Бахарэвічава “Сарока” загаварыла па-нямецку

У баварскім горадзе Пасаў у папулярным клубе Scharfrichterhaus (Дом ката) 11 студзеня адбылася прэзентацыя нямецкага перакладу кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сарока на шыбеніцы”.

У баварскім горадзе Пасаў у папулярным клубе Scharfrichterhaus (Дом ката) 11 студзеня адбылася прэзентацыя нямецкага перакладу кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сарока на шыбеніцы”. Кніга “Die Elster auf den Galgen” выйшла ў лістападзе 2010 года ў перакладзе Томаса Вайлера ў выдавецтве Leipziger Literaturverlag.

“In circa fünf Minuten ist sie tot. Später, bei der Beerdigung, wird sich ihr Chef dann ein wenig zusammenreißen müssen auf der Suche nach den richtigen Worten…” З гэтымі радкамі адбываецца першае знаёмства нямецкага чытача з творчасцю Альгерда Бахарэвіча. Апошні раз пераклады беларускай прозы з беларускай мовы (без пасярэдніцтва рускай) выходзілі ў Нямеччыне каля 30 гадоў таму, яшчэ за камуністычным часам. Горад Пасаў, размешчаны ў сутоку трох рэк - Дунаю, Іну і Ільцу - на мяжы Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі налічвае каля 50 тысячаў жыхароў, з іх 10 тысячаў - студэнты. Студэнты і прафесары мясцовага ўніверсытэту і склалі асноўную аўдыторыю прэзентацыі, арганізаванай з ініцыятывы Ганны Штэле, студэнткі аддзялення даследаванняў Расіі і Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і супрацоўніцы адмысловай Групы даследавання Расіі. Адкрыў сустрэчу і пазнаёміў прысутных з госцем і ягонай творчасцю загадчык кафедры славянскіх літаратураў і культураў прафесар Дырк Уфэльман. Пасля аўтар і перакладчык чыталі фрагменты кнігі - у арыгінале і ў перакладзе - і адказалі на шматлікія пытанні. Сустрэча працягвалася каля трох гадзінаў.Альгерд Бахарэвіч , аўтар шасці кніг, жыве ў Нямеччыне ад 2007 года. Паасобныя ягоныя творы перакладаліся на польскую, літоўскую, рускую, чэшскую мовы, у 2008 годзе ў Уроцлаве выйшаў у польскім перакладзе зборнік апавяданняў “Талент заікання”. І вось, напрыканцы мінулага года ў Ляйпцыгу выйшаў першы пераклад на замежную мову цэлага раману - ”Сарока на шыбеніцы”. Перакладчык Томас Вайлер паводле адукацыі - славіст, спецыяліст у рускай і польскай мовах і літаратурах. Свой вайсковы тэрмін - паўтара года - Томас правёў на альтэрнатыўнай службе і, як і дзясяткі ягоных маладых суайчыннікаў працаваў у медычнай сістэме Беларусі, у псіхіятрычным шпіталі ў Навінках. Побыт у Мінску Томас Вайлер выкарыстаў для паглыблення сваіх ведаў у галіне русістыкі, але разам з тым адкрыў для сябе новы свет - Беларусь. Там і адбылося яго першае знаёмства з беларускай літаратурай і літаратарамі. Вярнуўшыся ў Нямеччыну, ён вырашыў дапамагчы засвойваць амаль невядомы нямецкаму чытачу літаратурны кантынент. Ягоным першым выбарам сталася Бахарэвічава “Сарока на шыбеніцы”. “Найбольшыя праблемы ўзніклі пры перакладзе трасянкі, - наракае на цяжкасці перакладчык, які выдатна сам гаворыць па-беларуску. - Вырашаць іх даводзілася па-розману. Напрыклад, там, дзе аўтар ужывае трасянку для характарыстыкі людзей, якія гавораць штампаванай канцылярскай мовай, я звярнуўся да моўнага досведу былой ГДР і стылізаваў тыя фрагменты пад мову камуністычных чыноўнікаў”. Томас Вайлер падзяліўся і сваімі далейшымі планамі - ён збіраецца перакласці “паслямову” Альгерда Бахарэвіча да перакладу кнігі Вільгельма Гаўфа “Халоднае сэрца”.

Сустрэчу адкрывае праф. Дырк Уфэльман

Ганна Штэле

x

Госці прэзентацыі (фота: http://rrg-community.blogspot.com)(фота: http://rrg-community.blogspot.com)

Сяргей Шупа, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение