Міфы Андрасюка пра родную Гайнаўку

“Вагон другога класа” па-польску і “Вуліца добрай надзеі” па-беларуску, дзве кнігі Міхася Андрасюка былі прадстаўлены на суд жыхароў Гайнаўкі, роднага горада аўтара.

Чытанне фрагментаў кніг, сяброўская гутарка стварыла адмысловы настрой, у якім, як падкрэсліў мастак Яраслаў Пэршка, праявілася душа аўтара:

- Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад Міхася Андрасюка - ад яго мыслення, ад яго спосабу жыцця. Чалавек ён вельмі пачуццёвы, напраўду, цудоўны. Бо тая пачуццёваць пераважае - няма пыхі, а яго сціпласць сведчыць пра яго вялікасць.

Галіна Андрасюк: - Не заўважаем, калі ён піша. Часамі ўстае рана, збіраецца да працы, і ад 4-й сядзіць і піша. Часам піша ўвечары. Неяк затым і на кніжку збіраецца тых тэкстаў.

Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: - Ехаў гарадскім аўтобусам і зачытаўся кнігай "Вагон другога класа". І забыў закампасіраваць білет. І на самым цікавым месцы падыходзіць пан кантралёр і гаворыць: білеты да кантроля. А я так зачытаўся, што і забыў скасаваць білет. Гэта каментар да таго, што кніжка мяне захапіла, бо напісана добра. У кнізе чутны смакі, пахі, свой клімат. Мне нават захацелася прыехаць да Гайнаўкі і шукаць сляды тых падзеяў, пра якія піша ў кнізе Андрасюк. І вакзал, і рэстарацыя пры вакзале, і мясціны веласіпедных прагулак. Мару і планую, каб тое сфільмаваць, каб паводле кнігі паўстаў фільм. Бо, па-майму перакананню, гэтая кніга - файны матэрыял для добрага фільма.

Першая прэзентацыя найноўшых кніг Міхася Андрасюка ў родным горадзе адбылася ў Беларускім музеі, чарговая пройдзе ў гарадской бібліятэцы.

Наталля Герасімюк, "Радыё Рацыя"