Скончыў працу 14-ы літаратурны семінар Бязмежжа + фота

На Падляшшы завяршыўся 14-ы літаратурны семінар Бязмежжа, у якім прымалі удзел беларускія пісьменнікі, перакладчыкі, журналісты, выдаўцы, даследчыкі з Польшчы і Беларусі.

Сёння ўдзельнікі знаёміліся з мастацкай галерэяй імя Тамары Саланевіч у Нараўцы, а таксама наведалі Беларускі музей ў Гайнаўцы.

Па словах арганізатара - рэдактара тыднёвіка "Ніва" Яўгена Вапы, праграма сёлетняга мерапрыемства выканана поўнасцю, і ужо ёсць планы на будучыню:

- Здзейсніліся ўсё планы звязаныя з выдавецкай дзейнасцю і гэта самае галоўнае, усё, што запланавалі разам з Барысам Пятровічам у гэтым годзе прайшло выдатна і я з гэтага проста цешуся. У наступным годзе хочацца яшчэ дзве-тры такія кніжкі паказаць, асабліва ў апошнім часе мы бачым Міру Лукшу яна ёсць паэткай, выдадзім яе зборнік. Каб наступныя нумары "Дзеяслова" былі больш поўнымі нашымі беластоцкімі пісьменнікамі.

Падчас сёлетняга Бязмежжа былі прэзентаваныя новыя выданні як з Беларусі так і з Падляшша, між іншым кніга Міхася Андрасюка, адна выдадзеная ў Польшчы па-польску, другая, выдадзеная ў Беларусі па-беларуску, а таксама найноўшая кніга Ганны Кандрацюк-Свярубскай "Дзядоўскае турнэ з Анатолем С."

Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя, фота аўтара.

* * *

Беларускія пісьменнікі, перакладчыкі, журналісты, выдаўцы з Беларусі і Польшчы сабраліся на Падляшшы, каб абмеркаваць сённяшнюю сітуацыю беларускай літаратуры, выдавецкай справы, каб абмяняцца досведам і выпрацаваць планы супольных дзеяннў на будучы год.

Галоўны рэдактар часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет” Юлія Цімафеева прыбыла на літаратурны семінар "Бязмежжа" з акрэсленымі мэтамі.

- Я хацела б прадставіць свой часопіс, які на дадзены момант адзіны часопіс цалкам прысвечаны замежнай літаратуры на беларускай мове. Думаю, што жыхарам Падляшша было б таксама цікава далучыцца да прыкладаў сусветнай літаратуры па-беларуску, - паведаміла рэдактарка.

Юлія Цімафеева спадзяецца знайсці перакладчыкаў для часопіса “Прайдзісвет”, якія маглі б перакладаць на беларускую творы польскіх пісьменнікаў.

Галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч, сталы ўдзельнік "Бязмежжа" зазначае, што кожны раз семінар дае нешта новае.

Не перастаю здзіўляцца, як удаецца Яўгену Вапу і ягоным сябрам так цудоўна арганізаваць гэты фестываль, сустрэчы літаратурныя беларусаў з абодвух бакоў мяжы; кожны раз здзіўляць нечым. Штораз для мяне я знаходжу тут новыя веды, пачуцці, - распавёў Барыс Патровіч.

Літаратурны семінар будзе доўжыцца да нядзелі ўключна. У праграме, між іншым, наведванне Беларускага музея ў Гайнаўцы, галерэі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы.

* * *

Прачытаць свае творы, паслухаць іншых, абмеркаваць сітуацыю беларускай літаратуры і выдавецкай справы па абодвух баках мяжы, запланаваць супольныя праекты – такія задачы стаяць перад удзельнікамі 14-га літаратурнага семінара "Бязмежжа". На думку старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча наспеў час уцягнуць у шырокі працэс літаратурнага абмену розныя інстытуцыі культуры і адукацыі.

- Мне здаецца, што мы, як з аднаго боку мяжы, так і з другога, гатовы да літаратурных дэсантаў, да кантактаў з Гайнаўскім, Бельскім ліцэямі, Беластоцкім універсітэтам і тымі асяродкамі, якія, на жаль, як і ва ўсім свеце, крышку менш, і штораз менш, чытаюць, а тыя што чытаюць, можа, крышачку менш штораз чытаюць па-беларуску. Мне здаецца, мы сёння маем выклік нашым прафесійнасцям, нашым здольнасцям - быць пачутымі і прымусіць сябе чуць, інакш трэба мяняць прафесію і саступіць тым, хто зробіць гэта лепей.

Напярэдадні ўдзельнікі семінара наведалі Беларускі ліцэй у Бельску Падляшскім, у праграме візіту таксама сустрэчы з выдаўцамі беларускай літаратуры на Падляшшы, з даследчыкамі і гісторыкамі. Семінар патрывае да нядзелі ўключна.

Наталля Герасімюк

Фота Аляксандра Максімюка

"Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение