Палітыкі і дзеячы культуры Германіі заклікалі вызваліць палітвязняў

У сумесным звароце вядомыя палітыкі і дзеячы культуры Германіі заклікаюць да вызвалення палітвязняў. "Гэта зварот ад імя свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека", гаворыцца ў адкрытым лісце, адрасаваным Аляксандру Лукашэнку.

Ліст апублікавана на сайце www.lasst-sie-frei.de.

У сумесным звароце палітыкі і дзеячы культуры заклікаюць да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. "Безумоўна і неадкладна вызваліце ўсіх палітычных зняволеных", гаворыцца ў лісце на імя Лукашэнкі.

Сярод падпісантаў лідар Сацыял-дэмакратычнай Партыі Германіі СПД Зігмар Габрыэль, лідары Партыі зялёных Клаўдзія Рот і Чэм Оздэмір, кіраўнік ведамства канцлера Германіі Рональд Пофала, Упаўнаважаны па правах чалавека Германіі Маркус Лёнінг, акцёры Ханес Яніке і Джудзіт Докер, рэжысёр Мо Асуманг, міністр-прэзідэнт Брандэнбурга Маціяс Платцэк, лідар фракцыі СПД ў Бундэстазе Франк-Вальтэр Штайнмаер, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Філіп Місфельдэр і дачка зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

Падпісанты закліку разглядаюць арышт як "сур'ёзнае парушэнне асноўных правоў чалавека" і патрабуюць права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Яны таксама выказваюць сваю занепакоенасць з нагоды стану здароўя зняволеных. Лекары, адвакаты і сем'’і зняволеных павінныя, нарэшце, атрымаць магчымасць наведвання палітычных вязняў. "Гэта зварот ад імя свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека, якія з'яўляюцца універсальнымі і непадзельнымі. Гэта зварот ад імя чалавечнасці", пішуць яны Лукашэнку. "Вызваліце вязняў!".

"Хартыя'97"