Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Аб’еднаньне”

Часопіс Хрысьціянскага аб’яднаньня беларусаў Вялікабрытаніі выдаваўся ў Лёндане ў гадох 1948-1966.

Рэдкалегія часопіса ўважала, што „элемэнтарная веда аб Беларусах і Беларусі павінна знайсьці месца ў кожным друку” (Беларусы, у: „Аб’еднаньне”, № 7 (16), Лёндан 1949, с. 6), пра што паведамлялася ў артыкул пад назовам Беларусы (тамсама, с. 6-10). Падразьдзел Беларуская мова пачынаўся  сьцьвярджэньнем, што беларуская мова зьяўляецца той прыкметай, якая адрозьнівае беларускі народ ад іншых народаў.

Беларуская мова ў сваім гістарычным разьвіцьці захавала многа стараславянскіх асаблівасьцяў, якія даўно страцілі іншыя ўсходнія славяне. Разам з тым яна вытварыла шэраг новых асаблівасьцяў, якімі розьніцца ад моваў заходніх славян і ўсходніх. Паводле свайго слоўнікавага матэрыялу беларуская мова мае шмат супольнага зь іншаславянскімі мовамі, але вельмі розьніцца ад іх сваім гукавым складам, характарам выгавару цэлага раду гукаў” (тамсама, с. 7). У далейшай частцы публікацыі паведамлялася, што:

Беларуская мова пашырана далёка на ўсход. Карта ўсходняславянскіх дыялектаў, уложаная Маскоўскай Дыялектычнай Камісіяй адзначае, што беларускія дыялекты (гутаркі, гаворкі) пашыраны амаль па ўсёй Смаленшчыне і ў большай часьці Калужскай губэрні. Беларускія ўплывы на расейскія гутаркі адзначаны на гэтай карце амаль у ва ўсёй Пскоўскай губэрні і ў паўднёва-заходняй частцы Цьверскай губэрні.

Беларуская мова ў даўнейшыя часы, калі існавалі беларускія князьствы – Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае і іншыя, а таксама пазьней – у Літоўска-Беларускай дзяржаве – была мовай дзяржаўнай і мовай пісьменства. Ёй гаварылі на вечы, у адміністрацыі, у судзе, ёй гаварылі князі і іншыя кіраўнікі дзяржаўным і грамадзкім xыцьцём. У гэтай мове пісаліся розныя дзяржаўныя акты, законы, граматы, умовы, дакумэнты. (...)

У пару заняпаду беларускай дзяржаўнасьці і культуры – ад 17 да 19 веку – страціла беларуская мова тое значэньне, якое мела раней. У ХІХ в. пачалося беларускае адраджэньне. Адраджаецца палітычна-грамадзкая думка. Адраджаэцца і творыцца беларуская культура і пісьменства. Пішуцца і друкуюцца ў беларускай мове кніжкі, газэты” (тамсама).

Пасьля стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі беларуская мова была фармальна й праўна абвешчана мовай дзяржаўнай і ў некаторай ступені фактычна дзяржаўныя ўлады Савецкай Беларусі яе ўжывалі, стараючыся адначасова яе русыфікаваць.

Рэдакцыя „Аб’еднаньня” задумоўвалася, як пісаць беларускія назовы па-ангельску („Аб’еднаньне”, № 6 (27), Лёндан 1950, с. 16-18).

Кожная мова мае свае асаблівасьці, якія становяць пэўныя цяжкасьці пры перакладзе з яе на другія мовы. Так напрыклад, беларуская мова зьяўляецца зусім фонэтычнай, г.зн. такой, у якой усе словы пішуцца дакладна так, як яны чуюцца пры вымове; ангельская-ж мова ў проціўвагу нашай, – ёсьць абсалютна ня фонэтычнай. (...) Акром таго, кожная мова можа мець свае асаблівыя, для яе толькі характэрныя гукі, якія часта вельмі трудна перадаць дакладна на іншую мову правапісам гэтае мовы” (тамсама, с. 16).

Апрача гэтага, здараюцца й нэдапушчальныя пераклады, як напрыклад назоў Беларусь па-ангельску пісаўся Whiteruthenia. Аўтары задумоўваліся, як гэта было б, калі б напр. беларусы ангельскую мясцовасьць Black Wood назвалі Чорным Борам, а Old Ways Старымі Дарогамі (тамсама, с. 17-18). Трэба таксама зьвяртаць вялікую ўвагу на правапіс прозьвішчаў. На думку Рэдакцыі „Аб’еднаньня”, трэба захоўваць правапіс згодны з пашпартам ці з мэтрыкай нараджэньня.

На старонках „Аб’еднаньня” зьмешчана крытыка Кутка мовы (Больш шкоды чымсь карысьці, у: „Аб’еднаньне”, № 3 (61), Лёндан 1950?, с. 20-24), які паяўляўся на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”. Куток мовы рэдагаваў Янка Станкевіч. У артыкуле пад назовам Больш шкоды чымсь карысьці Цімох Саладуха заўважаў, што „аўтар кутка мовы не зусім добра ведае грэцкую, лацінскую і славянскія мовы, ня кажучы ўжо пра санскрыт з яго старадаўным вэдыйскім дыялектам. Без дастатковай веды гэтых моваў цяжка разабрацца ў морфолёгіі слова” – уважае Цімох Саладуха.

У далейшай частцы публікацыі аўтар прывёў шмат прыкладаў з друку, якія Янка Станкевіч лічыць русізмамі. Адным з гэтакіх лексэм зьяўляецца слова вуглякоп. Янка Станкевіч прапанаваў ужываць слова капач, з чым не пагаджаўся Цімох Саладуха, які пісаў:

Слова вуглякоп зьяўляецца словам складаным – гэта праўда, але чаму гэта мае быць русіцызм? Ці-ж у беларускай народнай мове няма падобных складаных словаў, як: буралом, самаход, ледакол, лесаруб, коламазь і шмат, шмат іншых. Дык чаму-ж нельга сказаць вуглякоп? Яно напэўна будзе для ўсіх зразумелым і ня будзе выклікаць непаразуменьняў, бо адпавядае і лёгічнай інтэрпрэтацыі” (тамсама, с. 21).

Цімох Саладуха крытыкаваў Янку Станкевіча за слова хорма і пісаў:

Трэба ведаць, што беларуская старадаўняя народная мова ня мела ў сваім слоўным запасе аніводнага слова з гукам ф. Гэта, зразумела, ня служыць падставай, каб яго не было і ў сучаснай мове, асабліва мове літаратурнай. Цяпер гэты гук літаратурная мова мае і няма ніякае падставы пісаць хорма, а ня форма. Тым болей у гэтым выпадку, што слова форма не пісалася грэцкай літарай тэта ці фіта, а літарай фі. Грэцкія словы, якія пісаліся цэраз тэту ці як яна вымаўлялася па-старагрэцку – фіта – у беларускай мове перадаваліся ці то цераз хв, як Хведар, Хвядос, ці то цераз х, як Хама. Словы з грэцкай літарай фі перадаваліся цераз п, як Піліп” (тамсама).

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для Беларусі"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение