У беларускай амбасадзе ЗША не прынялі хлеб для вязняў

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне прыйшлі да будынка амбасады Беларусі, каб прадэманстраваць салідарнасць з дэмакратычным рухам і патрабаваць вызвалення палітычных вязняў.

Пікет ля беларускай амбасады

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне прыйшлі да будынка амбасады Беларусі, каб прадэманстраваць салідарнасць з дэмакратычным рухам і патрабаваць вызвалення палітычных вязняў. Тыдзень таму амерыканскія беларусы разам з праваабаронцамі сустракаліся з Дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан. Удзельніцай і той сустрэчы, і сённяшняй акцыі ля амбасады была Сябра кіраўніцтва Вашынгтонскага аддзелу Беларуска-амераканаскага задзіночання БАЗА Алеся Сёмуха.

Сёмуха: Вашынгтонскія беларусы прыйшлі сёння да будынка беларускай амбасады, каб патрабаваць вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсій. Наша мэта была не толькі выказаць пратэст, але і прыцягнуць увагу медыяў да брутальных падзеяў, справакаваных рэжымам Лукашэнкі. Мы перадалі сімвалічны хлеб з пісьмовымі патрабаваннямі прадстаўніку амбасады сп.Клімашевічу. Ён запрасіў нас у будынак амбасады. Упаўнаважаны амбасады сп. Краўчанка адмовіўся з намі сустрэцца, спаслаўшыся на занятасць. Сп.Клімашевіч прыняў наш ліст з патрабаваннямі, але хлеб узяць адмовіўся, сказаўшы, што перадаць яго вязням не зможа. У нашай кароткай гаворцы, ён рабіў ціск на дыялог улады з грамадствам, а таксама заклікаў беларусаў Вашынгтона браць удзел у акцыях амбасады, і наадварот – каб мы запрашалі прадстаўнікоў амбасады на нашы імпрэзы. Наша пазіцыя была вельмі сцісла і дакладна выказана у лісце і на словах: дыялогу з турэмшчыкамі быць не можа. Аніякага супрацоўніцтва паміж амбасадай, якая прадстаўляе нелегітымную ўладу, і беларускай дыяспарай быць не можа.Радкевіч: Удакладню, у чым сімвалічны сэнс гэтага хлеба? Гэта своеасаблівы дадатак да той турэмнай пайкі, якая зараз належыцца тым вязням, якія сядзяць у турмах? Сёмуха: Менавіта. І мы спадзяемся, што такая акцыя пройдзе таксама ў іншых краінах.Радкевіч: Наколькі палітыка цяперашняй адміністрацыі Белага Дому адрозніваецца ад папярэдняй? Нагадаю, што пры Бушы быў прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, уведзеныя санкцыі супраць Белнафтахіму. Наколькі сітуацыяй у Беларусі зацікаўленая цяперашняя адміністрацыя?Сёмуха: Нагадаю, што Акт аб Дэмакратыі быў прыняты Кангрэсам ЗША фактычна аднагалосна, без падзелу па партыйнай лініі. Што да цяперашняй адміністрацыі, яе палітычная рыторыка трохі адрозніваецца: большы націск робіцца на дыпламатыю і канструктыўныя ўзаемаадносіны. Але палітычная практыка падобная да тае, што была і за Прэзідэнтам Бушам. Бальшыня рашэнняў па Беларусі прымаецца на ўзроўні Дзярждэпартамэнту. Я не сумняваюся, што адміністрацыя Абамы будзе гэтак жа рашучая ў аднаўленні, а нават і пашырэнні эканамічных санкцый супраць фінансавых інтарэсаў рэжыму. Амерыка трактуе Беларусь як еўрапейскую краіну, а таму і стандарты да яе выстаўляюцца еўрапейскія.Радкевіч: Ці закраналася тэма скансалідаванай амерыканска-еўрапейскай пазіцыі ў часе сустрэчы беларускай дыяспары з Дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан?

Сёмуха: Тэма каардынацыі з Еўропай закраналася. Дзярждэпартамэнт імкнецца мець скаардынаваную палітыку з Еўразвязам і спадзяецца, што цяпер Еўропа падцягнецца да амерыканскага падыходу ў дачыненні да Беларусі. Амерыканцы лічаць, што Еўропа мае болей магчымасцяў ціску на рэжым. І таму гэтым разам яны спадзяюцца, што Еўропа гэты ціск ужыве, а Амерыка падтрымае.

Беларуская дыяспара сустракаецца з Хілары Клінтан 5 студзеня 2011 г.

Радкевіч: ЗША ад 2006 года працягваюць візавыя абмежаванні для беларускіх чыноўнікаў, застаюцца ў сіле і эканамічныя санкцыі да “Белнафтахіму”, хаця ад 2008 дзейнічае мараторый на іх. Якімі маглі б быць цяперашнія санкцыі ЗША і якіх санкцыяў патрабавала беларуская дыяспара пасля падзеяў 19 снежня ў часе сустрэчаў у Белым Доме?

Сёмуха: Мы прапаноўвалі ўжыць больш жорсткія эканамічныя санкцыі супраць фінансавых інтарэсаў Лукашэнкі і яго атачэння. Мы прапанавалі пашырыць абмежаванні на візы на сыноў Лукашэнкі, якія працуюць на рэжым, а таксама паніжэння ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Еўропе. Увогуле, візавыя абмежаванні мусяць быць паглыбленыя да тых, хто праводзіў і планаваў карныя акцыі. І наадварот, для звычайных грамадзян умовы і кошт выезду за мяжу мусіць быць спрошчаны і таннейшы. Мы таксама гаварылі пра больш шырокую падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы, асабліва у рэгіёнах. Радкевіч: Можна дапусціць, што зараз павялічыцца плынь палітычных уцекачоў у ЗША. Якую беларускую дыяспару знойдуць яны за акіянам? Не сакрэт, што асяродак амерыканскіх беларусаў расколаты. Сёмуха: У Вашынгтоне і многіх іншых месцах беларусы аб'яднаныя. Што да Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, дык падзеі ў Беларусі суцішылі баталіі, прынамсі, часова. Незалежна ад таго, як сябры розных аддзелаў БАЗА ставяцца да ўнутранай арганізацыі і кіраўніцтва, іхныя спадзяванні і ідэалы адносна Беларусі аднолькавыя. І стаўленне да рэжыму Лукашэнкі аднолькавае. Незалежна, да якога аддзелу новапрыбылыя далучацца, яны далучацца да беларусаў.

Алена Радкевіч, "Радыё Свабода"