У Лондане аднавілі помнік на магіле Лявона Рыдлеўскага

Адкрыццё адноўленага надмагільнага помніка інжынеру Лявону Рыдлеўскаму адбылося 27 лістапада на могілках Гэмпстэд у Лондане. Багаслужбу правёў айцец Сяргей Стасевіч.

Адкрыццё адноўленага надмагільнага помніка інжынеру Лявону Рыдлеўскаму адбылося 27 лістапада на могілках Гэмпстэд у Лондане. Багаслужбу правёў айцец Сяргей Стасевіч. А пазней у Беларускім доме Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі правяло ўрачыстае пасяджанне ў памяць ваяроў Слуцкага збройнага чыну.

Лявон Рыдлеўскі быў адным з самых маладых удзельнікаў Слуцкага паўстання. У 1920 годзе яму было толькі 17 гадоў. Пасля таго, як паўстанне было задушана, ён вучыўся ў Празе, дзе быў адным з удзельнікаў беларускага студэнцкага руху. А ў канцы 20-х гадоў ён разам з Міколам Абрамчыкам выехаў у Францыю. Адзін з актывістаў беларускай дыяспары ў Лондане, сябра Рады БНР Мікола Пачкаеў: “У лёсе Лявона Рыдлеўскага ўвасобіўся трагічны лёс усіх змагароў за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў адным з наймаладзейшых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Ён пайшоў ваяваць за незалежнасць БНР, калі яму было 17 гадоў. І яго біяграфія поўная вельмі незвычайных фактаў. У 1940 годзе ён змог дамагчыся дазволу для беларусаў ваяваць у французскім войску ў складзе спецыяльнага легіёну. Ён быў толькі адным з каля сарака жаўнераў, якія засталіся пасля сутыкнення з Вэрмахтам, але правёў усю Другую сусветную вайну ў партызанцы. Пасля вайны ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратавання каля двухста беларусаў з Даніі ад выдачы сталінскаму ўраду. Свой жыццёвы шлях ён скончыў у Лондане”. Сярод тых беларусаў, якіх уратаваў Рыдлеўскі, была і Івонка Сурвілла:Сурвілла : “Я памятаю Лявона Рыдлеўскага з Парыжа. Калі мы туды прыехалі, мне было толькі 12 гадоў. Ён нас спаткаў. Ён тады намі апекаваўся. Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыезджых беларусаў у Парыжы. Усім памагаў. Жыў вельмі цяжка, але быў сапраўды адданы свайму народу.

Я сёння прыехала ў Лондан спецыяльна на адкрыццё помніка на ягонай магіле. Прыехала таму, што я захопленая гэтым чалавекам і памятаю яго як цудоўнага беларуса. Ён быў не толькі случчаком, але быў таксама і ў французскай рэзыстанс, змагаўся супраць фашыстаў. Ён дзякуючы сваім знаёмствам быў здольны шмат-шмат памагчы беларусам. Для мяне было шчасцем прысутнічаць тутака сёння на адкрыцці помніка”.

Сяргей Навумчык, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение