуская літаратура, нягледзячы на даўнюю традыцыю перакладаў часоў “дружбы народаў - дружбы літаратур”, на сёньня застаецца малавядомай нямецкаму чытачу. На прэзэнтацыі прагучалі мэтафарычныя выказваньні пра беларускую літаратуру ў Нямеччыне: “белы квадрат на белым фоне”, “белая пляма ў нашай літаратурнай прасторы”. Сайт literabel.de і быў створаны, каб запоўніць гэтую белую пляму.Ідэя парталу ўзьнікла ў перакладчыка Томаса Вайлера, які разам зь сябрамі стварыў таварыства Probabel, назва якога можа быць расчытаная самымі рознымі спосабамі: probabel (верагодны), pro Babel (за Бабілён), Proba Bel (проба Бел(арусь)). Літаратурны партал literabel (тут таксама чуецца і літара, і літаратура, і нешта літаратурна вартае, і Беларусь) - першы праект таварыства.
Важнае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі ад часоў перакладаў “старой хвалі” (60-80-х гадоў мінулага стагодзьдзя) у тым, што зьявілася новае пакаленьне перакладчыкаў, якія перакладаюць непасрэдна зь беларускай мовы, без пасярэдніцтва расейскай, як гэта было з большасьцю ранейшых перакладаў.
Адкрыў літаратурныя чытаньні наймаладзейшы з удзельнікаў вечарыны пісьменьнік Сяргей Календа, аўтар дзьвюх кніг, які ў гэтым месяцы заканчвае шасьцімесячны побыт на літаратурнай стыпэндыі ў Ваймары. Ён прачытаў урыўкі зь яшчэ не апублікаванага твору “Генэрацыя фанцікаў і фішак”, які на нямецкай мове перастварыў выкладчык і перакладчык Андрэ Бём.

Сяргей Шупа, "Радыё Свабода"