У Беластоку адсвяткавалі 80-годдзе Алеся Бапрскага

На 80-годдзе паэта, навукоўца і грамадскага дзеяча Алеся Барскага (сапр.: Аляксандр Баршчэўскі) у Ваяводскі асяродак культуры ў Беластоку прыйшлі больш за сотню людзей.

На 80-годдзе паэта, навукоўца і грамадскага дзеяча Алеся Барскага (сапр.: Аляксандр Баршчэўскі) у Ваяводскі асяродак культуры ў Беластоку прыйшлі больш за сотню людзей.

У час урачыстых прамоў прафесар Тэрэса Занеўская сказала, што 80 гадоў – гэта цыдоўны юбілей, але мы сёння будзем гаварыць, што Алесю Барскаму толькі чатыры разы па 20.

Сам жа Алесь Барскі ў час свайго выступу сказаў, што яго найболей цешыць той факт, што ўсе гады, якія ён пражыў – ён прайшоў іх сумленна. Самае важнае, што яго жыццё вызначылася талерантнасцю і ён ганарыцца тым, што заўсёды добра жыў са сваімі суседзямі.

З лістом ад амбасадара Беларусі ў Варшаве выступіў саветнік па справах культуры. На ўрачыстасці таксама прысутнічаў генеральны консуль Рэспублікі Беларусь, былі лісты ад маршалка Падляшскага ваяводства і ад прэзідэнта горада Беластока.

Перад усім, аднак жа, Алеся Барскага павіншавалі беларускія арганізацыі, што дзейнічаюць на Беласточчыне, паколькі сам Алесь Барскі – сын беластоцкай зямлі, ураджэнец Бандароў. І таму якраз беларускія арганізацыі вырашылі адзначыць і ўшанаваць 80-годдзе паэта Алеся Барскага.

Юбіляр на сустрэчы сказаў:

– Мне шанцавала на сустрэчы з людзьмі – у аграмаднай большасць гэта былі сардэчныя людзі, шчырыя людзі, і старэйшыя, і маладзейшыя. Толькі не гаварыце, што я добра выглядаю і што ў добрым стане. Калі я аднак даведаўся, што 90 чалавек прыслала свае заявы на ўдзел у гэтай сустрэчы, дык не мог адмовіцца і не прыйсці...

Жонка юбіляра, Ніна Баршчэўская, дапоўніла:

– Гэта такое вяртанне да сваіх каранёў, да сваёй бацькаўшчыны. Часта ў нас бывае туга па гэтай зямлі – тут так шмат людзей памятае пра Алеся Барскага ці Аляксандра Баршчэўскага, а прыватна – майго мужа. Гэта вельмі кранальна і я бачыла, што ў яго паяўляліся слёзы ў вачах – ён не хаваў ні гэтых слёз, ні свайго хвалявання... Ён доўга будзе згадваць хвіліны гэтай цеплыні.

Валянціна Лаеўская, "Радыё Рацыя"