

Лена Глагоўская
55 гадоваму юбілею тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” была прысвечаная чарговая сустрэча ў межах Беларускіх чацвяргоў, якія ладзіць кафедра беларускай культуры ва Універсітэце ў Беластоку.
Архіўныя матэрыялы, прыклады цэнзуры, якая дзейнічала ў Народнай Польшчы ды аўтографы вядомых беларускіх паэтаў і літаратараў, сярод якіх Уладзімір Караткевіч, Сяргей Новік-Пяюн ды іншыя, прадставіў у часе сустрэчы галоўны рэдактар "Нівы" Яўген Вапа.
Адзін з арганізатараў сустрэчы доктар Лена Глагоўская адзначыла, што "Ніва" цягам 55 гадоў адыгрывае неацэнную культуратворчую ролю.
- Вакол "Нівы" стварылася асяроддзе журналістаў, перакладчыкаў, літаратараў і нават фатографаў і мастакоў. Аказалася, што гэтае асяроддзе “Нівы” спалучае творчых у культурным сэнсе людзей, прытым не толькі ў беластоцкім кантэксце, але і ў замежным таксама. Таксама творцаў эміграцыі, якія пакуль дайшлі да Беларусі публікаваліся таксама на старонках беластоцкай "Нівы".
Першы нумар тыднёвіка "Ніва" пабачыў свет 4 сакавіка 1956 года, за гэты час выйшла не менш за 2800 нумароў выдання. У апошнія гады пры падтрымцы "Нівы" пабачылі свет больш за 45 кніг.
Урачыстае святкаванне 55-годдзя тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” пройдзе ў Беластоку 15 траўня.
Зміцер Косцін, "Радыё Рацыя"