Як дапамагчы Беларусі з замежжа?

Не заставайцеся ўбаку ад беларускіх падзей, нават калі не жывяце ў Беларусі. Піша Аляксандар Чайчыц з Лондана.

Не заставайцеся ўбаку ад беларускіх падзей, нават калі не жывяце ў Беларусі. Піша Аляксандар Чайчыц з Лондана.

Напэўна не я адзін перажыў у апошні месяц гэтыя супярэчлівыя пачуцьці. Мне давялося быць удзельнікам дэманстрацыяў пасьля выбараў у 2006 годзе, але ў 2010 г. давялося сачыць за разьвіцьцём падзеяў праз інтэрнэт на мабільніку. Проста раней я працаваў у Маскве, а цяпер — У Лёндане, і цяпер ня маю магчымасьці сесьці на начны цягнік і наступнай раніцай прачнуцца ў Беларусі. І такіх нас, нешматлікіх неабыякавых беларусаў у замежжы, многа.

З аднаго боку, прадбачу бязглуздыя закіды: «Вы там седзіцё ў сваім замежжы, дык расслабцеся і не вучыце нас жыць» або «Лёгка вам там пікецікамі стаяць, калі не пагражае атрымаць 10 сутак».

З другога боку, жывучы ў дэмакратычнай краіне, грэх не карыстацца легальнымі магчымасьцямі выказваць сваю пазыцыю, якіх пазбаўленыя людзі ў Беларусі: тыя ж дэманстрацыі, звароты, заклікі.

Мы і карыстаемся.

Спантанны пікет адбыўся ў нас у Лёндане самога 19 сьнежня. Потым Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі падрыхтавала і даслала ў дзяржаўныя органы падрабязны мэмарандум аб сытуацыі ў Беларусі. Аўтар гэтых радкоў у сваю чаргу таксама напісаў два лісты: адзін — дэпутату брытанскага парлямэнту і адзін — брытанскаму дэпутату Эўрапарлямэнту, ад чыйго офіса нават атрымаў адказ: «Доктар Тэнак расчараваны, бо нядаўна сустракаўся з амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі, які запэўніваў яго, што выбары будуць свабодныя і справядлівыя і што яны будуць такімі прызнаныя АБСЭ, чаго, на жаль, ня здарылася».

Яшчэ адзін пікет перад амбасадай РБ плянуем на 16 студзеня, на Дзень беларускай салідарнасьці. Проста тое, што адбываецца ў Беларусі ўжо не першы год пры кіраванні А. Лукашэнкі і што абвастрылася пасьля выбараў у снежні 2010 г. — гэта цалкам непрымальна, непрыстойна і лезе ні ў якія рамкі. Проста крыўдна, што Беларусь ператварылася ў злобны Мордор пасярод самага дэмакратычнага і заможнага кантынэнту на плянэце. Проста многім хацелася б туды ўсё ж яшчэ вярнуцца жыць.

Свае заявы зрабіла Рада БНР і беларускія дэмакратычныя групы ў замежжы. Прысьвечаная салідарнасьці беларускай дыяспары суполка, на якой пэрыядычна зьяўляюцца звароты на экзатычных эўрапейскіх мовах, створана ў Facebook.

Калі хтось з шаноўных чытачоў пражывае ў замежжы, заклікаю далучацца да супольных нашых дзеяньняў.

Звароты ў афіцыйныя інстанцыі — гэта карысная рэч, нават калі яна ня мае інтрыгоўнасьці і філіграннай забаўнасьці юрыдычнага тролінгу па мэтадзе Аляксея Навальнага.

Нават калі ўлада краіны, дзе пражываеце, і так актыўна рэагуе на беларускія падзеі (як ЗША, Польшча ці Літоўская Рэспубліка), усё роўна знайдзіце паўгадзіны і складзіце электронны ліст з прапановай ці падзякай і са сьведчаньнем таго, што вы сочыце за падзеямі ў Беларусі і за рэакцыяй дзяржавы свайго пражываньня на гэтыя падзеі. Як падаткаплатнік і законапаслухмяны рэзыдэнт (хай нават і не грамадзянін), вы маеце права патрабаваць ад уладаў, каб яны абаранялі і вашыя інтарэсы.

У сваю чаргу, дзяржава не абавязаная клапаціцца пра праблемы дэмакратыі ў Беларусі, калі гэта не патрэбна людзям, ад якіх яна залежыць, і калі яны ёй пра гэта не кажуць.

Беларуская дыяспара мае нейкія, хоць і абмежаваныя, грашовыя, лабісцкія і інтэлектуальныя рэсурсы. Парайце, як бы яшчэ нам іх лепш выкарыстаць для дэмакратыі ў Беларусі.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение