Беларусы Канады адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

Згуртаванне Беларусаў Канады традыцыйна, пачынаючы з ужо далёкага 1949 года, арганізавала святочную імпрэзу, прысвечаную на гэты раз 90-м угодкам Слуцкага Збройнага чыну.

Бел-чырвона-белы канадскі і бел-чырвона-белы беларускі сцягі салютавалі шматлікай людской хвалі, што сцякалася раніцою 28 лістапада да будынка Беларускага Грамадска-Рэлігійнага Цэнтра Таронта - сталіцы канадскай правінцыі Антарыё. Згуртаванне Беларусаў Канады традыцыйна, пачынаючы з ужо далёкага 1949 года, арганізавала святочную імпрэзу, прысвечаную на гэты раз 90-м угодкам Слуцкага Збройнага чыну. Урачыстасці пачаліся з богаслужбы ў беларускай царкве Святога Кірылы Тураўскага, што на Сэнт-Клэрэнс авеню.

Япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі СвятаслаўСьвятаслаў прачытаў малітву за Герояў-случчакоў, узняўшыхся на абарону Бацькаўшчыны ад расійска-бальшавіцкай навалы.

Урачысты сход у галоўнай залі Цэнтра, аздобленай бел-чырвона-белымі сцягамі, выяваю Пагоні, старажытнымі гербамі беларускіх гарадоў, распачала старшыня Галоўнай управы Згуртавання Беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка. Пасля ўступнага слова прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Слуцкіх Герояў. Было зачытана вітанне ў адрас сходу ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

У расповедзе пра падзеі, што адбыліся на Случчыне 90 год таму, асноўная ўвага была засяроджана на палітычых умовах, у якіх апынулася Беларусь падчас Польска-Расійскае вайны, наступствам, спатканым Бацькўшчынай пасля злачыннай Рыжскай дамовы, у выніку якой нашая краіна аказалася разарванай на дзве часткі.

Паўстанне выбухнула ў цэнтры Беларусі, дзе насельніцтва мела ці не найвышэйшы ўзровень нацыянальнай свядомасці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. Людзі былі з’яднаныя беларускай мовай, беларускай гісторыяй, беларускай зямлёй, беларускай культурай. Тады паўсталі не проста сяляне, зарганізаваныя інтэлігенцыяй. То было паўстанне ўсяго Беларускага Народа.

На заканчэньне праграмы ўдзельнікі ўрачыстасцяў пазнаёміліся з цікавай стужкай Белсату пра Слуцкі Збройны чын.

Паводле Алеся Ката, Таронта