
Амерыканскі гісторык даказаў, што дзедам першаадкрывальніка быў Ягайла! Цяпер ён хоча зрабіць аналіз ДНК. Мануэль Роза (Manuel Rosa) ў сваёй новай кнізе даводзіць, што выкрыў таямніцу паходжання першаадкрывальніка Амерыкі. Ён абвяргае ранейшыя тэорыю, што Хрыстафор паходзіць з італьянскай Генуі.
У сваёй працы "Калумб. Ніколі не казаная гісторыя" („Colon. La Historia Nunca Contada”) амерыканскі гісторык партугальскага паходжання, прааналізаваўшы сярэдневечныя дакументы і хронікі, даводзіць, што ягоны бацька — прыгодніцкі кароль Уладзіслаў III, а дзед — кароль Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага Ягайла.
Нагадаем, бацькам Ягайлы быў Альгерд, маці — князёўна Ўльяна Цвярская. У 1385 годзе ў замку Крэва (цяперашні Ашмянскі раён) ён заключыў унію паміж Польшчай і ВКЛ.
Паводле Мануэля Розы, сын Ягайлы, польскі кароль Уладзіслаў III не загінуў у бітве з туркамі ў 1444 годзе, але збег і пасяліўся на партугальскай Мадэйры. Там ён ажаніўся з заможнай партугалкай і стаў бацькам Калумба.
Гэтая тэорыя дапамагае зразумець, чаму Калумб ажаніўся на заможнай партугальскай арыстакратцы, і іх шлюб быў зацверджаны партугальскім каралём, перакананы Мануэль Роза. Да таго ж, герб Калумба падобны на герб Уладзіслава. Ды і сам вандроўнік выглядаў усходнееўрапейцам: са светлай скурай і блакітнымі вачыма. Сам ён хаваў сваё паходжанне, каб не выкрыць свайго бацьку.
Каб давесці сваю тэорыю, даследчык хоча параўнаць ДНК Ягайлы (запыт ужо сікраваны ў Кракаў) і сыноў Калумба, пахаваных у Севільі.
Вынікі даследавання ўжо падтрымалі іншыя гісторыкі. "Гэтая кніга назаўжды зменіць наш погляд на сваю гісторю", падаюць СМІ словы партугальскага гісторыка Жазэ Карласа Каласанса (José Carlos Calazans).
Андрэй Елісееў, "Еўрарадыё"