У Фінляндыі стварылі грамадзянскую ініцыятыву “Free Уладзімір Някляеў"

Паводле словаў пісьменніка і грамадскага дзеяча Юкі Малінена, не выключана, што Фінляндыя запатрабуе выдаць ёй Някляева. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён распавёў пра тое, як падзеі ў Беларусі ўскалыхнулі Скандынавію.

Паводле словаў пісьменніка і грамадскага дзеяча Юкі Малінена, не выключана, што Фінляндыя запатрабуе выдаць ёй Някляева. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён распавёў пра тое, як падзеі ў Беларусі ўскалыхнулі Скандынавію.

— З ініцыятывы дэпутатаў парламента Фінляндыі, дачкі Уладзіміра Някляева Евы і вашай была створаная грамадзянская група “Free Уладзімір Някляеў”. Скажыце, а колькі на дадзены момант людзей уваходзіць у гэтую групу? — Мы зараз збіраем спіс е-мэйлаў. Пакуль у групу ўвайшло чалавек 20, але чакаем, што будзе шмат людзей — распаўсюджваецца інфармацыя праз "Фэйсбук" ды іншымі сродкамі. У фінскім "Фэйсбуку" ёсць шмат інфармацыі пра Уладзіміра, і мы разлічваем, што ў гэтую групу запішацца як мінімум 2 тысячы чалавек. Магу таксама дадаць, што ўчора ў фінскім парламенце выступала каля 10 дэпутатаў. У прыватнасці, Ілка Кантала — старшыня камісіі па правах чалавека фінскага парламента. — На ўчорашнім пасяджэнні парламента абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі ці менавіта лёс Някляева? — Было некалькі пытанняў. Найперш — абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі. Мы глядзелі гэты дакументальны фільм працягласцю 13 хвілін (Пра падзеі 19 снежня на Плошчы – Еўрарадыё). Былі выступы. Пека выступаў (сябра замежнай камісіі парламента — Еўрарадыё), я выступаў, дэпутаты, дырэктар аддзялення па СНД Міністэрства замежных спраў Фінляндыі Ніна Васкулахці, прывітанне перадаў міністр замежных спраў Аляксандр Стуб. Ён, дарэчы, у панядзелак прымаў Еву Някляеву і ў сваім блогу падтрымлівае Уладзіміра і беларускую апазіцыю. Выступаў было шмат. Камісія па правах чалавека парламента Фінляндыі стварае спецыяльную групу па Беларусі. А грамадзянская група будзе — “Free Уладзімір Някляеў”.— Наколькі гэта неардынарная падзея для Фінляндыі — стварэнне такіх груп у падтрымку замежнага грамадзяніна? — Ніна Васкулахці, дырэктар аддзялення па СНД, сказала, што яшчэ ніколі ў іх у Міністэрстве замежных спраў не паступала столькі заклікаў і зваротаў, як па сітуацыі ў Беларусі 19 снежня і наступных падзеях. Трэба дадаць, што тут Уладзімір Някляеў грае вялікую ролю. Ён жыў у Фінляндыі. І не толькі жыў — ён тут выступаў на розных літаратурных імпрэзах, пісаў пра Фінляндыю, у яго вельмі шмат сяброў. Някляева мы лічым сваім прыёмным паэтам, прыёмным грамадзянінам. Існуе такое меркаванне, што калі Лукашэнка мучае Някляева — ён мучае нашага фінскага чалавека, вядомага фінскага паэта. Дарэчы, у нас яшчэ будзе ініцыятыўная група ў Эстоніі. Магчыма, што нават у эстонскім парламенце. Самая блізкая афіцыйная кропка ад нас — гэта беларускае консульства ў Таліне. Мы плануем сумесныя фінска-эстонскія дэманстрацыі “Free Уладзімір Някляеў”. Магчыма, там будзе невялікая пастаянная дэманстрацыя, дзе ўвесь час будуць удзельнічаць і фіны.

