"Нічога надзвычайнага не рабіў — папросту ўмеў прыстасавацца да цяжкіх умоваў"

У ЗША памёр грамадскі дзеяч Уладзімір Набагез, паведаміў «Нашай Ніве» сп. Янка Запруднік.

У ЗША памёр грамадскі дзеяч Уладзімір Набагез, паведаміў «Нашай Ніве» сп. Янка Запруднік.

Набагезы. Справа налева: Уладзімір Набагез, Янка, Ёланда, Андрэй, фота з архіва Аляксандра Адзінца.

Уладзімір Набагез нарадзіўся 20 кастрычніка 1919 г. у Сяльцы на Наваградчыне ў сялянскай сям’і. Яго бацька ваяваў у Першую сусветную ў царскай арміі, зарабіў два Георгіеўскія крыжы.

У. Набагез вучыўся — а яго радзіма ў 1921 г. адышла палякам — разам з Барысом Рагулем, Язэпам Сажычам, Янкам Гутарам у беларускай філіі польскай гімназіі імя Міцкевіча ў Наваградку. Дарэчы быў адзіным хлопцам з Сяльца, хто здабыў сярэднюю асвету (матуру, як тады казалі).

У 1939 г. прызваны ў польскае войска («пратрымалася наша войска некалькі дзён — ішлі ланцугом, бы бараны»), трапіў у нямецкі палон.

Намаганнямі беларускіх дзеячоў быў вызвалены ў ліпені 1941 г. Жыў у Кёнігсбергу, Данцыгу (Гданьску), працаваў пры Беларускім прадстаўніцтве пры нямецкім Арбайтсфронце.

Па сканчэнні вайны паступіў на медыцынскі факультэт Марбурскага універсітэта, уваходзіў у Беларускае студэнцкае згуртаванне. У 1949 г. перабраўся ў Лювенскі універсітэт (Бельгія), які скончыў з дыпломам доктара медыцыны.

У 1956 г. пераехаў у ЗША, працаваў у нью-ёрскім шпіталі, потым распачаў прыватную практыку ў горадзе Уолдэн (Нью-Ёрк), дзе купіў дом і участак зямлі плошчай 1,6 гектара.

У ЗША Набагез пазнаёміўся і ажаніўся з канадкай французскага паходжання Ёландай. У шлюбе нарадзіліся двое сыноў — Янка і Андрэй.

Уладзімір Набагез браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), а ў 1964—1968 гг. кіраўніком нью-ёрскага аддзела. Фундаваў розныя праекты.

Ён пісаў: «Калі часам распавядаю людзям пра сваё жыццё, чую ў адказ: «Ой, як шмат вы дабіліся!»

Не, адказваю, нічога надзвычайнага я не рабіў — папросту ўмеў прыстасавацца да цяжкіх умоваў і перамагчы іх».

“Наша Ніва”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение