Польскія і чэшскія газеты апублікавалі старонкі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

Ініцыятыва правядзення акцыі "Старонка салідарнасці" належыць Бюро салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю (Варшава). Са старонкай, прысвечанай беларускім палітвязням, 19 лютага выйшлі дзве найвялікшыя польскія газеты Gazeta Wyborcza і Rzeczpospolita.
22 лютага да акцыі далучылася ўплывовая чэшская газета Lidove noviny.

Як паведаміла стваральніца бюро Юлія Слуцкая агенцтву БелаПАН, матэрыялы падрыхтавалі па замове бюро беларускія журналісты. Вядуцца перамовы пра ўдзел у акцыі салідарнасці брытанскіх газет, у прыватнасці Guardian; папярэднія пагадненні ёсць з галандскімі выданнямі.

Юлія Слуцкая раней працавала кіраўніцай Еўрапейскага радыё для Беларусі. У часе выбараў яна супрацоўнічала з кампаніяй "Гавары праўду". Пасля выбараў яна застаецца ў Варшаве. Яна арганізавала там дзейнасць Бюро салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю — нефармальнага прадстаўніцтва аднаго з крылаў беларускай апазіцыі.

"Наша Ніва"