ЭЗ павінен перагледзіць адносіны з рэжымам у Менску, Б.Камароўскі

Была надзея, але прайшоў сумны спэктакль - такім чынам прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі пракамэнтаваў учарашнія падзеі ў Беларусі. “Я буду схіляць міністра Сікорскага да таго, каб Эўрапейскі Зьвяз прыняў агульную тактыку у адносінах да Беларусі”, сказаў польскі лідар, маючы на ўвазе міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага.

Паводле Браніслава Камароўскага, Эўрапейскі Зьвяз павінен перагледзіць адносіны з рэжымам у Менску. Прэзыдэнт Польшчы лічыць, што рэакцыя беларускіх сілавікоў на мірныя пратэсты павінна быць асуджана. Камароўскі сказаў, што перад выбарамі зь Менску ішлі пэўныя сыгналы аб лібэралізацыі палітычнага жыцьця. Аднак учарашняе зьбіцьцё апазыцыйнага лідара да страты прытомнасьці паставіла кропку на шляху згаданага пратэсту. “У Беларусі безь перамен”, сказаў Камароўскі, парафразуючы назву аповесьці Рэмарка.

У сваю чаргу, паводле старшыні Сэйму Польшчы Гжэгажа Схэтыны, зьбіцьцё й арышт апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта сьведчаць аб тым, што ў Беларусі яшчэ далёка да дэмакратычных і агульначалавечых стандартаў.

polskieradio.pl