— ЕС і ЗША актыўна абмяркоўваюць пытанне ўвядзення санкцый ў дачыненні да Беларусі. А што наконт гэтага думаюць у Фінляндыі? Прынята нейкае рашэнне па ўчорашніх слуханнях у парламенце? — Як вы ведаеце, Еўрасаюз распрацоўвае план сумесных мерапрыемстваў. І Фінляндыя даволі актыўна ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Але тут пытанне: якія санкцыі будуць — максімальныя ці мінімальныя. Мы патрабуем ад нашых уладаў, звяртаемся ў Міністэрства замежных спраў, каб Фінляндыя выступала за больш жорсткія санкцыі. Я разумею, што свет дыпламатыі досыць складаны. Але спадарыня Ніна Васкулахці ў сваім выступе прызнала ў прынцыпе слушнасць патрабавання аб максімальна жорсткіх санкцыях.— Польшча і Чэхія паведамілі, што будуць прымаць уцекачоў з Беларусі, даваць магчымасць вучыцца студэнтам, якіх выключылі з беларускіх ВНУ за ўдзел у акцыі 19 снежня. А якая пазіцыя на гэты конт у Фінляндыі? — Фінляндыя, зразумела, будзе прымаць беларускіх уцекачоў. Увогуле, была прапанова з боку Фінляндыі, каб Беларусь ужо зараз выдала Някляева Фінляндыі на лячэнне і на пастаяннае месца жыхарства.— А ці ведалі вы Някляева, калі ён жыў у Фінляндыі? — Я вёў усе яго справы. Фінскі ПЭН-цэнтр арганізаваў яго пражыванне, і я вёў яго справы — перакладаў, мы разам выступалі. Гэтыя 4 гады фактычна жыў з сям’ёй Някляева. Працы было шмат — мовы ён не ведаў. А да гэтага я два гады вёў справы Васіля Быкава. Я ўдзячны лёсу за магчымасць дастаткова глыбока пазнаёміцца з гісторыяй Беларусі. Гэта мне адкрыла новы погляд на гісторыю Цэнтральна-Усходняй Еўропы. І ў прыватнасці — Фінляндыі. Я зразумеў, наколькі паралельна нашая гісторыя з гісторыяй не толькі Балтыі, але і Беларусі.— Гарачая любоў да лазні ў Някляева нарадзілася пры вашай дапамозе ў Фінляндыі? — Як вы ведаеце, Някляеў часта хадзіў у лазню з кампаніяй сяброў у Мінску. Я нават адзін раз быў там разам з імі. І з’явілася гэтая любоў у яго раней, зразумела. Я быў і ў яго роднай вёсцы. Вы ведаеце, што першасная фінская лазня — гэта лазня па-чорнаму? Яна самая лепшая, самая водарная. У яго на радзіме таксама ёсць лазня па-чорнаму. І тут у Фінляндыі мы шмат хадзілі у лазні. Тыя ж вясковыя: хутар, возера, сала і не толькі сала. Так што фінскую лазню ён засвоіў як след. — Як вы лічыце, ці дапаможа стварэнне такіх ініцыятыў у Фінляндыі хутчэйшаму вызваленню Уладзіміра Някляева? — Я думаю, што дапаможа. Калі міністр замежных спраў будзе сур’ёзна ўздымаць гэтае пытанне ў Еўрасаюзе, АБСЕ і гэтак далей — гэта дапаможа. Але як вы ведаеце, тут шмат залежыць не толькі ад Беларусі, але і ад Расіі. У нас ёсць вялікі досвед адносінаў з Расіяй, як і ў Беларусі. Фінскія дыпламаты і міністр замежных спраў могуць у досыць жорсткай форме патлумачыць Крамлю, што мы будзем ацэньваць не толькі Беларусь, але і часткова Расію па лёсе Някляева, Саннікава ды іншых.

Зміцер Лукашук, "Еўрарадыё"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение