Акцыі салідарнасці адбыліся ў васьмі гарадах Літвы

Каля 20 маладых літоўскіх лібералаў прыйшлі сёння да прэзідэнцкага палаца ў Вільні на акцыю салідарнасці з беларусамі, якія зазнаюць палітычныя пераследаванні.

"Blood-ushenko", "За дэмакратыю", "За свабодную Беларусь" — было напісана на плакатах удзельнікаў акцыі, якая доўжылася трохі больш за 40 хвілін. Падобныя ж акцыі адбыліся сёння і ў Шаўляй, Каўнасе, Марыямполі, Цяльшай, Радвілішкісе, Алітусе і Лаздзіяй. "Мы хочам выказаць салідарнасць і падтрымаць грамадзянаў Беларусі, якія зазнаюць пераслед", — сказала DELFI адна з арганізатараў акцыі Аўшрынэ Арманайтэ. На пачатку гэтага тыдня арганізацыя  Lietuvos liberalus jaunimas распаўсюдзіла рэзалюцыю, у якой заклікала Сойм, прэзідэнта і МЗС асудзіць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Арманайтэ перакананая, што пазіцыя Літвы мусіць быць больш жорсткай. "Швецыя і Нямеччына жорстка выказаліся, асудзілі і нават маюць намер увесці санкцыі ў адносінах да Беларусі, у той час як пазіцыя Літвы застаецца досыць умеранай. Яна мусіць быць больш жорсткай, тым больш што гэта наш сусед".

“Еўрарадыё”