У Вільні адкрылі выставу беларускага сучаснага мастацтва + фота

Выстава з правакацыйнай і адначасова інтрыгуючай назвай “Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння” адкрылася ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва ў Вільні. Гэта першая прэзентацыя беларускіх мастакоў у Літве і, мабыць, першая падзея беларускага мастацтва такога маштабу, ад самых дзевяностых.

У экспазіцыю ўвайшлі працы як мастакоў з Беларусі, так і беларускіх творцаў, якія жывуць і працуюць за мяжой. На думку асістэнта праекта Ганны Самарскай, тое, што першая выстава такога кшталту праходзіць ў Вільні – вельмі натуральна.Ганна Самарская: “Мне ўвогуле падаецца вельмі натуральным тое, што першая выстава – такая прэзентацыя беларускага мастацтва – ладзіцца непасрэдна ў Вільні… Сюды могуць прыязджаць і беларусы – паглядзець на беларускае мастацтва, і замежнікі. Значыць, у прынцыпе, вось гэты факт, што выстава праходзіць тут, цалкам відавочна падкрэслівае тое, што да нас ёсць цікаўнасць.” Куратарам выставы выступіў супрацоўнік Цэнтра Сучаснага Мастацтва ў Вільні Кястутіс Куйзінас. Гэта быў яго першы досвед працы менавіта з беларускім мастацтвам, але сапраўды годны: падбіраючы матэрыял для будучай выставы, ён не звяртаў увагу ні на ўзрост мастакоў, ні на іх папулярнасць. Як вынік, у праекце апынулася шмат маладых, яшчэ невядомых шырокай аўдыторыі, але цікавых і арыгінальных творцаў. Кансультантам і каардынатарам мерапрыемства з беларуска боку выступілі Таццяна Бембель і Ірына Стальная. “Я мяркую, што, можа быць, мы перабольшваем некаторыя праблемы, апраўдваючы сваю інертнасць. Мне захацелася, неяк убачылася перспектыва, магчымасць рэалізацыі – былі зробленыя нейкія крокі ў гэтым напрамку – і вось яны атрымалі адказ” , – кажа Таццяна Бембель. На думку арганізатараў і наведвальнікаў выставы, рэалізаваць такі праект ў Беларусі атрымалася б наўрад ці – з-за адсутнасці адпаведнай арт-пляцоўкі.Ганна Самарская: “У нас няма такіх залаў, як мінімум, для такой вялікай экспазіцыі. Па-другое у нас дамініруе прынцып “міжсабойчыку” – тут жа прадстаўлены людзі з розных “тусовак”, фатаграфічных, мастацкіх, нейкіх іншых – у прынцыпе такі непрадузяты падбор”.

Ліна Ліс, "Еўрарадаё"