Беларусы ЗША ўшанавалі памяць герояў Случчыны і паэткі Ларысы Геніюш

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну і 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш прайшлі ў беларускім асяродку штата Нью-Джэрсі 27-28 лістапада.

Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну і 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш прайшлі ў беларускім асяродку штата Нью-Джэрсі 27-28 лістапада.

Святкаванне 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну

27 лістапада прадстаўнікі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і мясцовай беларускай грамады ўсклалі вянок да помніка палеглым змагарам за свабодную Беларусь на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, аддаўшы даніну павагі "Тым што змагаліся, каб жыла Беларусь". Выступіў з невялікай прамовай дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Вітаўт Кіпель.  Спадарыні Ганна Вайтэнка і Люда Бакуновіч распавялі пра тое, як адбывалася ў 70-я гады закладанне помніка слуцкім змагарам у Іст-Брансвіку. Напрыканцы цырымоніі беларусы ЗША праспявалі "Спі пад курганам герояў". 28-га лістапада ў царкве Святой Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Гайленд-Парку адбылася святочная літургія, падчас якой святар Беларускай Аўтакефальнай Царквы айцец Зінові адслужыў урачыстую паніхіду. З дабраславення святара а 12-й гадзіне ў грамадскай зале беларускай царквы пачаліся мерапрыемствы з нагоды 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну і 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш. Выступілі з прамовамі старшыні аддзелаў БАЗА ў Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку Юрка Азарка і Віталь Зайка. Цікавы момант выступу быў прысвечаны прэзентацыі бел-чырвона-белага сцяга Задзіночання Беларускіх Вайскоўцаў на чужыне са словамі "Незалежнасць" і "Перамога" і лічбамі "1918" і "1947". Сцяг быў зроблены ў 1947-м годзе беларусамі, якія знаходзіліся ў Нямеччыне ў адным з лагероў для "перамешчаных асобаў" у Ўіндышбергерздорфе. У 70-80-х гадах пад ім беларускія ветэраны штогод прымалі ўдзел у  святочных парадах у ЗША.

Пасля было зачытана вітанне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з нагоды Дня Герояў. Распавёў пра слуцкіх змагароў Вітаўт Кіпель, падкрэсліўшы, што яны былі змагарамі за вольную Бацькаўшчыну - за сваю незалежную Беларусь, а не паўстанцамі, як усё яшчэ іх называюць у беларускіх даследваннях тых часоў і ў працах гісторыкаў іншых краін.

Цікавы расповед пра падзеі пачатку 20-га стагоддзя падрыхтаваў сябра Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі Дзяніс Талпека. Падчас расповеду былі зачытаны цытаты з успамінаў непасрэдных удзельнікаў збройнага чыну на Случчыне Антона Сокала-Кутылоўскага, Васіля Русака, Юркі Лістапада, Лявона Рыдлеўскага, Аляксея Кабычкіна.

Ланцужок з мінуўшчыны ў сённяшнія часы працягнуў фільм тэлекампаніі "Белсат" "Слуцкі збройны чын", дзе кадры кінахронікі і расповед пра падзеі 90-гадовай даўніны спляліся з момантамі аднаго з апошніх адзначэнняў угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну на Случчыне.100-годдзе Ларысы Геніюш Другая частка мерапрыемства была прысвечана слыннай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Сяржук Сокалаў-Воюш з сынамі падрыхтавалі праграму, у часе якой можна было пачуць і голас самой паэткі, і песні на яе вершы - у тым ліку ў выкананні сучасных музычных творцаў.

Чыталі вершы паэткі беларуская дзяячка Валянціна Якімовіч і Віталь Зайка. Пра працу над шыльдай, якую ўсталявалі на доме, дзе жыла паэтка, распавёў мастак Алесь Шатэрнік - аўтар і рэалізатар праэкта.

Даследчыца Валянціна Трыгубовіч, якая прыехала з Беларусі як раз у дзень правядзення мерапрыемстваў у Нью-Джэрсі, была, як і Сяржук Сокалаў-Воюш, асабіста знаёмая з Ларысай Геніюш.  Таму яе расповяд быў вельмі змястоўным, эмацыйным і цёплым. Яна на працягу апошняга паўгоду была сябрам арганізацыйнага камітэту па адзначэнні 100-годдзя паэткі ў Беларусі. За гэты час выдадзены новыя тамы з яе творамі - у тым ліку тымі, якія яшчэ не выдаваліся раней у друкаваным выглядзе, праведзены дзесяткі ўрачыстасцяў па ўсёй краіне.

Мерапрыемствы да ўгодкаў  Слуцкага Збройнага Чыну былі арганізаваны аддзеламі БАЗА ўНью-Джэрсі і Нью-Ёрку пры дапамозе Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі. Арганізатары выказваюць удзячнасць за дапамогу ў правядзенні імпрэзы парафіянам і кіраўніцтву царквы Святой Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Гайленд-Парку.

Паводле belmov.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение