Па словах кіраўніцы Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць», праваабаронцы раяць кожнаму студэнту, на якога аказваецца ціск на вучобе, не здавацца і да апошняга абараняць свае правы, каб не дазволіць уладам потым казаць пра адсутнасць такога пераследу.
У панядзелак, 21 сакавіка, у Варшаве ўрачыста распачаліся заняткі ўжо пятага пазачарговага набору беларускіх студэнтаў, што перацярпелі пераслед на радзіме.
Іна Кулей гаворыць, што кіраўніцтва камітэта «Салідарнасць» прыкладае ўсе намаганні дзеля дапамогі рэпрэсаваным:
– Па-першае, мы ўвесь час трымаем з імі кантакт. Па-другое, моладзь на праграме імя Каліноўскага альбо на праграме ЕГУ, альбо тыя, хто вучыцца ва Украіне ці іншых краінах – яны ангажаваныя ў сумесныя праграмы. Некаторыя з іх, хто не можа прыехаць, удзельнічаюць у праграмах новай беларускай дыяспары, якую стварыў Павел Марозаў разам са сваімі паплечнікамі. Ёсць праграмы, якія нават у замежжы даюць магчымасць удзельнічаць у справах Беларусі – гэта вельмі важна.
Паводле Іны Кулей, у выніку актыўных дзеянняў лік адлічаных студэнтаў у гэтым годзе ідзе не на сотні, як гэта было ў прэзідэнцкую кампанію 2006 года, а пакуль на дзясяткі. Згодна са звесткамі Камітэта абароны рэпрэсаваных, урад Польшчы ўжо зацвердзіў на гэты год магчымасць атрымання 150 стыпендый для студэнтаў – 50 для дактарантаў і 10 навуковых стыпендый для выкладчыкаў, што патрапілі пад пераслед на працы.
Барыс Гарэцкі, "Радыё Рацыя"